Ці ведаеце вы мяжу свайго зямельнага ўчастка? Бо бывае так, што землекарыстальнікі самавольна займаюць частку земляў агульнага карыстання ці сумежнага ўчастку. Як правіла, самавольнае заняцце адбываецца таму, што прылеглыя землі нікім не выкарыстоўваюцца. У выніку “вашы” зямельныя метры не супадаюць з дакументальна аформленымі межамі ўчасткаў, а гэта можа мець наступствы.
У 2022 годзе ўступіў у дзеянне Закон Рэспублікі Беларусь “Аб змене кодэксаў”, дзякуючы якому ва ўсіх землекарыстальнікаў з’явіўся шанц выправіць або легалізаваць парушэнні.
Пра гэта наша размова з начальнікам аддзела землеўпарадкавання Петрыкаўскага райвыканкама Надзеяй Будовіч-Ярмак.
– Надзея Міхайлаўна, ці ёсць у нашым раёне самавольна занятыя зямельныя ўчасткі? Калі яны былі выяўлены?
– У 2022 годзе праведзена інвентарызацыя зямель з мэтай выяўлення фактаў іх самавольнага заняцця, а таксама выкарыстання прадастаўленых зямельных участкаў не па мэтавым прызначэнні. Дадзеная работа праведзена з дапамогай аэраздымкі, што дазваляе візуальна ацаніць месцазнаходжанне ўсталяванай агароджы або капітальнай пабудовы адносна мяжы прадстаўленага ўчастку. Абследавана больш за 10000 участкаў, выяўлена 2162 самавольна занятых.
– Гэта значыць, на любы зямельны ўчастак павінен быць дакумент?
– Так, абсалютна на любы.
– Калі ж яго няма, то як можна ўзаконіць гэтыя квадратныя метры?
– Згодна з артыкулам 3 Закона Рэспублікі Беларусь ад 18 ліпеня 2022 года № 195-З “Аб змене кодэксаў”, асобам, якія дапусцілі факт самавольнага заняцця зямельнага ўчастка або яго часткі, у тэрмін да 1 верасня 2025 года можна звярнуцца ў мясцовы выканаўчы камітэт па пытанні легалізацыі фактычнага землекарыстання шляхам падачы адпаведнай заявы. Пры гэтым самавольна заняты зямельны ўчастка ці яго часткі могуць быць легалізаваны пры абавязковым выкананні ў сукупнасці пэўных умоў, асноўнымі з якіх з’яўляецца пацвярджэнне факта будаўніцтва да 1 верасня 2022 года, адсутнасць парушэнняў горадабудаўнічых і будаўнічых норм і правілаў, а таксама ўнясенне платы за права легалізацыі зямельнага ўчастка па яго кадастравым кошце.
– А калі чалавек зрабіў рэканструкцыю гаража або ўсталяваў агароджу за мяжой прадастаўленага зямельнага ўчастка, але не ведае, што гэты факт з’яўляецца самавольным заняццем зямлі, як быць?
– Аддзелам землеўпарадка-вання райвыканкама і сельскімі выканаўчымі камітэтамі ў адрас землекарыстальнікаў зямельных участкаў з прыкметамі самавольнага заняцця зямель накіраваны апавяшчэнні аб магчымасці легалізацыі самавольна занятых зямельных участкаў. На жаль, з адпаведнымі заявамі ў райвыканкам і сельвыканкамы звярнуліся не ўсе асобы, на адрас якіх былі накіраваны паведамленні.
– Якія рэкамендацыі дасце землекарыстальнікам?
– Тэрмін дзеяння так званай “зямельнай амністыі” заканчваецца 31 жніўня 2025 года. Калі землекарыстальнік не паспее да гэтай даты звярнуцца за афармленнем правасведчальнага дакумента на самавольна заняты ўчастак, неўзаконеныя пабудовы падлягаюць зносу. Так што грамадзянам, якія атрымалі апавяшчэнні ад мясцовых выканкамаў, варта паспяшацца, бо на афармленне дакументаў на такія ўчасткі, у тым ліку з размешчанымі на іх будынкамі, засталося крыху больш за год.
Запісала Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий