Каханне, памножанае на пяць

0
522

Каханне, памножанае на пяць

З дзяцінства яна хацела дапамагаць усім, каму гэта патрэбна. Можа, таму заўсёды марыла стаць настаўніцай, закончыла Мазырскі педагагічны інстытут і сёння працуе ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі. Творчая, актыўная, ініцыятыўная, паспяховая і запатрабаваная. Аднак на першае месца заўсёды ставіла дом і сям’ю.
Юлія Мікалаеўна Пасечнік – шчаслівая матуля і жонка. Дзень маці для яе – свята асаблівае, бо віншуюць з ім муж і пяцёра дзетак, якіх яна называе сваім жыццём, сваім адлюстраваннем і сэнсам.

Пачынаецца ўсё з кахання…
У выпадку Юліі Мікалаеўны – з любові да Бога. Са сваім будучым мужам наша гераіня пазнаёмілася ў храме.
– Аб’ядналі нас агульныя ідэалы, каштоўнасці, аднадумства. З першых хвілін знаёмства я адчула з боку Дзмітрыя паважлівасць, шчырасць, дабрыню, сарамлівую пяшчоту, схаваную мужчынскую сілу і пачуццё адказнасці. Разам мы ўжо без малога 25 гадоў і я з упэўненасцю магу сказаць: каханне паміж мужам і жонкай з кожным пражытым годам мацнее, калі грунтуецца на ўзаемным клопаце і паважлівым стаўленні, – разважае пра шлюб і пра сям’ю суразмоўца.
Дзеткі – жыцця кветкі!
А пацвярджэнне сапраўднага кахання – дзеці. Юлія Мікалаеўна была адзіным дзіцям у сям’і. Спакойная, паслухмяная і дапытлівая. Зараз жанчына не можа ўявіць сябе без сваіх пецярых “я”, і, канечне ж, мацярынскае сэрца ў роўнай ступені хвалюецца абсалютна за кожнага.
Як згадала ў час размовы гераіня, пра вялікую сям’ю марыла, хацела дзве дачкі, два сыны і дачушку апошняй.
– Між іншым, гэта мара ўсплыла ў памяці пасля нараджэння пятага дзіцяці. І тады я зразумела, што Гасподзь мне зрабіў такі цудоўны падарунак!
Ведаеце, не ўсе цяжарнасці былі запланаваныя. Больш за тое, некаторыя былі сюрпрызам і здараліся ў той час, калі я рыхтавалася да чагосьці іншага. І нават патрэбен быў час, каб прыняць цяжарнасць, у нейкай ступені адмовіцца ад сваіх далёка ідучых планаў і асабістых жаданняў. Аднак заўсёды мяне падтрымліваў муж – і хутка знікала разгубленасць, яе змяняла ўсведамленне, што праз мяне ў гэты свет прыходзіць чалавек, што ў мае рукі Бог уручае чалавечую душу, і цяпер ужо ад майго здароўя, эмацыйнага стану і наогул жыцця залежыць, якім ён стане. З кожнай цяжарнасцю я адчувала ўсю адказнасць за тое, што адбываецца і ніколі не пашкадавала пра свой выбар на карысць пецярых дзетак. Як паказаў час, усё было да лепшага – за ўсе падзеі свайго жыцця я шчыра ўдзячная Богу і блізкім людзям. А нязбытыя планы і мары – былі летуценнымі імгненнямі, ад якіх і ўспаміну ўжо не засталося, –згадала перажытае наша гераіня.
Як шчыра прызнаецца Юлія Мікалаеўна, часам ад знаёмых і калег даводзіцца чуць: што вы робіце з такой колькасцю дзяцей? Жанчына гаворыць, што такое пытанне проста здзіўляе. Першае, што яна адказвае: люблю. Як мудра зазначыла суразмоўца, мацярынская любоў не дзеліцца, а наадварот – памнажаецца з кожным дзіцяткам. І дзеці ў сваю чаргу адказваюць маці такой жа любоўю.
– Быць мамай аднаго дзіцяці або шматдзетнай мамай – адказная і няпростая справа: няма нічога важней чалавека, нічога важней выхавання годнай асобы, – упэўнена Юлія Мікалаеўна.
Шчасце – быць патрэбнай і любімай!
– Мне здаецца, выбар маёй прафесіі быў таксама промыслам Божым: у жыцці мне часта даводзіцца сустракацца з людзьмі, якія шукаюць дапамогу і падтрымку. Цяпер я магу аказаць яе і на прафесійным узроўні. У Цэнтры творчасці я працую загадчыкам мастацкага аддзялення і педагогам дадатковай адукацыі, – працягнула свой аповед Юлія Мікалаеўна.
Па словах гераіні, мець любімую работу для сучаснай жанчыны гэтак жа важна, як мець шчаслівую сям’ю. Калі маці сацыяльна актыўная, паспяховая, яна цудоўны прыклад для сваіх дзяцей, для развіцця іх інтарэсаў, схільнасцей, талентаў.
– Я веру, што толькі шчаслівая і самадастатковая жанчына здольна выгадаваць такіх жа дзяцей. Таму, дарагія матулі, беражыце сябе, сваё здароўе, шукайце тое, што вас натхняе, падтрымлівае ў гэтым жыцці, і памятайце: вы – найважнейшы чалавек у жыцці сваіх дзяцей і заслугоўваеце самага лепшага, – адрасавала ўсім матулям свае шчырыя парады жанчына.
Што да сямейных традыцый нашай гераіні, то яны стараюцца як мага часцей праводзіць час разам: па нядзелях наведваюць храм, дзе Юлія Мікалаеўна, да таго ж, вядзе заняткі ў нядзельнай школе. Галоўнае правіла сям’і Пасечнікаў – любі і дары клопат родным людзям.
– Мы любім абмяркоўваць пражыты дзень, дзяліцца радасцямі і хваляваннямі – гэта ўсё дазваляе, як гаворыцца, трымаць руку на пульсе, адчуваць настрой кожнага члена сям’і і разумець: родным людзям цікава, чым ты жывеш.
Мацярынства – Божы давер
Ці хацела б шматдзетная маці нешта змяніць у жыцці і ці лічыць сябе гераіняй? Не. Юлія Мікалаеўна толькі дзякуе Богу за шчасце мацярынства, за магчымасць бачыць святло ў вачах дзяцей, а разам з ім – непадробную любоў і шчырасць.
– Нічога не трэба баяцца, – раіць яна жанчынам, якія плануюць нараджэнне дзіцяці. – Не важна, у якім узросце, – неабходна нараджаць. Хто мы такія, каб вырашаць лёс маленькага, бездапаможнага чалавека? Прыпыненне цяжарнасці – гэта вялікі грэх. Абсалютна любы чалавек мае права на жыццё. А калі мы молімся за дзяцей, Бог іх абавязкова аберагае. Я ў гэтым шчыра пераканана, таму ўсім мамам хачу пажадаць верыць у тое, што кожнае дзіця, якое прыходзіць у гэты свет, – Божы падарунак, гэта верх Божага даверу да асобы матулі. Да таго ж свята жанчын-маці супадае з Пакровам Прасвятой Багародзіцы і дорыць нам заступніцтва Дзевы Марыі.
Ведаеце, я лічу, што свет стане намнога дабрэй і святлей, калі мы ўсе будзем дарыць адзін аднаму любоў, клопат і падтрымку. Некалі мяне вельмі закранулі радкі, якія я абрала сваім жыццёвым арыенцірам: “Любі людзей, як любіць цябе Бог. Дары астатнім тое, што Ён дорыць табе. Хай кожная душа тое ў табе знаходзіць, што сам знайсці ты ў Богу змог…”

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о