Напэўна, кожны з нас хоць раз у жыцці чуў фразу: “Знайдзі сабе справу па душы, і табе больш не прыйдзецца працаваць ні дня”. Гэты выраз можна з упэўненасцю аднесці да Кацярыны Жукоўскай, якая некалі вырашыла звязаць сваё жыццё з прафесіяй настаўніка.
Кацярына Міхайлаўна – малады спецыяліст, якая ў гэтым навучальным годзе прыступіла да працы ў ДУА “Гімназія г. Петрыкава”.
– Ведаеце, нас з гэтай школай многа чаго звязвае, – пачала свой аповед Кацярына. – Справа ў тым, што тут прайшлі лепшыя гады майго школьнага жыцця. Сюды мне і захацелася павярнуцца пасля вучобы, так і склаўся мой лёс.
Нарадзілася я ў Петрыкаве, гэты горад для мяне – мая малая радзіма. У школе была актыўнай дзяўчынкай. Калі гаварыць пра любімыя прадметы, то заўсёды цягнула неяк больш да моў, асабліва да англійскай, хаця падабалася і хімія. Перад паступленнем выбар спыніўся паміж дзвюма прафесіямі: юрыст ці лінгвістычная спецыяльнасць (англійская мова). Плённа пачала рыхтавацца да паступлення: наведвала факультатывы па гісторыі і мовах. Чаму ўсё ж такі абрала лінгвістычную спецыяльнасць? Напэўна, на гэта паўплывала крыху мая цётка, якая з’яўляецца настаўніцай рускай мовы і літаратуры. Адразу скажу, што мае бацькі не звязаны ніяк з прафесіяй настаўніка, але ў маім выбары поўнасцю мяне падтрымалі. За гэта я ім вельмі ўдзячна.
І вось пасля школы я паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны на факультэт замежных моў, спецыяльнасць англійская і французская мовы. Многія гаварылі, што першы курс будзе складаны, бо ты толькі пачынаеш самастойнае жыццё, але не магу сказаць, што вучоба ва ўніверсітэце далася мне цяжка, бо вучылася я з задавальненнем. Калі табе падабаецца спецыяльнасць, наўрад ці ўзнікнуць цяжкасці. Яшчэ я ўдзячна ўніверсітэту за добрых людзей, з якімі я пазнаёмілася падчас вучобы. Вельмі важна, каб побач знаходзіліся людзі, якія цябе натхняюць і дапамагаюць, тады і вучоба неяк весялей праходзіць.
Калі прыйшоў час выбраць месца работы, не задумваючыся вярнулася ў родную гімназію. Калегі, у нядаўнім мінулым мае настаўнікі, сустрэлі мяне цудоўна, таму ўжо ў першы працоўны дзень я адчувала сябе ўтульна і на сваім месцы. З дакументамі і школьным журналам разабралася я даволі хутка, а калі ўзнікаюць пытанні, калегі заўсёды прыходзяць на дапамогу.
Праца з дзецьмі прыносіць мне задавальненне. Канешне, кожнае дзіця асаблівае, мае свой характар, паводзіны, выхаванне. Задача настаўніка – пастарацца знайсці падыход да кожнага вучня. Я вучу дзяцей як малодшых, так і старэйшых класаў. Магу сказаць, што ва ўсіх дзетак ёсць павага да настаўнікаў, нягледзячы на тое, колькі гадоў ён адпрацаваў.
Гімназія – месца, дзе пачаўся мой прафесійны шлях. Ведаю, што тут я змагу развівацца, тут я змагу поўнасцю паказаць усе свае таленты.
Чалавек, які хоча звязаць сваю прафесію са школай, павінен мець адну самую галоўную якасць: любіць дзяцей, інакш нічога не атрымаецца. Ад настаўніка залежыць многае, бо як ты навучыш, так дзеці будуць жыць у будучым.
Ніхто не ведае, як складзецца яго жыццё далей, але дакладна я ведаю адно: прафесія настаўніка мне па душы.
Анастасія ФЕЛЬКІНА.
Фота аўтара.
Оставить комментарий