У раённым Доме культуры прайшло святочнае мерапрыемства з нагоды Дня маці.
Мерапрыемства адкрыў ваенны камісар Петрыкаўскага раёна Аляксандр Адамоўскі, які падзякаваў жанчынам-маці за выхаванне дзяцей, пажадаў дабрабыту і шчасця.
– Гэты дзень – выдатная магчымасць выказаць нашу любоў і падзяку самаму важнаму чалавеку ў нашым жыцці. Цяпло яе сэрца, далікатныя рукі вядуць нас па жыцці. Маці падтрымлівае на жыццёвым шляху, засцерагае і клапоціцца, дае сілы, дапамагае пераадольваць цяжкасці і нягоды.
Сучасны свет, як ніколі, востра адчуваецца ў пытаннях павышэння прэстыжу сямейных каштоўнасцяў, абароны мацярынства і дзяцінства, падтрымкі шматдзетных бацькоў. Менавіта таму ў нас асаблівае стаўленне да Дня маці – гэта адно з самых значных і дарагіх свят для кожнага чалавека, – адзначыў Аляксандр Рыгоравіч.
Канцэртная праграма прапанавала слухачам разнастайныя творчыя нумары. Кожны з іх – душэўнасць, артыстызм і харызма. Пад апладысменты залы на сцэну выходзілі выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці, дзіцячых гарадскіх садкоў №3,7,5, танцавальны калектыў “Брадвей”, ансамблі “Надзея”, “Феерыя”, вакальны квартэт раённага Дома культуры. Застануцца надоўга ў памяці творчыя падарункі ад Ульяны Рак, Агаты Рудзько, Яўгеніі Жукоўскай, Вікторыі Купрэй, Таццяны Курчыч, Анастасіі Галіцкай, Таццяны Туравец, Яніны Карабец, Анатолія Рудзько, Елізаветы Смірновай.
Мерапрыемства стала прыемным падарункам для жанчын розных узростаў і прафесій, якім пашчасціла стаць маці.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий