У суботу, 14 верасня, у аграгарадку Чалюшчавічы ў 28-мы раз прайшоў футбольны турнір, прысвечаны памяці мясцовага спартсмена, папулярызатара фізічнай культуры Васіля Пінчука.
Распачаліся спаборніцтвы з прамовы сына Васіля Адамавіча – Аляксандра, які падзякаваў прысутным футбалістам за ўдзел і захаванне адданасці любімай гульні. У турніры ўзялі ўдзел тры каманды: мясцовыя “Чалюшчавічы”, што ўзмацніліся спартсменамі з бліжэйшых населеных пунктаў, калектыў гарадскіх футбалістаў “Петрыкаў” і заўзятыя ўдзельнікі ўсіх спаборніцтваў – аматары спорту Петрыкаўскага рудаўпраўлення з дружынай “Беларуськалій”.
У першай гульні лепшых выяў-лялі гаспадары і петрыкаўчане. Госці здолелі забіць першымі, але каманда “Чалюшчавічы” арганізавала даволі ўпартае супраціўленне: вострыя моманты ўзнікалі то ў адной штрафной пляцоўцы, то ў другой. Аднак, вяскоўцам не хапіла зладжанасці ў нападзенні, а гульню гара-джан бракавала недакладнасць і тэхнічны брак, з-за чаго сціплы лік з мінімальнай перавагай “Петрыкава” працягам двух таймаў застаўся нязменным – 0:1 на карысць гасцей.
Другі матч петрыкаўчане згулялі з калійшчыкамі. Усе прысутныя разумелі, што супрацьстаянне з салевікамі будзе няпростым і справа тут не толькі ў тым, што гараджане толькі што адыгралі першую сустрэчу. Састаў “Беларуськалія” быў даволі моцны, і кожны футбаліст меў зайздросны вопыт выступленняў.
Чаканні апраўдаліся, сустрэча праходзіла пры дамінацыі супрацоўнікаў рудаўпраўлення. Як потым адзначыў адзін з футбалістаў “Петрыкава”, каб спаборнічаць на роўных не хапала гараджанам у першую чаргу хуткасці. Выніковы лік быў заканамерны – калійшчыкі перамаглі апанентаў з лікам 2:0.
Кожны разумеў, што зыход апошняга матча вырашаны, маўляў, розніца паміж калектывамі “Беларуськалія” і “Чалюшчавічаў” была відавочнай. Напачатку так і было: хуткі гол ад салевікоў нібы падказваў, пад чыю дыктоўку пойдзе гульня. Але далей у гарнякоў неяк не пайшло, а вось гаспадары здолелі сабрацца і нават перахапіць ініцыятыву. Спачатку вяскоўцы параўналі лік, а праз некалькі хвілін ужо выйшлі наперад – 2:1.
Такога не чакаў, здавалася, ніхто. Але пытанне, як там з балансам сіл у каманд, – заставалася адкрытым. “Беларуськалій” пачаў ціснуць, і гаспадары гэтага прэсінгу не вытрымалі. У другой палове сустрэчы салевікі спачатку параўналі лік, а потым і выйшлі наперад. На большае не хапіла часу, таму свісток зафіксаваў вынік 2:3 на карысць калійшчыкаў.
Такім чынам, паказаўшы спрыт і сабранасць, “Чалюшчавічы” ўсё ж не здолелі здабыць ачкоў і занялі трэцяе месца. На другім месцы з адной перамогай апынуліся футбалісты “Петрыкава”, а чэмпіёнства і Кубак турніру атрымалі спартсмены “Беларуськалія”.
Старшыня Чалюшчавіцкага сельвыканкама Павел Мазай, які таксама бараніў гонар каманды свайго аграгарадка на футбольным полі, падзякаваў аматарам здаровага ладу жыцця за ўдзел у спаборніцтвах. У адказ футбалісты падзякавалі за годную арганізацыю традыцыйнага турніру.
Арцём ГУСЕЎ.
Фота аўтара.
Оставить комментарий