Петрыкаўшчына са старажытнасці захавала традыцыю святкаваць Купалле. І гэты год не стаў выключэннем.
Купальская ноч звязаная з мноствам абрадаў. Лічыцца, што вада ў рэках і азёрах набывае ў гэтую ноч асаблівую сілу. Зёлкі, сабраныя на Купалле, вылечваюць, таму ў гэты дзень нарыхтоўвалі лячэбную траву празапас. А яшчэ ў гэтыя дні дзяўчаты плялі вянкі з палявых кветак, якія баранілі ад нячыстай сілы. Таксама лічыцца, што рэкі ў гэту ноч свецяцца асаблівым прывідным святлом, а звяры, птушкі і нават дрэвы атрымліваюць дар мовы. У гэтую чароўную ліпеньскую ноч нашы продкі ладзілі гулянні, вадзілі карагоды, гадалі на будучы лёс. Дзяўчаты спускалі вянкі на ваду і верылі ў здзяйсненне мараў. Многія з гэтых традыцыі дайшлі да нашых дзён.
Наталіцца магіяй народнага свята, адчуць яго атмасферу, стаць бліжэй да прыроды змаглі жыхары, госці Петрыкава вечарам 6 ліпеня на гарадскім пляжы №1.
Для прысутных, якіх сабралася досыць шмат, калектывам раённага Дома культуры была падрыхтавана тэатралізаваная пастаноўка “Купальская ночка чароўная”. Наведаў мерапрыемства вакальны калектыў “Журавінка” Ляскавіцкага цэнтра культуры і вольнага часу, які сваёй музычнай праграмай прыцягваў землякоў да эстраднай пляцоўкі. Апладысментамі падтрымлівалі прысутныя танцавальныя пастаноўкі харэаграфічнага калектыву “Экшэн”.
У той вечар на беразе Прыпяці кожны змог знайсці для сябе адпачынак. Адны ўдзельнічалі ў конкурсах, віктарынах, другія шукалі купальскую кветку, нехта танчыў на пляцоўцы пад цудоўныя спевы ляскавіцкіх артыстаў. Дзеці з радасцю цешыліся каля гандлёвых палатак, дзе можна было набыць напоі, салодкую вату, прысмакі. Атмасфера свята паглынала. Фонам гучалі песні з фальклорным матывам, можна было ўбачыць прыгажунь з вянкамі на галаве.
Яскравым і запамінальным стала кульмінацыя свята: спушчаныя Купалінкамі вянкі на воды Прыпяці і рытуальнае купальскае вогнішча. Агонь высока ўзнімаўся ў неба. Вакол гучалі пажаданні шчасця і радасці ў жыцці.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий