“Аграном”

Падчас рэйдавых мерапрыемстваў супрацоўнікамі міліцыі ў адным з домаўладанняў на тэрыторыі раёна выяўлена плантацыя па вырошчванні марыхуаны. Кусты канапель былі культываваны, апрацоўваліся, гаспадар чакаў добрага ўраджаю, але завіталі супрацоўнікі міліцыі.
Устаноўлена, што гаспадыню домаўладання падставіў зяць. У час адсутнасці цешчы мужчына займаўся вырошчваннем марыхуаны на яе прысядзібным участку, а дома ў кватэры ператвараў яе ў наркатычнае рэчыва. Падчас вобыску ў кватэры марыхуана таксама канфіскавана. У дачыненні да “гора агранома” распачаты шэраг крымінальных спраў, у тым ліку і па артыкуле 329 Крымінальнага кодэкса.
Даведачна: артыкул 329 КК “Незаконны пасеў і (або) вырошчванне раслін або грыбоў, якія змяшчаюць у сабе наркатычныя сродкі або псіхатропныя рэчывы”, прадугледжвае пакаранне ад штрафу да пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 15 гадоў.
Варта задумацца, а ці правільны шлях ты выбраў.
За 11 месяцаў у Гомельскай вобласці распачата 518 крымінальных спраў па лініі наркакантролю.

“Лясун”

Напэўна, лясун прыбраў, разважала жыхарка Капцэвіч, вярнуўшыся пасля збору ягад у лесе да месца, дзе хавала свой ровар, і не знайшоўшы яго.
Так, у адзін з дзён, дабраўшыся на дызелі да станцыі Старушкі Жыткавіцкага раёна з мэтай збору журавін, наша зямлячка схавала ў лесе свой ровар. Каб яго не скралі, некалькі разоў азіралася і, паклаўшы свайго жалезнага каня на зямлю ў зацішным месцы, прыкрыла травой і галінкамі. На жаль, з лесу за ёй ужо назіралі, але не лясун, а раней неаднаразова судзімы за крадзяжы жыхар нашага раёна, які палічыў, што ровар дрэнна ляжыць і перахаваў яго. Правасуддзе ўсё ж напаткала яго, і сёння “лясун” чакае суда.
Пытанне ж захаванасці ровара магло лёгка быць вырашана шляхам замыкання яго на веласіпедны замок, які ўладальнік пакінула дома.

“Цягнік – гэта не цацка”

8 снежня ў Петрыкаўскі РАУС ад дзяжурнага па станцыі “Капцэвічы” РУП “Гомельскае аддзяленне БЧ” паступіла паведамленне, што ў 10 гадзін 48 хвілін, падчас пачатку руху цягніка рэгіянальных ліній эканом класа, на першым шляху ад станцыі “Капцэвічы” ў напрамку станцыі “Старушкі” мясцовы жыхар спрабаваў патрапіць у вагон цягніка, зачапіўся за парэнчы, не ўтрымаўся і зваліўся на рэйкі. У выніку чаго на грамадзяніна здзейснены наезд коламі вагона цягніка, і ён атрымаў цялесныя пашкоджанні, з якімі ў цяжкім стане дастаўлены ў аддзяленне рэанімацыі УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ”.
Вывучыўшы відэазапісы з камер відэа назіранняў, следчыя карціну здарэння прадставілі поўнасцю: нягледзячы на неаднаразовыя папярэджанні з боку блізкіх і іншых асоб, грамадзянін паспрабаваў патрапіць у закрыты вагон цягніка, які ўжо адпраўляўся, і як вынік – надзвычайнае здарэнне. Вінаватых установіць Следчы камітэт, праводзіцца праверка.

Георгій ВЕРАШЧАКОЎ,
начальнік райаддзела Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о