Каханне, вернасць і звонкі дзіцячы смех. Вынікі 2025 года ў лічбах Петрыкаўскага ЗАГСа

0
220

Каханне, вернасць і звонкі дзіцячы смех. Вынікі 2025 года ў лічбах Петрыкаўскага ЗАГСаДнямі мы сустрэліся з начальнікам Петрыкаўскага ЗАГС Ганнай Туравец, каб падвесці вынікі работы аддзела за 2025 год. У час размовы мы не абмежаваліся сухімі лічбамі справаздачы, а пагаварылі пра галоўнае – каштоўнасці людзей, пачуцці і тыя прыгожыя падзеі, за якімі стаяць лёсы землякоў.

Без перабольшання, ЗАГС – гэта не толькі гербавая пячатка, гэта люстэрка жыцця раёна. І калі паглядзець у гэтае люстэрка праз прызму мінулага года, то мы ўбачым, што петрыкаўчане працягваюць верыць у каханне і будаваць моцныя сем’і.

Пад гукі Мендэльсона

Так, па інфармацыі Ганны Туравец, у 2025 годзе аддзелам ЗАГС Петрыкаўскага райвыканкама было зарэгістравана 98 новых сямейных саюзаў.
– Большасць – 61 пара, пабраліся шлюбам у нашым гарадскім аддзеле. Для 75 пар гэта быў першы шлюб. Што да сярэдняга ўзросту, у якім пары афіцыйна рэгістравалі свае адносіны, то ён даволі свядомы: 34 гады для мужчын і 32 – для жанчын. Аднак дыяпазон узросту маладых пры гэтым даволі шырокі. Так, самыя юныя жаніх і нявеста мелі 19 і 16 гадоў адпаведна, а рамантыкі, якія даказалі, што каханню ўсе ўзросты пакорныя, рэгістравалі шлюб у 65 і 67 гадоў адпаведна – і гэта проста цудоўна. Такія пары асабіста мяне неверагодна натхняюць, расце разу-менне, што сапраўдныя пачуцці не маюць тэрміну прыдатнасці.
Хочацца адзначыць, што ў мінулым годзе повязямі шлюбу на Петрыкаўшчыне пабраліся грамадзяне Расіі, Славакіі, Польшчы, Малдовы і Украіны. Гэта сведчыць пра тое, што для сапраўднага кахання няма межаў. Такім чынам, маладыя Петрыкаўшчыны даказалі: шчырыя пачуцці і жаданне будаваць сумесную будучыню застаюцца галоўным прыярытэтам, – пазначыла Ганна Іванаўна.

У вас будзе дзіцятка

Галоўнай “метрыкай шчасця” для кожнай сям’і з’яўляецца нараджэнне дзіцяці. Па інфармацыі начальніка аддзела ЗАГС, радасным вынікам года стаў крык 135 нованароджаных, якія ўпершыню ўбачылі свет у нашым раёне. Адназначна, кожны з гэтых малых – гэта надзея, працяг роду і велізарнае шчасце для сваіх бацькоў.
З перавагай у дзевяць немаўлят у рэйтынгу нараджальнасці лідзіруць хлопчыкі – іх нарадзілася 72, дзяўчынак, адпаведна, 63. І ўсё ж можна сцвярджаць, што прыродны баланс, практычна, вытрыманы. 79 нованароджаных былі зарэгістраваны ў райцэнтры, 56 – у сельвыканкамах Петрыкаўшчыны. 44-ры сямейныя пары ўпершыню спазналі шчасце бацькоўства. Разам з тым, прыемна адзначыць, што многія сем’і ў нашым раёне вырашыліся на другое і трэцяе дзіця – гэта лепшы паказчык упэўненасці ў заўтрашнім дні. Пасведчанне аб нараджэнні другога дзіцяці атрымалі 39 сем’яў, трэцяга – 28. Да таго ж, сёлета нас двойчы радавалі двайняты: немаўляткі зарэгістраваны ў Ляскавіцкім і Чалюшчавіцкім сельсаветах.

Магія імя: выбар землякоў

Трэнды мяняюцца, але і класіка застаецца. Сярод дзяўчынак абсалютнай фаварыткай стала біблейскае імя Ева – яго маладыя бацькі выбіралі 5 разоў. На другім месцы Вікторыя – 4 маленькія зямлячкі, паводле значэння імя, абавязкова павінны стаць “пераможцамі” па жыцці. Зарэгістраваны аддзелам ЗАГС тры Адэліны і столькі ж Міраслаў.
У хлопчыкаў з вялікім адрывам лідзіруе старажытнагрэчаскае імя Цімафей, што даслоўна перакладаецца “які ўшаноўвае Бога” – 8 маленькіх Цімафеяў папоўнілі нашы спісы. За ім ідзе Аляксандр (6) і Іван (5). Як бачым, не толькі модным і сучасным імёнам аддавалі перавагу маладыя бацькі – славянскія і біблейскія імёны таксама не страчваюць сваёй актуальнасці.

Не сышліся характарамі

На жаль, жыццё – гэта не толькі святы. У 2025 годзе свае лічбы мае і статыстыка разводаў: 14 пар афіцыйна скасавалі шлюб. Самы кароткі шлюб доўжыўся 10 месяцаў і 12 дзён, а самы доўгі з завершаных – амаль 31 год.
Заўважылі: часцей за ўсё “штарміць” маладыя саюзы, якія не пражылі і пяці гадоў. Але ёсць і пазітыўны трэнд – колькасць скасаваных шлюбаў штогод змяншаецца, землякі імкнуцца захаваць шлюб дзеля дзяцей і агульных традыцый.

Ідэальны момант

Сапраўды, мінулы год стаў для нашага раёна па-сапраўднаму шчодрым на радасныя падзеі. А як іначай, калі кожны новы запіс у кнігах актаў грамадзянскага стану – гэта пачатак унікальнай гісторыі кахання ці доўгачаканага новага жыцця. Статыстыка – рэч строгая, але ў нашым выпадку яна напоўнена самымі светлымі эмоцыямі.
Што да пажаданняў петрыкаўчанам, якія толькі плануюць прыйсці ў ЗАГС у 2026 годзе, Ганна Туравец адзначыла паступнае:
– Не чакайце “ідэальнага моманту” і не чапляйцеся да прыгожай даты. Ідэальны момант – гэта калі вы кахаеце адзін аднаго. Прыходзьце да нас па радасныя нагоды. Няхай у вашых дамах гучыць дзіцячы смех, а ў дакументах будуць толькі запісы пра шчаслівыя падзеі.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о