Сёння спаўняецца 90 гадоў з дня нараджэння цудоўнай жанчыны, шматдзетнай маці, шчырай працаўніцы Евы Міхайлаўны Ганцэвіч (у дзявоцтве – Булава) з Міхедавіч.
Нездарма нашу гераіню ў маленстве назвалі Ева, што значыць – крыніца жыцця. Аптымізму, жыццёвай энергіі, добразычлівасці гэтай жанчыны можна толькі падзівіцца. Жвавая, рухавая, усмешлівая, глядзіць за сабой, сочыць за парадкам у доме. Дзеці, зразумела, прыязджаюць, але наша Ева Міхайлаўна без справы сядзець не можа.
Наша юбіляр з кагорты “дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся”, як адзначае сама жанчына.
Убачыла свет Ева Міхайлаўна ў вёсцы Міхедавічы, а працаваць пайшла пасля заканчэння 6-га класа.
– Адразу да справы прыставілі, як толькі перастала школу наведваць. Давалі норму на балоце: жаць, палоць, секці. Спачатку працавала ў паляводчай брыгадзе, усё рабілі рукамі. Але мае “працадні” ставілі маці, пакуль мне не споўнілася 18 гадоў. Пасля пайшла на ферму даглядаць цялят і ўжо да пенсіі там працавала. Спачатку выхадных не было – увесь тыдзень на ферме. Пазней ўжо з’явіўся падменны жывёлавод, пачалі даваць адзін выхадны. На пенсію пайшла ў 50 гадоў, – усміхаецца Ева Міхайлаўна.
Працаваць прывучана зямлячка з самага маленства. Гераіня ўспамінае, што яшчэ да вайны, калі ёй было пяць гадоў, пачалі вучыць прасці. Ткаць пачала ў чатырнаццаць гадоў. А як прыйшоў час выходзіць замуж, то маці сказала: “Твае сваты, ты ім рушнікі і тчы!” На адзін з тых рушнікоў натрапілі ўжо пасля смерці бацькоў мужа – так дбайна яны захоўвалі палатняны выраб сваёй нявесткі.
Хата Евы Міхайлаўны ўпрыгожана саматканымі і вышыванымі рушнікамі і посцілкамі. Сямёра дзяцей, хатняя гаспадарка, праца на ферме ад цямна да цямна – калі толькі гаспадыня паспявала вышываць?
– Адной нагой калыску калышу, а рукі вышываюць. А вось гэты рушнік (жанчына ківае на рушнік за абразом) вышывала прама ў полі, калі калгасных кароў за брата пасціла. Ён у суботу пагуляць хоча, мяне за пастуха адпраўляе. На палец пакладу рушнік і вышываю крыжыкам, а адным вокам на кароў паглядаю. Зараз на абраз позірк кіну і ўспомню, і брата, і як ручнік на пашы вышывала, – згадвае жанчына.
Абраз таксама цікавы. Маці нашай гераіні атрымала яго яшчэ адзінаццацігадовай дзяўчынкай за тое, што дапамагла старой суседцы сарваць загон грэчкі ў лесе. Ніхто не ведае, колькі на самрэч гадоў іконе, але маці Евы Міхайлаўны яе з сабою ўсю вайну пранасіла.
– Бяжым, маці нас, дзяцей, сабрала і абраз пад рукой. Мы уцякаем і абраз з намі, хаваемся, у балота падаем, стрэлы над галовамі – ляжым. Так гэты абраз нас усю вайну ратаваў, – распавядае Ева Міхайлаўна.
Пра дзяцей мая суразмоўца расказвае з пяшчотай:
– Хлопец старэйшы і меншы, а пасярэдзіне дзяўчаты. Сыны з двух бакоў маіх дзяўчат ахоўваюць! Усіх сямёра дзяцей: Аляксандр, Валянціна, Кацярына, Тамара, Галіна, Святлана і Васілій. Унукаў у мяне чатырнаццаць – сем хлопчыкаў і сем дзяўчынак. Ужо і праўнукаў дачакалася.
Паднімаючы на ногі дзяцей з мужам, Ева Міхайлаўна шмат увагі аддавала сваёй рабоце на ферме, неаднаразова прызнавалася ўдарнікам камуністычнай працы і ўдарнікам пяцігодкі.
У гэты дзень Ева Міхайлаўна чакае гасцей: дзяцей, унукаў, праўнукаў. У вялікай сялянскай хаце будзе шматлюдна і весела. Пажадаем Еве Міхайлаўне здароўя і доўгіх шчаслівых гадоў жыцця, а зараду і аптымізма ў маёй гераіні столькі, што і маладыя могуць пазайздросціць.
Надзея Сігай.
Фота аўтара.







Оставить комментарий