У дзіцячым аддзяленні Петрыкаўскай ЦРБ урачыста адкрылі гульнявы пакой у рамках праекта “Лячыся, гуляй і здаравей”.
“Штодзень у дзіцячыя аддзяленні паступаюць малыя, якія на працягу дня атрымліваюць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу, а ў вольныя хвіліны іх наведваюць родныя — гэта дадае маленькім пацыентам сіл для барацьбы з хваробай. Але, на вялікі жаль, многія дзеці знаходзяцца ў бальніцы адны, далёка ад блізкіх і родных. Ёсць і тыя, ад каго адмовіліся бацькі. Такім дзецям не хапае зносін, цяпла і пазітыўнай матывацыі да выздараўлення.
Таму асноўнымі задачамі праекта з’яўляюцца абсталяванне гульнявых пакояў у дзіцячых аддзяленнях раённых бальніц, дзе дзеці змогуць пераключыць сваю ўвагу з медыцынскіх працэдур на жаданне хутчэй паправіцца, а таксама дапамагчы ў вырашэнні праблемы баўлення вольнага часу ў дзіцячых аддзяленнях бальніц вобласці”, – удакладнілі арганізатары праекта ў “Беларускім дзіцячым фондзе”.
Галоўны ўрач Петрыкаўскай ЦРБ Яўгеній Логвінец у прывітальным слове адзначыў: “Ад імя ўсяго калектыву выказваю словы шчырай падзякі “Беларускаму дзіцячаму фонду” і ўсім, хто дапамагаў у стварэнні гульнявога пакоя. Гэта ўвага да нашых дзяцей, да нашай з вамі будучыні. Усе намаганні, вялікія і малыя, абавязкова дадуць свой плён у справе аховы здароўя”.
Дырэктар абласнога аддзялення Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларускі дзіцячы фонд” Іна Сілкова заўважыла: “Наведваючы чарговую ўстанову аховы здароўя ў нашай вобласці з першых хвілін адразу звяртаеш увагу, якім клопатам адораны пацыенты на ўсіх ўзроўнях дапамогі. Вельмі прыемна, што ў час ажыццяўлення праекту да нас далучыліся прафсаюзы і ўсе неабыякавыя грамадзяне і ўрэшце гэта вылілася ў нашу агульную справу”.
Старшыня абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Аляксандр Матарас прамовіў: “Прафсаюзы Гомельшчыны з радасцю далучыліся да гэтай акцыі бо і грамадства, і дзяржава вылучае клопат пра падрастаючае пакаленне ў адну з першачарговых задач. Я вельмі ўзрадаваны, што мы разам робім такую добрую справу”.
Да віншаванняў далучыліся старшыня райарганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Тамара Басюк і старшыня пярвічнай структуры раённай грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Галіна Каса.
Пасля чаго Яўгеній Логвінец і Іна Сілкова перарэзалі сімвалічную чырвоную стужку. У гэты час дзеці ўжо знаходзіліся ў пакоі і кожны з іх з цікавасцю бавіў час заняткам па душы. Нехта маляваў, іншыя збіралі дэталі канструктара ці гарталі старонкі новых кніг.
Арцём ГУСЕЎ. Фота аўтара.
Оставить комментарий