Колькі розных роляў штодзённа трэба пражыць выхавацелю дзіцячага садка! Ён павінен быць ласкавай маці, добрым сябрам, мудрым настаўнікам для кожнага малога. Але галоўнае – ад усяго сэрца любіць няўрымслівых “чамучак”. Пятнаццаць гадоў часцінку свайго сэрца і душы аддае дзецям выхавацель Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці горада Петрыкава Таццяна Заяц. Прыгожая, прыветлівая, заўсёды з усмешкай і добрым настроем, яна штодзень, як той клапатлівы садоўнік, прывівае дзецям лепшыя якасці і раскрывае іх адметныя рысы.
– Са школьных гадоў вызначылася з будучай прафесіяй. На прыкладзе бацькі, які на той час працаваў майстрам на вучэбна-вытворчым камбінаце, ведала: прафесія педагога патрабуе поўнай аддачы. Але мяне гэта не пужала. Пасля заканчэння першай гарадской школы паступіла ва ўніверсітэт імя Францыска Скарыны на факультэт “Руская філалогія”, – успамінае Таццяна Мікалаеўна.
Пачала сваю прафесійную дзейнасць гераіня ў дзіцячым садку № 7 горада Петрыкава, а ў 2020 годзе прыйшла ў Дашкольны цэнтр. Выхавацель прызнаецца, каб працаваць з дзеткамі давялося сур’ёзна займацца самаадукацыяй, выбудоўваць асабісты падыход у навучанні і выхаванні малых. У далейшым яна прыйшла да высновы пра неабходнасць атрымання другой вышэйшай адукацыі па дашкольнай адукацыі, што паспяхова здзейсніла на базе Мазырскага ўніверсітэта імя Івана Шамякіна.
– Пад маёй апекай зараз трынаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак старэйшай інтэграванай групы – вясёлыя, гарэзлівыя, цікавыя, з рознымі характарамі і звычкамі, – дзеліцца педагог.
Каманда не малая, што і казаць, але Таццяна Мікалаеўна змагла падабраць ключык да кожнага. Мая гераіня – выхавацель з вялікай літары. У яе прафесійнай скарбонцы шмат цікавых, дзейсных методык і распрацовак, творчых знаходак.
Педагог пастаянна ў пошуку новага, актуальнага. Апошні час Таццяна Мікалаеўна выкарыстоўвае ў сваёй практыцы тэорыю рашэння вынаходніцкіх задач.Педагог дзеліцца: такая тэхналогія ўключае сістэму калектыўных гульняў, заняткаў, прызваных не змяніць асноўную вучэбную праграму, а максімальна павялічыць яе эфектыўнасць. Гэта такі працэс стварэння новага, які злучае ў сябе дакладны разлік, логіку і інтуіцыю. Яе прымяненне ў рабоце з дашкалятамі дазваляе вырасціць з дзяцей сапраўдных выдумшчыкаў, якія ў дарослым жыцці становяцца вынаходцамі, генератарамі новых ідэй. Рэалізацыяй дадзенай тэхналогіі, навінкамі ў адукацыйным працэсе Таццяна Мікалаеўна дзеліцца з калегамі Петрыкаўшчыны, так як з’яўляецца членам абласной творчай лабараторыі па дадзеным напрамку.
Слухаючы, з якім натхненнем мая гераіня расказвае пра сваю працу, выхаванцаў, становіцца відавочным, чаму яе партрэт у бягучым годзе з’явіўся на раённай дошцы Гонару. Так, Таццяна Мікалаеўна пераможца ў намінацыі “Лепшыя па прафесіі”. Жанчына прызнаецца: Цэнтр стаў для яе домам, а калегі – аднадумцамі. Акрамя работы з дзецьмі, калектыў установы вядзе актыўнае жыццё. Экскурсіі, удзел у творчых, спартыўных мерапрыемствах, членства ў танцавальным гуртку “Натхненне” – робяць жыццё работнікаў цікавым і яскравым.
Зямлячка не толькі паспяховая ў прафесіі, а таксама і ў асабістым жыцці. Яна знайшла неабходную ёй гармонію, спалучыўшы сямейныя абавязкі з прафесійнай дзейнасцю.
– Для мяне сям’я ў любым выпадку будзе заўсёды знаходзіцца на першым месцы. Я лічу, што сучасная жанчына здольная на многае: быць добрай жонкай і клапатлівай маці, і ў той жа час рэалізавацца ў прафесіі.
Таццяна Мікалаеўна прызнаецца: муж яе ва ўсім падтрымлівае і дапамагае, дочкі даюць нагоду для гонару. Ганна закончыла першую гарадскую школу з залатым медалём і сёння студэнтка БелДУТа, Вольга – сёлетняя выпускніца школы, а Вікторыя трэццякласніца. Дзяўчаты радуюць сваімі адносінамі да вучобы.
У час гутаркі з педагогам, прыйшло на памяць выслоўе – шчаслівая жанчына паспяховая ва ўсім. Гэтыя словы можна аднесці і да маёй гераіні. І я жадаю ёй такой заставацца заўсёды – узорам мудрасці, мэтанакіраванасці і жаноцкасці.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о