Карэспандэнты “Петрыкаўскіх навін” наведалі таварную ферму “Турок” СУП “Палессе-Аграінвест”, каб даведацца, пра асаблівасці ўтрымання і догляду за статкам у зімовы час.

Увайшоўшы ў памяшканне аднаго з хлявоў фермы, адразу адчуваеш атмасферу адказнасці і стараннасці: цёпла, чыста, у кармушках дастаткова корму. Жывёлавод Ганна Лябедзіч рупліва выконвала свае абавязкі: кантралявала ці ўсё добра з падсцёлам, ці дастаткова ежы для цялушак.
– Для любога жывёлавода галоўнае – гэта годнае ўтрыманне жывёлы. Аднак зімовы час патрабуе асаблівай увагі. Калі тэмпература паветра апускаецца ніжэй за нуль, на нас ускладваецца падвойная адказнасць за здароўе і прадуктыўнасць сваіх падапечных, – дзеліцца жывёлавод. – У “Турку” створаны неабходныя ўмовы для ўтрымання жывёлы. У памяшканнях – аптымальная тэмпература, забяспечваецца добрая вентыляцыя, што асабліва важна ў халодны час года для прадухілення розных захворванняў. Сочым мы, каб падсцёл быў свежы і сухі, корм быў дастаўлены ў час і ў неабходным аб’ёме.
Стаж жывёлавода ў Алены Станіславаўны больш за 15 гадоў. Пад наглядам жанчыны знаходзіцца каля 400 цялушак ад 6-ці месяцаў да году. Зямлячка прызнаецца: з раніцы да вечара занятая на ферме, час прабягае хутка і калі ўсё добра з жывёлай, то і настрой адпаведны.

На таварнай ферме “Турок” аддзялення “Петрыкаў” СУП “Палессе-Аграінвест” маецца шэсць жывёлагадоўчых памяшканняў, дзе ўтрымліваецца 1609 галоў.
– Зіма – гэта час, калі трэба прыкласці дадатковыя намаганні, каб забяспечыць падапечным найлепшыя ўмовы, – упэўнена і жывёлавод Алеся Рушалюк. – У маім полі зроку каля 500 жывёл ад 12 месяцаў і вышэй. Асаблівую ўвагу надаю кармленню, бо ў зімовы перыяд рацыён жывёлы карэктуецца. Хацелася б адзначыць, што на ферме дастаткова якасных кармоў, якія забяспечваюць жывёлу ўсімі неабходнымі пажыўнымі рэчывамі, вітамінамі і мінераламі. Ну, а размеркаваць і прасачыць, каб кожная цялушка атрымала сваю порцыю – гэта ўжо мая задача.
Жанчыны падзяліліся, што акрамя кармлення і догляду, жывёлаводы штодзённа праводзяць медыцынскі агляд жывёлы, сочаць за яе паводзінамі, своечасова выяўляюць і прадухіляюць магчымыя захворванні. Не менш важнае значэнне, нават у марозныя дні, мае свежае паветра. Менавіта таму жывёлу выганяюць на прагулку ў засекі некалькі разоў на дзень, а ў хлявах забяспечваюць скразное праветрыванне.
Наведванне фермы дазволіла нам у чарговы раз упэўніцца, наколькі адказная і запатрабаваная праца жывёлавода. Гэта прафесія патрабуе незвычайнай цягавітасці, цярпення і, перш за ўсё, глыбокай любові да жывёл.
Дзякуй вам, шаноўныя, за вашу нялёгкую, але такую важную працу.
Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.





Оставить комментарий