У суботу, 31 жніўня, глядацкі сектар амфітэатра ў гарадскім парку поўніўся аматарамі культурнага адпачынку: са сваімі творчымі падарункамі перад гараджанамі і гасцямі горада выступілі капаткевіцкія артысты народнага ансамбля песні, музыкі і танца “Лявоніха”.
З прамовай да гледачоў звярнулася кіраўнік творчага калектыву Ядвіга Суботка, якая пажадала ўсім прыемнага адпачынку і добрага настрою. Затым удзельнікі “Лявоніхі” прадставілі да ўвагі сваю канцэртную праграму. Распачалася імпрэза з вядомых народных кампазіцый. Першапачаткова са сцэны гучалі павольныя песні, якія змяняліся эстраднымі нумарамі ў стылі рэтра.
Пасля таго, як прысутныя разагрэліся і ўжо пачалі падпяваць выканаўцам, у рэпертуары артыстаў прагучалі больш хуткія песні, аздобленыя танцамі. Гэта быў сапраўдны інтэрактыўны канцэрт, выканаўцы звярталіся ў сваіх нумарах да гледачоў, а тыя не шкадавалі сваіх далоняў у гучнай авацыі. Словам, капаткевіцкія музыкі славяцца выканаўчым майстэрствам, калі нават невядомыя матывы ў іх выкананні здаюцца такімі знаёмымі і неверагодна цёплымі. Нездарма “Лявоніха” вось ужо 27 гадоў носіць пачэснае званне народнага калектыву.
Пасля фінальнай кампазіцыі артысты пажадалі ўсім моцнага здароўя, мірнага неба над галавой і шчасця кожнай сям’і. Многія ўдзячныя гледачы спяшаліся асабіста падзякаваць выканаўцам за цудоўны вечар, таму за кулісамі яшчэ доўга было чуваць, як калегі па сцэне і старыя знаёмыя згадвалі мінулае, абмяркоўвае апошнія навіны і фатаграфаваліся на добрую памяць пра гэтую цёплую сустрэчу ў апошні дзень лета.
Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.
Оставить комментарий