Хутка ў школу: як дзяржава дапамагае шматдзетным сем’ям

0
263

Хутка ў школу: як дзяржава  дапамагае шматдзетным сем’ям

Да Дня ведаў – крыху больш за тыдзень. Калі вучні ў прадчуванні сустрэчы з настаўнікамі і аднагодкамі, то перад бацькамі стаіць важная задача: сабраць дзіця ў школу.

У рамках праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека”, штогод напярэдадні 1 верасня ў нашай краіне праводзіцца кампанія па аказанні шматдзетным сем’ям дапамогі ў падрыхтоўцы дзяцей да школы. На гэтую тэму мы пагутарылі з Наталляй Хрыпач, жыхаркай Петрыкава, якая ра-зам з мужам выхоўвае чацвярых дзяцей. Сям’я ўжо скарысталася дзяржаўнай падтрымкай.
– Падобная матэрыяльная дапамога служыць выдатнай падтрымкай для бацькоў у набыцці неабходных тавараў да школы. У нас тры школьнікі: дзве дачкі і сын. Купіць усё неабходнае адразу – няпроста, асабліва, калі ў сям’і вучань не адзін, – дзеліцца Наталля Анатольеўна.
– Зразумела, мы з мужам планавалі сямейны бюджэт так, каб дзецям купіць усё неабходнае да навучальнага працэсу без чыёй-небудзь дапамогі. Лічым, што гэта наш клопат і абавязак. Але не буду хаваць, што магчымасць за кошт дзяржавы закрыць некаторыя пытанні ў набыцці неабходных для дзяцей рэчаў, стала для нас прыемнай навіной.
Матэрыяльную дапамогу ад дзяржавы, крыху больш за 129 рублёў на школьніка, сям’я выдаткавала на адзенне: дзеці хутка растуць і трэба абнаўляць гардэроб. Па словах шматдзетнай маці, тыя фінансавыя сродкі, што выдаткавала дзяржава, канечне не могуць у поўнай меры задаволіць патрэбы школьніка. Але ў дадатак да асабістых зберажэнняў – падтрымка значная.
– Без увагі дзяржава нас, шматдзетныя сем’і, не пакідае, – дзеліцца суразмоўца. – А калі ёсць падтрымка, з’яўляецца ўпэўненасць і ва ўласных сілах. А таксама адчуванне таго, што вялікая сям’я – гэта не толькі радасць для бацькоў, але і каштоўнасць для краіны.

Святлана СОБАЛЕВА,
фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о