Суботні дзень па ўсёй краіне быў абвешчаны Міністэрствам прыроды адзіным днём азелянення. Рэспубліканскую экалагічную акцыю падтрымалі і на Петрыкаўшчыне.
З самага ранку прадстаўнікі адміністрацыі раёна і працоўных калектываў, навучэнцы ўстаноў адукацыі, актывісты грамадскіх арганізацый і палітычных партый уключыліся ў высакарадную справу азелянення малой радзімы.
У гэты дзень аднаўляліся існуючыя пасадкі, а таксама закладваліся новыя алеі і зялёныя куточкі. Так, за час спякотнага лета пэўная колькасць зялёных насаджэнняў, асабліва дэкаратыўных дрэў і кустоў, загінула, таму на іх месцы гэтай восенню з’яўляюцца новыя. У час суботняй акцыі заменены расліны каля раённага Дома культуры, гарадскога стадыёна “Прыпяць”, у гарадскім парку.
У межах адзінага дня азелянення старшыня Петрыкаўскага сельвыканкама, актывісты раённага аддзялення РГА “Беларускі саюз жанчын”, педагогі і навучэнцы Макарыцкай базавай школы, інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя высадзілі 20-ць дрэўцаў на бярозавай алеі ў вёсцы Макарычы.
Дзякуючы ініцыятыве неабыякавых землякоў, прылягаючая да ракі Прыпяць зялёная зона папоўнілася новымі дрэўцамі, і ўжо ў хуткім часе пад іх пышнай зялёнай кронай можна будзе знайсці паратунак у летнюю спёку.
Старшыня сельвыканкама Андрэй Малашкевіч падзякаваў удзельнікам акцыі за добрую справу і выказаў упэўненасць, што дрэвы, пасаджаныя ў гэты дзень шчыра і з любоўю, абавязкова прыжывуцца.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий