Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!

0
1389

Свята Божага Нараджэння – гэта час асаблівай радасці, любові, супакою, час прабачэння, еднасці. Час, калі кожны чалавек становіцца на кропельку лепшым, бо немагчыма інакш – Збаўца нарадзіўся!

У святы Божага Нараджэння з глыбіні нашых сэрцаў мы ўзносім да Нябеснага Айца гімн удзячнасці i любові “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі супакой людзям добрай волі!” (Лк 2,14). Мы праслаўляем Бога, бо ў таямніцы Уцелаўлення свайго Адзінароднага Сына, Езуса Хрыста, аб’явіў нам бязмежнасць сваей айцоўскай любові. Яго найвялікшае жаданне – адарыць нас ycix паўнатой збаўлення.

3 нагоды святаў Божага Нараджэння, а таксама надыходзячага Новага 2026 года Гасподняга, жадаю ўсім вернікам i людзям добрай волі глыбокай веры, надзеі i любові.
Няхай святы Божага Нараджэння прамаўляюць да нас усёй моцай надзеі i радасці. Няхай у нашых сэрцах паселяцца мip i радасць, дабрыня i міласэрнасць, цярплівасць i чуласць. Няхай Божая любоў, аб’яўленая ў Асобе Дзіцяткі Езуса, абудзіць у нас самыя высакародныя жаданні дзялення любоўю з бліжнімі, аказання дапамогі ўсім, маючым патрэбу, сведчання словам i чынам аб веры, якая надае сэнс усяму нашаму жыццю.

Няхай міласэрны Бог адорыць кожнага моцным здароўем, шчасцем, добразычлівымі людзьмі і поспехамі ў кожным добрым пачынанні.
Радасных святаў! Хрыстус нарадзіўся! Славім Яго!

Яцэк БАРОВЕЦ,
ксёндз, настаяцель касцёла
Благавешчання Прасвятой Дзевы Марыі.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о