28 красавіка адзначаецца Дзень работніка хуткай медыцынскай дапамогі. Аператыўнасць, майстэрства і самаадданасць – гэтымі якасцямі надзелены людзі, якія працуюць у службе “103”. У любы час дня і ночы машына з чырвоным крыжам прабіраецца ў самыя далёкія куткі да тых, хто мае патрэбу ў дапамозе. Напярэдадні падзеі журналісты “Петрыкаўскіх навін” выехалі ў аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі Петрыкаўскай ЦРБ.
– Аддзяленне хуткай медыцынскай дапамогі – адно з самых складаных у сферы аховы здароўя. Працаваць тут могуць толькі сапраўдныя прафесіяналы, бясконца адданыя сваёй справе, якім і з’яўляецца наш калектыў. Акрамя гарадскога аддзялення, пасты “хуткай дпамогі” ёсць у Капаткевіцкай і Навасёлкаўскай установах аховы здароўя, – дзеліцца старэйшы фельчар Наталля Кастылецкая (на фота). – Усяго на Петрыкаўшчыне ў аддзяленні “хуткай дапамогі” працуе 18 фельчараў, 4 дыспетчары, 19 кіроўцаў. Усіх іх адрознівае, перш за ўсё, прафесіяналізм, згуртаванасць і ўзаемавыручка. Мы ўсе разумеем: вынік нашай працы – гэта агульны вынік усяго калектыва.
Наталля Віктараўна падзялілася: напружаная праца “на хуткай” магчымая толькі для моцных духам і характарам. Бывае за суткі на пост дзяжурнага паступае да пяцідзесяці выклікаў. Далёка не кожны вытрымае такі рытм.
Шматгадовая вернасць прафесіі многіх фельчараў заслугоўвае вялікай павагі. Адна з такіх – Алена Перарэжка, якая ў прафесіі трыццаць пяць гадоў.
– Кім хачу стаць пасля школы я ўжо ведала з юнацкіх гадоў. Яшчэ з дзяцінства, калі даводзілася бываць на прыёме ў доктара, з захапленнем глядзела на людзей у белых халатах, марыла гэтак жа дапамагаць людзям, – успамінае Алена Рыгораўна. – Пасля заканчэння другой гарадской школы падала дакументы ў Мінскае медыцынскае вучылішча на спецыяльнасць “Лячэбная справа. Фельчар”. Атрымаўшы дыплом сярэднеспецыяльнай адукацыі больш за год адпрацавала ў Калінкавіцкім радзільным доме. У 1989 годзе Аляксандр Фёдаравіч Астапчук запрасіў на працу ў родны Петрыкаў у аддзяленне хуткай дапамогі. З таго часу я тут, “на перадавой”.
Алена Рыгораўна дзеліцца: сітуацыі на выездах здараюцца розныя. Да кожнага пацыента трэба знайсці падыход, умець супакоіць, аказаць неабходную дапамогу, падабраць патрэбнае слова. Фельчары павінны ўмець літаральна з першага погляду ацаніць сітуацыю і хутка адрэа-гаваць. Па-іншаму тут нельга, бо размова ідзе пра чалавечае жыццё. Суразмоўца адзначае, калі толькі пачынала свой прафесійны шлях, шмат чаму яе навучылі ветэраны працы, якія ўжо сышлі з жыцця, але добрая памяць пра іх заўсёды ў калектыве адзялення “хуткай дапамогі” – Аляксандр Цярэнцьевіч Курдо, Алена Рыгораўна Невяроўская, Тамара Пятроўна Лапета.
– Ведаеце, я вельмі люблю сваю работу. Кожны раз, калі бачу вочы чалавека, якому я дапамагла, якому стала лягчэй ад маіх дзеянняў – адчуваю радасць. Дзеля такіх момантаў трэба жыць. Я думаю, што самае галоўнае для работнікаў “хуткай” – суперажыванне. Калі чалавеку не ўласціва дадзенае пачуццё – яму не трэба выбіраць такую працу, – дзеліцца фельчар. – Хочацца сказаць некалькі слоў пра сваіх калег. Калектыў у нас зладжаны, згуртаваны. Мы як альпіністы працуем у адной звязцы. Асобныя словы – вадзіцелям спецтранспарту, якія з’яўляюцца нашай падтрымкай і апорай.
У адной брыгадзе з Аленай Рыгораўнай працуе вадзіцелем Валерый Марозька. Вядома, ратаваць жыцці – абавязак медыкаў. Але тыя, хто за “баранкай” “103” заслугоўваюць асобнай увагі, бо імчацца навыперадкі са смерцю – не проста асаблівасць яго працы, але і абавязак. І часта менавіта ад гэтага залежыць жыццё чалавека.
Валерый Аляксеевіч родам з Петрыкава, выпускнік першай гарадской школы. Вадзіцелем хуткай дапамогі працуе больш за дзесяць гадоў і за гэты час з брыгадай пабываў на выкліках практычна на кожнай вуліцы Петрыкава і амаль у кожным населеным пункце раёна.
– Да чалавека, які трапіў у бяду, спяшаюцца ўсе члены брыгады, часам хворыя не могуць перасоўвацца самі, таму патрабуецца дапамога вадзіцеля, каб перанесці іх у машыну. Яшчэ мы павінны ўмець у любое надвор’е ехаць хутка і акуратна, выдатна арыентавацца ў любым населеным пункце раёна. Таму адказнасць ў кіроўцы “хуткай дапамогі” ўзрастае ўдвая. Таксама “нашаму брату” трэба спалучаць у сабе такія якасці, як стрэсаўстойлівасць і міласэрнасць, – адзначае мужчына.
Затрымліваць доўгімі размовамі работнікаў аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі мы не сталі – у любы момант мог раздацца званок у дыспетчарскай. Напярэдадні свята хочацца павіншаваць усіх работнікаў хуткай дапамогі з іх прафесійным днём. Пажадаць моцнага здароўя, дабра, цярпення і вясновага настрою.
Р.S. Прама зараз, пакуль вы, дарагія падпісчыкі, чытаеце гэты матэрыял, брыгады хуткай дапамогі знаходзяцца на выкліках, ратуючы нечыя жыцці. Прафесійнае свята медыцынскіх работнікаў гэтага аддзялення – адзін з дзён, калі варта аддаць належнае працы гэтых людзей.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.
Оставить комментарий