Для многіх беларусаў летні адпачынак не ўяўляецца паўнавартасным без купання. Вада – гэта здароўе, радасць, пазітыў. На жаль, не заўсёды такое часаправядзенне заканчваецца добра.

Жыхары краіны прыходзяць у жах ад жудасных навін гібелі суайчыннікаў на вадзе. Толькі за суткі мінулых выхадных у рэспубліцы патанулі шэсць чалавек. Калі прааналізаваць сітуацыю, то пераважная большасць няшчасныя выпадкі на вадзе ў перыяд пляжнага сезону адбываюцца ў месцах, якія не прызначаны для купання, дзе няма выратавальных службаў. Дзяржаўныя органы прафілактыкі робяць усё магчымае, каб пазбегнуць бяды: інфармацыя пра дазволеныя для купання месцы, заклік не пакідаць дзяцей адных каля вадаёмаў размяшчаецца ўсюды і актуалізуецца штодня, патруліруюцца пляжы, вядуцца гутаркі. Толькі многія дарослыя на перасцярогі не звяртаюць увагі, думаюць, што дрэннае можа здарыцца з кім заўгодна, толькі не з імі.
Вельмі балюча чытаць пра тое, што гінуць дзеці. Толькі ў Гомельскай вобласці за купальны сезон вада забрала жыцці пецярых непаўналетніх – адзінаццаць паспелі выратаваць спецыялісты. Прыняць такую трагедыю цяжка ўдвая, бо яе можна было б пазбегнуць, каб дарослыя не грэбавалі вядомымі ім правіламі. Многія маці і таты наклікалі бяду самі: прывялі малых на “дзікі” пляж, пераключылі ўвагу з дзіцяці на нешта другое, дазволілі непаўналетнім самастойна пайсці да вады. Іх бестурботнасць прывяла да незаменных страт і болю на ўсё жыццё.
Не так даўно я асабіста пераканалася, што некаторыя адпачываючыя ставяцца да пытання бяспекі дзяцей каля вадаёмаў неналежным чынам. З убачанага мною на першым гарадскім пляжы: маці з дачкой загараюць, абое без галаўных убораў у 33-х градусную спякоту. Праз час яны пайшлі ў ваду. Дзе гарантыя, што камусьці з іх не стане дрэнна ад перагрэву. Яшчэ сітуацыя: маці на пляжы чытае кніжку, дзіця побач гуляе ў пясочку. Дзяўчынка гадоў пяці, самастойна падыходзіць да вады і набірае яе ў вядзерца. Маці “адным вокам” назірае за дачкой. А што, калі сюжэт рамана захопіць так, што на нейкія секунды “выпадзеш” з рэальнасці? Яшчэ на адзін момант нядрэнна звярнуць увагу адпачываючым – дазвол непаўналетнім плаваць на надзіманых камерах, матрацах. Гэта небяспечна для тых хто не ўмее плаваць. Многія забываюць, што дадзеныя прадметы дастаткова лёгкія і нават слабы вецер можа аднесці іх на вялікую адлегласць. А калі бераг ужо па-за межамі дасягальнасці, а жыццё родных пад пагрозай, мы ўспамінаем усе наказы і бяжым да выратавальнікаў.
Усім нам неабходна зразумець важную рэч: быць з дзецьмі каля вады для дарослых – гэта праца і адказнасць. І дадзенае правіла павінна дзейнічаць не толькі на рэках і азёрах. Малышы тонуць на тэрыторыі домаўладанняў у бочках, штучных вадаёмах, басейнах. Любы дзіцячы адпачынак павінен быць на асабістым кантролі дарослых. Колькі б дачцэ або сыну не было гадоў, няважна, дашкольнік гэта або навучэнец – не варта пакідаць яго без нагляду. Менавіта родныя павінны арганізаваць дзецям бяспечныя летнія дні. Не патрэбна ўступаць у дуэль са смерцю. Невядома – хто выйдзе пераможцам.

Святлана СОБАЛЕВА,
Фота Галіны КАЗАК.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о