Клопат пра спакой і дабрабыт землякоў

0
769

Штогод у першую суботу снежня ў Беларусі сваё прафесійнае свята адзначаюць страхавыя работнікі, людзі, якія дапамагаюць нам абараніць маёмасць, здароўе і нават жыццё ад непрадбачаных рызык.

Страхавы агент павінен валодаць асаблівымі рысамі характару: добразычлівасцю, ініцыятыўнасцю, умець наладзіць зносіны з людзьмі розных узростаў і прафесій. Менавіта такімі якасцямі і валодае наша гераіня – Святлана Пажарыцкая. У Белдзяржстраху Святлана Мікалаеўна працуе больш за сорак гадоў, і гэта адзінае месца працы спецыяліста.
– Пасля заканчэння Аголіцкай базавай школы выбірала паміж дзвюма прафесіямі: фінансіст або страхавы агент. У выніку спынілася на другім і паступіла ў Мінскі фінансава-эканамічны тэхнікум, – успамінае жанчына. – Не скажу, што асвойваць спецыяльнасць было лёгка, але ў школе я была выдатніцай, таму вырашыла не зніжаць зададзены тэмп і праяўляла цікавасць і стараннасць да засваення новых ведаў. Ужо тады я адчувала, што выбрала той адзіны, свой прафесійны шлях.
І гэта аказалася сапраўды так. Пасля атрымання дыплома гераіня прыехала на малую радзіму ў аддзяленне Белдзяржстраху горада Петрыкава і прысвяціла яму ўсё прафесійнае жыццё. Летась, пасля выхаду на заслужаны адпачынак, кіраўніцтва прапанавала працу страхавога агента. Святлана Мікалаеўна пагадзілася, бо разумела: яе вопыт і жаданне дапамагчы землякам шануюцца і запатрабаваны.
Па выніках работы Святлана Мікалаеўна адзін з лепшых страхавых агентаў раёна. У зоне яе абслугоўвання – населеныя пункты Ляскавіцкага сельскага Савета і Славінск Галубіцкага сельскага Савета.
– Мне падабаецца мець зносіны з людзьмі, расказваць ім пра магчымасці нашай арганізацыі, што страхаванне – гэта, перш за ўсё, спакой, упэўненасць у заўтрашнім дні. Камфортна ў адной камандзе і з калегамі: у нас дружны і згуртаваны калектыў, – дзеліцца суразмоўца. – Не буду хаваць: наша дзейнасць досыць клапотная і нярэдка патрабуе псіхалагічнай падрыхтоўкі. З чалавекам трэба знайсці агульную мову. Для многіх мы не толькі страхавальнікі, але і ў сваім ро-дзе сувязь з навакольным светам. Прыходзіш да чалавека, а ён табе ўсе свае навіны расказвае, дзеліцца радасцямі і нягодамі. Я да кожнага свайго кліента стаўлюся так, як хацела б, каб ставіліся да мяне.
Па словах гераіні, у прафесіі трэба трымаць руку на пульсе часу, займацца самаадукацыяй, ведаць заканадаўства, новаўвядзенні ў галіне. Пералік паслуг у цяперашні час вялікі, і жыхары дастаткова сур’ёзна ставяцца да страхавання і патрабуюць ад спецыялістаў кампетэнтнасці і дзелавой граматнасці.
Наша гераіня карыстаецца павагай сярод кіраўніцтва, калег і насельніцтва раёна. Пра яе працу, як і пра саму жанчыну, можна пачуць толькі самыя цёплыя словы. За гады, праведзеныя ў Белдзяржстаху, узнагароджвалася Падзякамі за добрасумленную працу на розных узроўнях. Ёсць у скарбонцы і Падзяка ад Урада краіны.
– Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць усіх работнікаў прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Петрыкаўскім раёне, нашых ветэранаў з прафесійным святам, – падкрэсліла Святлана Мікалаеўна. – Няхай назапашаны жыццёвы вопыт і мудрасць дапамогуць дасягнуць вам новых вышынь. Жадаю, каб поспех і натхненне былі вернымі спадарожнікамі ва ўсіх вашых пачынаннях, а здароўе і дабрабыт – у штодзённым жыцці.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о