Добрыя справы бываюць рознымі. “Хуткую харчовую дапамогу” птушкам аказваюць навучэнцы Брынёўскай сярэдняй школы.
Знайсці корм пад снегам зімой складаней, пры гэтым яго патрабуецца больш: птушкам неабходна дадатковая энергія, каб сагрэцца. Асабліва няпроста даводзіцца пасля таго, як зямля і галінкі дрэў пакрываюцца лёдам. Але дапамагаючы птахам, важна рабіць гэта правільна, каб не нашкодзіць ім. Неабходна арганізаваць зімовыя кармленні птушак так, каб дапамога была максімальна эфектыўнай. Адной з самых добрых і карысных спраў у гэты час з’яўляецца выраб і развешванне кармушак. Навучэнцы 4 класа Брынёўскай сярэдняй школы актыўна ўдзельнічаюць у гэтай важнай акцыі, якая накіравана не толькі на дапамогу птушкам, але і на выхаванне ў дзяцей беражлівых адносін да прыроды.
– Нашы навучэнцы ўвесь час клапоцяцца пра птушак. На аб’яднанні па інтарэсах ”Умелыя ручкі” пад кіраўніцтвам настаўніка па працоўным навучанні Антона Голіка рабяты вырабілі і развесілі ў школьным двары больш за 10 кармушак.
Птушак на прылеглай тэрыторыі вельмі шмат. Дадатковы корм для многіх з іх – выратаванне, – распавяла ў час гутаркі намеснік дырэктара Брынёўскай сярэдняй школы Наталля Аўрамец. – Сам працэс стварэння кармушак стаў сапраўднай прыгодай для дзяцей. Разам з педагогам яны выкарыстоўвалі розныя матэрыялы, такія як драўляныя дошчачкі, пластыкавыя бутэлькі і вяроўкі. Рабяты праяўляюць сваю фантазію і творчы падыход, ствараючы ўнікальныя кармушкі. Некаторыя навучэнцы вырашылі ўпрыгожыць свае вырабы яркімі фарбамі, каб прывабіць птушачак у школьны двор.

“Працоўны дэсант” развешвае кармушкі не толькі на тэрыторыі школы, але і па вуліцах вёскі і ў парку, дзе птушак збіраецца найбольшая колькасць. Таксама кожны тыдзень “дзяжурныя” папаўняюць запасы пачастункаў для птушак: збожжа, семечкі, несалёнае сала.
Сталоўка для птушак атрымалася цудоўная. Кожная птушачка можа выбраць сабе корм на свой густ. Часцей прылятаюць паласавацца сініцы, сойкі і вераб’і.
– Наша задача, каб птушкі ў зімовы час былі забяспечаны ежай. Праз такія простыя дзеянні мы выхоўваем пакаленне экалагічна ўсвядомленых грамадзян, якія будуць клапаціцца пра прыроду нашага раёна і яго насельніках, – адзначыла Наталля Анатольеўна.
Марыя ТАМКО, фота аўтара.






Оставить комментарий