У Мінску працягваецца серыя канцэртаў “Кожны трэці”. У мінулую суботу гледачамі сталі прадстаўнікі Гомельскай вобласці. Сярод дэлегацыі – жыхары Петрыкаўшчыны.
Без рэтушы… Толькі гісторыя і факты, сабраныя Генеральнай пракуратурай падчас крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў часы Вялікай Айчыннай вайны.
«Кожны трэці» – гэта сучасная і праўдзівая размова з гледачом пра трагічныя старонкі гісторыі Беларусі. Артысты ў сваіх пастаноўках распавялі страшную, часам нават жудасную праўду пра Вялікую Айчынную вайну, паказалі гісторыю такой, якой яна была на самой справе.
З прывітальным словам да прысутных звярнуўся старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
– Мы разам з вамі ідзём да знакавай даты – 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Кожны дзень і кожную гадзіну, жывучы ў нашай мірнай светлай краіне, мы напаўняем яе сваімі дасягненнямі, творчымі і спартыўнымі поспехамі. І прысвячаем іх памяці герояў, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Беларусі.Пошукі не спыняюцца па гэты дзень. Мы іх працягваем і будзем працягваць практычна ва ўсіх раёнах вобласці. Адно з самых страшных месцаў – масавае пахаванне ў Чонкаўскім лесе, фашысты забілі тут больш за 4,5 тысячы людзей. У цяперашні час ідзе даследаванне архіваў, праца па ўсталяванні месцаў, дзе праведзены зверскія рытуалы фашыстаў, устанаўліваюцца імёны загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, – адзначыў губернатар вобласці.
Члены дэлегацыі Петрыкаўскага раёна адзначылі, што дадзены канцэрт – сапраўдны ўрок памяці. Кожны праект, кожная выстава напоўнена асаблівым сэнсам. Асабліва кранула фотавыстава “Лёсы, складзеныя ў трыкутнік”. Гэта сумесны патрыятычны праект БелТА і дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Большасць лістоў-трохвугольнікаў, якія ляглі ў аснову выставы, пранікнёна расказваюць пра лёсы людзей, якія змагаліся на тэрыторыі Беларусі або звязалі з ёй сваё пасляваеннае жыццё. У рамках канцэрта прагучалі як шырока вядомыя музычныя творы савецкага перыяду, так і новыя – сучасных беларускіх аўтараў. У паэтычную аснову праграмы лёг твор “Рэквіем па кожным чацвёртым” Анатоля Вярцінскага. Зрэшты, кожны раз, калі са сцэны гучалі словы “кожны чацвёрты”, голас за кадрам акцэнтаваў увагу гледача на кожным трэцім.
Землякі, члены дэлегацыі ад Петрыкаўскага раёна падзяліліся ўражаннямі аб канцэрце-рэквіеме.
Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько:
– Не так шмат часу засталося да 9 мая, калі мы са слязамі на вачах будзем святкаваць 80-годдзе Перамогі над фашызмам. І колькі б гадоў не адлучала нас ад падзей Вялікай Айчыннай вайны, беларускі народ заўсёды будзе памятаць, колькі людзей аддалі свае жыцці за шчасце жыць пад мірным небам. Канцэрт рэквіем – напамін нам пра трагічныя дні вайны. Немагчыма было без слёз глядзець кадры ваенных падзей, чуць жахлівыя лічбы і факты, якія сведчылі пра жорсткасць фашыстаў у дачыненні да беларусаў. Некаторыя творчыя нумары гледачы глядзелі і слухалі стоячы, аддаючы даніну памяці загінуўшым, прапаўшым без вестак.
Сёння, як ніколі, усім сваім жыццём, вучобай, працай, службай, выхаваннем дзяцей кожны з нас абавязаны падтрымліваць сістэмныя дзеянні дзяржавы, захоўваць памяць аб загінуўшых і трапяткія адносіны да свайго гістарычнага мінулага. Гэта неабходна для таго, каб зберагчы і ўмацаваць адзінства нашай Радзімы.
Старшыня Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў Віталій ПІЛЕР:
– Канцэрт прысвечаны памяці мільёнаў людзей, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Асабліва запомніліся моманты, калі на сцэне гучалі знаёмыя ўсім песні часоў Вялікай Айчыннай вайны.
Мерапрыемства ўразіла мяне сваёй глыбінёй, маштабнасцю і эмацыйнасцю. Я адчуваю гонар за тое, што мы жывем у такой выдатнай краіне. І ў той жа час горыч, што мы страцілі столькі дзяцей, братоў, бацькоў.
Такое не павінна паўтарыцца. Мы павінны быць разам, каб зберагчы Беларусь. Гэта для нас самае галоўнае.
Рыгор КУРДО, механік транспартнага ўчастка ДУ “Петрыкаўскі райжылкамгас”:
– Эмоцыі зашкальваюць. Усё, што адбывалася на сцэне, зачапіла мяне да дрыжыкаў.
Мы разам з артыстамі прайшлі дарогамі вайны, пачынаючы з першых дзён і да Перамогі. Шмат савецкіх людзей загінула на той вайне. Словамі не перадаць тое, пра што расказваюць нам гістарычныя факты, якой цаною была здабыта Перамога. Гэтая памяць патрэбна не столькі загінуўшым, колькі нам, жывым.
Наша зямля паліта слязамі, потам і крывёй мірных жыхароў, герояў-падпольшчыкаў, партызан і, вядома ж, салдат. Іх подзвіг не мае тэрміна даўнасці.
Марыя ТАМКО,
фота аўтара.
Оставить комментарий