Напярэдадні 80-й гадавіны перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне ў Мінску быў адкрыты Міжнародны выставачны цэнтр. Значымасць падзеі абумоўлена яшчэ і тым, што ў ім прымаў удзел Кіраўнік дзяржавы, непасрэдны ідэйны натхняльнік з’яўлення ў сталіцы падобнага аб’екта.
Сваім меркаваннем з нагоды гэтай падзеі дзеліцца намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандра Янчанкава, якая курыруе пытанні эканомікі:
– Без перабольшання, Мінскі міжнародны выставачны цэнтр, адкрыты напярэдадні Дня Перамогі, стаў яскравым узорам яшчэ адной перамогі беларусаў, на гэты раз мірнай.
Гэта адзін з тых аб’ектаў, якія даюць нам магчымасць годна дэманстраваць замежным гасцям і ўрадавам дэлегацыям здабыткі і напрацоўкі суверэннай Беларусі ў галіне эканомікі і іншых сферах.
Аднак яшчэ каштоўней той факт, што гэта адкрытая для наведвання пляцоўка. Таму, як справядліва зазначыў наш Прэзідэнт, яе павінны наведаць і мы, беларусы, дзеля ўласнага ўсведамлення ўзроўню росквіту і развіцця краіны за апошнія 30 гадоў.
“Калі мы не будзем ствараць аб’екты будучыні, мы будзем уразлівыя”, – справядліва зазначыў Кіраўнік дзяржавы.
Сапраўды, яны стымул для далейшага развіцця, для стварэння новых высокатэхналагічных прадуктаў і іх наступнай прэзентацыі.
А яшчэ, як неаднаразова зазначаў Прэзідэнт, якасць павінна стаць брэндам нашай краіны. І не дарма гэта пяцігодка будзе пяцігодкай якасці. Сваю задачу сёння бачым у тым, каб памнажаць эканамічны і культурны патэнцыял краіны і Петрыкаўшчыны. Нам таксама ёсць чым ганарыцца, што прэзентаваць на рэспубліканскіх пляцоўках. Так, ужо неаднаразова асобныя прадпрыемствы і ўстановы раёна, такія як ДРАЦ “Пціч”, ДЛГУ “Петрыкаўскі лясгас”, ДУК “Раённы Дом рамёстваў”, “Нацыянальны парк “Прыпяцкі”, прымалі годны ўдзел у прадстаўленні патэнцыялу Гомельскай вобласці ў прэзентацыйна-выставачнай зале “Гомельшчына стваральная” гандлёвага цэнтра “Першы нацыянальны гандлевы дом”. Падобныя мерапрыемствы, па маім меркаванні, лепшы стымул для працоўных калектываў і непасрэдна для саміх рэгіёнаў дзеля наступнага паступальнага развіцця і прымнажэння здабыткаў эканамічнага і культурнага патэнцыялу краіны.
Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий