Рыбная лоўля – занятак займальны, але далёка не бяспечны. Увесну пасля сходу лёду аматары рыбнай лоўлі дастаюць свае летнія снасці і накіроўваюцца на вадаёмы ў пошуках рыбы. Жаданне злавіць рыбу, ды яшчэ пабольш, чым у суседа ці партнёра часцяком іграе злы жарт – чалавек перастае звяртаць увагу на тое, што побач з ім знаходзіцца. Таму, вызначаючыся з месцам рыбнай лоўлі неабходна ўлічваць усе магчымыя рызыкі, у прыватнасці небяспеку паражэння электрычным токам. А такая небяспека даволі высокая пры лоўлі рыбы ў ахоўных зонах паветраных ліній электраперадач, бо існуе верагоднасць набліжэння на недапушчальную адлегласць да правадоў, змешчаных пад напругай.
Практычна кожны год у нашай рэспубліцы з-за пападання пад дзеянне электрычнага току ў ахоўнай зоне паветраных ліній гіне або атрымлівае цяжкія траўмы як мінімум адзін аматар рыбнай лоўлі.
Так, у аграгарадку Хадасы Мсціслаўскага раёна вучань 11-га класа з мэтай змены месца рыбнай лоўлі ішоў па беразе возера праз параснік з раскладзенай вудай пад правадамі паветранай ліні. Падняўшы вуду каб не запутаць леску, прыблізіўся вудзілішчамі да провада ў выніку чаго патрапіў пад дзеянне электрычнага току і атрымаў тэрмічныя апёкі 6-й ступені 70% цела.
У вёсцы Хмелі Камянецкага раёна пры лоўлі рыбы ў ахоўнай зоне ліній электраперадач адбыўся няшчасны выпадак паражэння электрычным токам. Пацярпелы рыбак лавіў рыбу ў штучным вадаёме ў ахоўнай зоне паветранай лініі электраперадач, наблізіўшыся на недапушчальную адлегласць да правадоў паветранай лініі быў паражаны электрычным токам.
Дзяржэнерганагляд нагадвае, што адлегласць ад зямлі да правадоў лініі электраперадачы не перавышае 7 метраў, а даўжыня вуды ад 4 да 7 метраў. Таму, знаходзячыся на рыбнай лоўлі, катэгарычна забараняецца лавіць рыбу пад лініямі электраперадач. На вадаёме дастаткова іншых месцаў, каб арганізаваць рыбалку. Будзьце ўважлівыя і пры перасоўваннях пад правадамі ліній.
Неабходна папярэдне складаць вудзільна, каб пазбегнуць выпадковага дотыку да правадоў або набліжэнні вудзільна на недапушчальна блізкую адлегласць. Сучасныя вудзільны вырабляюцца з вугляпластыку, матэрыялу, які з’яўляецца правадніком электрычнага току. Падвышаная вільготнасць у межах вадаёма, мокрая лёска і вудзільна – ужо ствараюць небяспеку для жыцця, нават пры набліжэнні да правадоў дзеючай лініі электраперадачы, а дотык да правадоў непазбежна прывядзе да смяротнай траўмы.
Пры куплі вуды звяртайце ўвагу на надпісы на корпусе вудзільна, дзе напісана аб небяспецы лоўлі рыбы пад лініямі электраперадачы і падчас навальніцы. Калі вы падарылі вуду дзіцяці, абавязкова растлумачце яму аб правілах паводзін пад лініямі электраперадачы. Дарослым неабходна расказаць дзіцяці пра небяспеку электрычнага току, выкарыстанне вудзільна падчас навальніцы і пры перамяшчэннях пад правадамі.

Па інфармацыі Петрыкаўскай раённай энергаінспекцыі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о