Згодна з Пастановай Савета Міністраў ад 24 жніўня 2022 года нумар 546, тэрмін абарачэння імянных прыватызацыйных чэкаў “Маёмасць” устаноўлены ў Беларусі па 31 снежня 2025 года.
У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам абмену на акцыі падлягаюць ІПЧ “Маёмасць”:
налічаныя пакупніку ў адпаведнасці з артыкулам Закона “Аб імянных прыватызацыйных чэках Рэспублікі Беларусь” ад 6 ліпеня 1993 года (квота на маёмасць дзяржаўных прадпрыемстваў) і атрыманыя ў спадчыну;
перааформленыя пакупніку ад блізкіх сваякоў (бацькоў, дзяцей, мужа і жонкі, родных братоў і сясцёр, унукаў, бабуль, дзядуляў, свякрухі, свёкра, цесця і цешчы), якім яны былі налічаны ў якасці асабістай маёмаснай квоты, але ў суме не больш за 250 ІПЧ “Маёмасць” на працягу ўсяго перыяду бязвыплатнай прыватызацыі.
Набываючы акцыі, грамадзянін становіцца акцыянерам і ў адпаведнасці з заканадаўствам мае права ўдзельнічаць у кіраванні грамадствам, атрымліваць інфармацыю аб дзейнасці прадпрыемства, а таксама прадаваць, дарыць і атрымліваць у спадчыну акцыі.
Для абмену чэкаў на акцыі трэба звярнуцца ў любое падраздзяленне банка, якое аказвае такую паслугу. Інфармацыя аб такіх падраздзяленнях размешчана на афіцыйным сайце Беларусбанка або яе можна атрымаць па тэлефоне 147.
Акрамя таго, ІПЧ “Маёмасць” можна завяшчаць і ўспадкоўваць. Каб аформіць спадчынныя правы пасля смерці бацькоў, вам неабходна звярнуцца па кансультацыю ў натарыяльную кантору па месцы іх апошняга жыхарства. Пры сабе неабходна мець пасведчанні аб смерці, ваша пасведчанне аб нараджэнні, пашпарт. Натарыус, вывучыўшы прадстаўленыя вамі дакументы, растлумачыць парадак вашых далейшых дзеянняў.
Таксама трэба мець на ўвазе, што пасля заканчэння тэрміну абарачэння ІПЧ “Маёмасць” уладальнік чэкаў мае права атрымаць кампенсацыю ад дзяржавы, аднак кампенсуюць толькі чэкі, налічаныя асабіста грамадзяніну, падораныя або атрыманыя ў спадчыну кампенсацыі не падлягаюць.
У адпаведнасці з Пастановай Савета Міністраў “Аб змяненні кошту імяннога прыватызацыйнага чэка “Маёмасць” ад 6 ліпеня 2005 года № 756 кошт аднаго нявыкарыстанага ІПЧ “Маёмасць” на сённяшні дзень складае 0,44 рубля.
Аддзел эканомікі райвыканкама.
Оставить комментарий