З карысцю для агульнай справы праводзяць канікулы навучэнцы Брынёўскай сярэдняй школы.

У летні перыяд у рамках работы лагера працы і адпачынку “Экіпаж” навучэнцы працуюць у лесагадавальніку Ляскавіцкага лясніцтва ДПУ НП “Прыпяцкі”.
У лагеры падлеткі разумна спалучаюць адпачынак і працу, умацаванне здароўя з працоўным выхаваннем, што спрыяе развіццю іх грамадскай актыўнасці і падрыхтоўкі да выбару прафесіі.


Раніца ў юнакоў і дзяўчат пачынаецца з бадзёрай зарадкі і карыснага сняданку, пасля чаго яны адпраўляюцца на працоўную дзейнасць у лесагадавальнік. У другой палове дня для выхаванцаў лагера арганізаваны адпачынак: конкурсы, віктарыны, экскурсіі, удзел у школьных акцыях.
– Прыемна ўсведамляць, што ўсе навучэнцы школы, якія дасягнулі 14-гадовага ўзросту, з радасцю пагадзіліся наведваць лагер працы і адпачынку. А гэта значыць, што нашы дзеці любяць і хочуць працаваць, гатовыя прыносіць карысць грамадству. Рабяты займаюцца праполкай лясных раслін і доглядам за імі, – адзначыла намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці Наталля Аўрамец.


Два гады ў цяпліцах па ініцыятыве генеральнага дырэктара ДПУ НП “Прыпяцкі” Юрыя Апановіча вырошчваюць дэкаратыўныя расліны для азелянення тэрыторыі. Сёння іх налічваецца каля 30-ці відаў, уключаючы ядловец, барбарыс, розныя віды гартэнзій. Усяго на плошчы гадавальніка размешчаны два чараночніка для дэкаратыўных раслін і чатыры цяпліцы. Асноўныя пароды – дуб чарэшчаты, хвоя звычайная, бяроза павіслая, алешына чорная, клён вастралісты і ясень.
У школьнікаў арганізаваны зладжаны рэжым працы з рэгламентаванымі перапынкамі на адпачынак. Прадугледжана трохразовае харчаванне на базе ўстановы адукацыі. Перад пачаткам змены ўсе ўдзельнікі лагера прайшлі інструктаж па тэхніцы бяспекі і правілах працы ў гадавальніку.
Як адзначаюць самі рабяты, такі від занятасці – гэта не проста праца, а каштоўны вопыт: яны асвойваюць новыя навыкі і зарабляюць уласныя грошы.
Дзевяцікласніца Ульяна Краменская адзначыла, што ў такім лагеры ўпершыню. У школе прапанавалі адпачыць і папрацаваць і яна вырашыла паспрабаваць. Хацела паглядзець, як усё ўладкавана на справе. Ёй імпануе магчымасць шмат часу праводзіць з сябрамі.


Па словах начальніка лесагадавальніка Марыны Голік, праца моладзі ў складзе школьных працоўных лагераў на базе лесагадавальніка – гэта добрая дапамога, бо юнакі і дзяўчаты бачаць, як расце лес, уносяць лепту ў яго аднаўленне і, магчыма, нехта з іх у будучыні звяжа жыццё з лясной галіной.
Падлеткі задаволеныя такой формай працы і адпачынку, і прызнаюцца, што не супраць падоўжыць яшчэ працоўныя адносіны з Нацпаркам.
Летнія канікулы – гэта час, калі можна сумясціць прыемнае з карысным: і адпачыць, і набыць новыя працоўныя навыкі.

Запісала Марыя ТАМКО,
фота з архіва Брынёўскай сярэдняй школы.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о