21 лютага – Сусветны дзень экскурсавода. Як стаць экскурсаводам у нашай краіне і якія якасці для гэтага патрэбны – погляд знутры.
Сонечныя зайчыкі пераскоквалі з аднаго музейнага прадмета на другі, агеньчыкамі запальваліся на металічных, адточаных рукамі людзей прыладах, а мы размаўлялі пра шлях у прафесію з цікавым суразмоўцам, Галінай Труханавіч.
Галіна Уладзіміраўна скончыла Беларускі інстытут культуры па спецыяльнасці “Музеязнаўства. Арганізацыя музейнай справы”.
Наш візіт да яе, у Петрыкаўскі краязнаўчы музей, невыпадковы, мы вырашылі даведацца пра таямніцы прафесіі экскурсавода.
Галіна Трухановіч – не толькі дырэктар Петрыкаўскага краязнаўчага музея, а і атэставаны экскурсавод. Між іншым, адзіны ў Петрыкаўскім раёне.
Як адразу адзначыла наша суразмоўца, экскурсійная дзейнасць у нашай краіне мае свае патрабаванні.
Каб стаць экскурсаводам у Беларусі, неабходна прайсці абавязковую атэстацыю ў Нацыянальным агенцтве па турызме, якая дае правы на вядзенне экскурсій.
Працэдура атэстацыі ўключае ў сябе вуснае сумоўе і камп’ютарнае тэсціраванне, падчас якога неабходна паказаць веды па многіх галінах: гісторыя, геаграфія, заканадаўства, методыка. Толькі пасля паспяховага праходжання гэтых іспытаў можна атрымаць бэйдж і пасведчанне – стаць афіцыйным экскурсаводам, але толькі па тым маршруце, які ты абараняў падчас атэстацыі.
Калі чалавек працуе ў музеі, то ён можа праводзіць экскурсіі па тэрыторыі сваёй установы, для гэтага не патрэбна пасведчанне. Ці, напрыклад, можна праводзіць экскурсіі па свайму прадпрыемствуз альбо прыналежнай яму тэрыторыі, як гэта робяць у Петрыкаўскім лясгасе.
– Прафесія экскурсавода прадугледжвае не толькі добрае валоданне гістарычнай і культурнай складаючай, але і веданне псіхалогіі людзей. Аўдыторыя, якая прыйшла да вас, “дыктуе” свае ўмовы. Можна сказаць, што экскурсавод – гэта яшчэ і псіхолаг, без гэтага нельга, – дзеліцца прафесійнымі сакрэтамі Галіна Уладзіміраўна.
Суразмоўца адзначыла, што экскурсійная дзейнасць цікавая, рознабаковая. Напрыклад, Галіна Уладзіміраўна праводзіць экскурсіі не толькі ў музеі горада Петрыкава, але і ў аддзеле гісторыі нацыянальнага героя Дзеда Талаша і партызанскага руху Петрыкаўшчыны, які знаходзіцца ў вёсцы Навасёлкі. Між іншым, асоба петрыкаўскага героя выклікае цікавасць не толькі ў жыхароў Беларусі, прыязджаюць і замежныя госці, у ліку пастаянных наведвальнікаў – жыхары Расійскай Федэрацыі.
Акрамя экскурсій па экспазіцыях, экскурсаводамі ладзяцца тэматычныя выставы, дэманструюцца і выязныя выставы іншых устаноў на розныя тэмы. Зараз, напрыклад, у музеі працуе фотадакументальная выстава “Скрадзенае дзяцінства”, арганізаваная Гомельскім Палаца-паркавым ансамблем.
Цікавасць у наведвальнікаў выклікае экскурсія па гарадскім парку, які сам па сабе ўжо з’яўляецца гістарычнай каштоўнасцю, бо створаны на месцы былога замчышча.
– Экскурсавод – гэта пошук новых форм прадстаўлення гістарычнай інфармацыі. Неабходным для спецыяліста з’яўляецца камунікабельнасць, уменне знаходзіць адну мову з людзьмі розных пакаленняў, заняткаў і інтарэсаў.
Прафесія дазваляе расці на працягу ўсёй працоўнай дзейнасці, – дадала Галіна Уладзіміраўна напрыканцы нашай размовы.
Надзея СІГАЙ.
Фота аўтара.







Оставить комментарий