Па добрай традыцыі, у апошнія дні 2024 года карэспандэнты раёнкі пацікавіліся ў землякоў, кіраўнікоў устаноў і арганізацый, прадстаўнікоў дэпутацкага корпусу і грамадскіх арганізацый, якім для іх быў год адыходзячы і што чакаюць ад новага, 2025-га.
Ганна ПЫРКО, старшыня Пціцкага сельскага Савета:
– Для дэпутацкага корпуса краіны 2024 год быў вельмі адказным. 25 лютага адбыўся Адзіны дзень галасавання, па выніках якога я, заручыўшыся падтрымкаю землякоў, была абрана на пасаду старшыні Пціцкага сельскага Савета. Я шчыра ўдзячна ўсім за давер і падтрымку.
Сёлета мы чарговы раз сталі пераможцамі штогадовага раённага спаборніцтва за дасягненне найлепшых паказчыкаў у рабоце ў 2023 годзе па добраўпарадкаванні і навядзенні санітарнага парадку ў населеных пунктах, а таксама па падтрыманні дзяржаўных сацыяльных стандартаў на падведамаснай тэрыторыі сярод сельскіх Саветаў. Мы разам з усёй краінай адзначылі знакавую падзею – 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 85-годдзе ўз’яднання беларускага народа. Мы многа працавалі на зямлі, наводзілі парадак у населеных пунктах і на месцах памяці. Нельга не згадаць, што адыходзячы год прайшоў пад знакам якасці.
Адзначу, што для нас усіх вельмі важна якасна выконваць сваю работу, тыя службовыя абавязкі, якія на нас ускладзены. Усё таму, што ад якасці залежыць многае: узровень жыцця кожнага з нас і агульны дабрабыт дзяржавы, наша бяспека і далейшае развіццё.
Чаго чакаю ад года надыходзячага – у першую чаргу міру і згоды ў грамадстве, з усім астатнім, як паказвае час, мы, беларусы, справімся. 2025 – год выбараў Прэзідэнта краіны, і я ўпэўнена, што кожны з нас зробіць выбар на карысць мірнага паступальнага развіцця Беларусі. У надыходзячым годзе жадаю ўсім моцнага здароўя, плённай працы і сямейнага дабрабыту.
Людміла ХІЛЬМАН, дырэктар ДУА “Гімназія горада Петрыкава”:
– Год, як звычайна ў нашай установе, быў насычаны значнымі падзеямі і істотнымі перамогамі. Па выніках штогадовага конкурсу наша ўстанова прызнана пераможцай раённых спаборніцтваў сярод устаноў сацыяльнай сферы.
Выпускнікі гімназіі сёлета ўдзельнічалі ў рэспубліканскім свяце Апошняга школьнага званка ў горадзе-героі Брэсце – гэта быў новы для нас і нашых навучэнцаў вопыт.
Па выніках навучальнага года мы маем трох залатых медалістаў, трох пераможцаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, стыпендыята спецыяльнага Фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, два стобальныя сертыфікаты на ЦТ, пераможцаў у конкурсе даследчых работ, узышоў на чарговую “вяршыню” наш узорны тэатральны калектыў “Купалінка” – усё гэта уклад педагагічнага і вучнёўская калектыва ў Год якасці, пад эгідай якога мы сёлета ажыццяўлялі сваю дзейнасць.
Шмат было зроблена ў пытанні патрыятычнага выхавання нашых вучняў: гэта і адкрыццё спецыялізаванага кабінета ва ўстанове, і цеснае супрацоўніцтва з пагранзаставамі Гомельшчыны.
Зразумела, што гэта толькі частка нашых штодзённых добрых і карысных спраў, якія арганізаваны ў гімназіі дзеля ўсебаковага развіцця нашых вучняў, а таксама росквіту і працвітання нашай краіны і роднай Петрыкаўшчыны.
Мае пажаданні калегам і землякам наўрад ці будуць арыгінальнымі: згоды і дабрабыту ў сем’ях, здароўя і святочнага настою на ўвесь год. А што да іспытаў і выпрабаванняў, якія нам даюцца, то няхай яны здараюцца толькі для таго, каб мы яшчэ з большым інтузіязмам браліся за справу і перамагалі. Са святам, калегі, з Новым годам!
Іван ТОРЧЫК, дырэктар ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас”:
– Адыходзячы год быў няпростым для лясной галіны краіны: ліпеньскі разгул стыхіі нанёс істотны ўрон лясной гаспадарцы. Прыемна, што самаадданая праца нашых спецыялістаў па ўхіленні наступстваў урагану заўважана і адзначана на ўзроўні краіны: днямі Мікалай Бельскі і Аляксандр Гурын, вальшчыкі лесу з Капаткевіцкага лясніцтва, і Міхаіл Коўшар з Мышанскага лясніцтва адзначаны ўзнагародамі аблвыканкама і РУП “Гомельэнерга”.
Пры актыўным супрацоўніцстве з насельніцтвам раёна, у тым ліку моладдзю і школьнікамі, мы аднаўлялі лясы, павялічвалі насенны фонд нашых гадавальнікаў, умацоўвалі матэрыяльна-тэхнічную базу ўстановы – працавалі многа і, галоўнае, якасна на карысць роднага лясгаса і ўсёй лясной галіны краіны. Па выніках года маем неблагія паказчыкі, аднак самазаспакойвацца не збіраемся – ёсць задачы, выкананне якіх мы павінны забяспечыць у кароткатэрміновай перспектыве.
А пажаданні мае будуць даволі простыя, але шчырыя: мірнага неба над роднай Беларуссю, шчасця кожнай сям’і і здароўя ўсім беларусам.
Аляксей КАЮКАЛА, старшыня райарганізацыі ветэранаў спорту і фізічнай культуры:
– Азіраючыся назад і даючы ацэнку адыходзячаму году, скажу так: ветэраны спорту пражылі яго годна, ярка, вынікова.
Так, другі год запар наша ветэранская арганізацыя бліскуча прадставіла сябе на абласных спаборніцтвах, і калі ў мінулым годзе мы былі другія, то сёлета наш раён стаў пераможцам абласной спартакіяды сярод грамадскіх арганізацый ветэранаў фізічнай культуры і спорту.
Штогод прымаем удзел у конкурсе-аглядзе на лепшую арганізацыю работы і другі год мы ўтрымліваем пазіцыю лідара гэтага важнага ў плавананні і арганізацыі работы ветэранскай арганізацыі конкурсу.
Прыемна адзначыць, што з кожным годам шырэюць шэрагі нашых членаў, гэта сведчыць пра тое, што слаўныя спартыўныя традыцыі на Петрыкаўшчыне жывуць і развіваюцца.
Сёлета мы адкрылі для сябе новы фармат міжраённага ўзаемадзеяння з калегамі з Жыткавічаў і правялі адкрытую спартакіяду і ў нашым, і ў суседнім райцэнтры. Цікавы вопыт, які ўмацаваў нашыя сувязі і даказаў яшчэ раз: у спорта няма межаў.
Важнай падзеяй спартыўнай галіны раёна лічу адкрыццё на базе “ФАК “Прыпяць” музея спартыўнай славы Петрыкаўшчыны, які, між іншым, з’яўляецца адзіным падобным аб’ектам на тэрыторыі Гомельскай вобласці.
Мае пажаданні землякам у надыходзячым годзе будуць такія: зразумела, моцнага здароўя – гэта, бадай, галоўная складаючая шчаслівага і паўнавартаснага жыцця кожнага чалавека, актыўнага даўгалецця, сямейнага дабрабыту і радасці ў кожным дні.
Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий