Сёння праваслаўныя вернікі Петрыкаўшчыны адзначаюць вялікую светлую падзею – 185-годдзе храма Свяціцеля Мікалая Цудатворцы.

Храм Свяціцеля Мікалая – сімвал Неба і Зямлі.

Мікалаеўскі храм – візітоўка Петрыкава і адна з галоўных яго славутасцей. Размешчаны на высокім узгорку над Прыпяццю, ён прыцягвае сваёй архітэктурай, прыгажосцю і слаўнай гісторыяй. Гэта тое месца, дзе можна адчуць подых часоў, задумацца пра чалавека ў прасторы вечнасці, паразважаць пра жыццё, якое для кожнага з нас было і застаецца ў выпрабаванні і веры.

Юбілеі – гэта перш за ўсё вехі, якія абазначаюць этапы прой-дзенага шляху. Помнік гісторыі размяшчаецца на месцы, дзе ў 1772 годзе стаяла драўляная царква. Яна згарэла ў пачатку 19 стагоддзя ад навальніцы. У зборніку “Прыпяцкае Палессе”, выдадзеным інстытутам гісторыі НАН Беларусі, мяне зацікавіў змест аднаго архіўнага дакумента XIX стагоддзя, які яскрава перадаваў значэнне рэлігіі ў жыцці нашых прашчураў. “У мястэчку Петрыкаў Мінскай епархіі ад удару маланкі згарэла мясцовая Мікалаеўская царква з трыма пасадамі. Няшчасце прынята вернікамі як недапушчэнне Божае і аплакана шчырымі слязамі. Пад свежым уражаннем ад спасцігшай бяды вернікі ў розны час ахвяравалі 12000 тысяч рублёў на пабудову новай каменнай царквы”.

Храм Свяціцеля Мікалая – сімвал Неба і Зямлі.
Мікалаеўскі храм. Фота 30-х гадоў ХХ стагоддзя.

Аднак сабраных сродкаў аказалася недастаткова для пабудовы мураванага будынку. Сведчаннем таму з’яўляецца рапарт епіскапа Мінскага і Тураўскага ў Свяцейшы Сінод, у якім ён прасіў выдзеліць грошай з казны. Грошы ўсё ж такі  былі выдзелены, але жыхары Петрыкава ўжо жадалі павялічыць будынак храма і знайшлі дадатковыя сродкі з добраахвотных ахвяраванняў.

Урэшце праз тры гады будаўніцтва святар царквы ў Петрыкаве Вячаслаў Якубовіч пісаў: “Пасля ўзмоцненага матэрыяльнага напружання, дзякуючы ахвяраванням прыхаджан, мясцовых купцоў, крэдытам рускіх гандлёвых фірм у мяне  атрымалася  давесці справу да канца і асвяціць новапабудаваны храм, які дамінуе над ваколіцамі і паводле выгляду свайго мог бы заняць месца ў любым губернскім горадзе”.

Датай заснавання храма прынята лічыць 1839 год. Будынак трохпрастольны: галоўны пасад – у імя Свяціцеля Мікалая, правы – у імя Прарока Ільі, левы – у імя Васілія Вялікага. У 1929 годзе царква падзяліла лёс многіх святыняў беларускай зямлі: была зачынена і разрабавана. У 1930 годзе са званіцы быў зняты звон вагой больш за 120 пудоў, адвезены на станцыю Капцэвічы і адпраўлены на пераплаўку. Да 1941 года памяшканне выкарыстоўвалася пад склад мукі, а ў ваенны час яго ачысцілі і сталі там праводзіць богаслужэнні. У пасляваенны час сіламі прыхаджан  царкву адрамантавалі. У розныя гады над роспісам купала, добраўпарадкаваннем храма працавалі мастакі, майстры з Расіі, Украіны, Петрыкаўшчыны.

Храм Свяціцеля Мікалая – сімвал Неба і Зямлі.

Мікалаеўскі храм ва ўсе часы з’яўляўся цэнтрам прыцягнення вернікаў. Так было, ёсць і будзе. Сёння, як і два стагоддзі таму, у святое месца ідуць людзі, каб памаліцца, пагутарыць са святарамі.

У гісторыю духоўнага жыцця Петрыкаўшчыны трывала ўпісана імя Благачыннага Петрыкаўскай акругі Протаіерэя Васілія Немеша.  Больш за трыццаць гадоў святар старанна працуе на славу Гасподнюю. Яго вера, стараннасць, адданасць справе служыць прыкладам для многіх жыхароў.

– Юбілей храма – важная падзея для прыходу. Яго гісторыя ўключае як радасныя, так і сумныя старонкі. Але нязменна адно – землякі тут чэрпаюць сілы, знаходзяць падтрымку і натхненне, – упэўнены Айцец Васілій. – Вера для чалавека – гэта стымул жыцця, без яе немагчыма існаваць. Калі чалавек з Богам у душы – яму лягчэй жыць.

Храм Свяціцеля Мікалая – сімвал Неба і Зямлі.

Служыцель царквы дзеліцца, што людзі рознымі шляхамі прыходзяць у храм: нехта з дзяцінства выхаваны ў веры, другія ў сталым узросце ўсведамляюць гэтае запатрабаванне. “Часам можна пачуць: я прыйшоў у царкву і нічога не разумею, не ведаю, што рабіць. Тады я прыводжу прыклад: калі дзіця прыходзіць у першы клас, яно таксама нічога не ведае. Але дзень за днём – і свет ведаў адчыняе свае дзверы. Храм – гэта таксама навука. І яе важна спасцігаць”.

– Самае галоўнае багацце Беларусі – мір. Нам незнаёмая нацыянальная, класавая і канфесійная варожасць. Сёння на ўзроўні дзяржаўнай палітыкі падтрымліваюцца сапраўдныя духоўныя каштоўнасці. Улада і царква маюць агульную мэту – ціхае і годнае жыццё суайчыннікаў. Вера, як аплот, і важная для народнага адзінства, – адзначае Васілій Немеш. – Неспакойныя падзеі апошніх гадоў, якія адбываюцца з нашымі брацкімі народамі, нагадваюць пра галоўнае: грамадства павінна быць адзінае ў сваіх думках, планах, справах. Мы молімся за нашу зямлю, просім, каб не напаткаў нас дрэнны лёс. Малітва аб’ядноўвае служыцеляў храма і прыхаджан у добрых намерах. Я жадаю ўсім веры ў душы, міру,  цярпення ў адносінах адзін да аднаго, каб кожны з нас змог спакойна ажыццяўляць свае планы.

Храм Свяціцеля Мікалая – сімвал Неба і Зямлі.

Мае пажаданні для храма – каб яго гісторыя ніколі не перарывалася.

Сёння жыццё ў храме насычанае і разнастайнае: дабрачыннасць, культурна-асветніцкія мерапрыемствы, у святым месцы ёсць свая бібліятэка, царкоўны хор. Кожны вернік уносіць свой уклад у гэты агульны малюнак, ствараючы ўнікальную атмасферу цеплыні, падтрымкі і духоўнага яднання. Адна з такіх – Таццяна Міцкевіч, якая больш за трыццаць гадоў наведвае святое месца.

– Для мяне быць прыхаджанкай, гэта перш за ўсё, служэнне Богу і людзям. Царква для мяне гэта не проста месца малітвы, гэта мой другі дом, – дзеліцца Таццяна Дзянісаўна. – Тут усе адчуваюць адзінства і падтрымку адзін да аднаго, адчуваюць, як малітва надае сілы. Чалавек у храме атрымлівае такое дабро ад Госпада, што ўжо чакае наступнай сустрэчы і прыводзіць у святое месца сваіх родных і блізкіх.

Храм Свяціцеля Мікалая – сімвал Неба і Зямлі.

Жанчына расказвае, што сярод мноства святых абразоў, асаблівай увагай карыстаецца выява святога Мікалая Цудатворцы. Шмат пачута гісторый з асабістага жыцця людзей, звязаных з тым, што Святы пачуў малітвы прыхаджан. У знак удзячнасці, каля выявы Мікалая Цудатворцы наведвальнікі пакідаюць  асабістыя ўпрыгожванні, як пацвярджэнне: вера дапамагае, малітвы былі пачуты.

Толькі добрыя і душэўныя словы мне давялося пачуць пра Мікалаеўскі храм ад землякоў пасля нядзельнай службы.

Алена: “Наведваю месца для малітвы каля трох гадоў. Першы раз прыйшла сюды па парадзе свякрухі, калі малодшай дачцэ споўніўся годзік. Тут я зразумела, што ў нашым імклівым жыцці павінны быць моманты адзіноты, прысутнічаць атмасфера прастаты і душэўнасці. Дзяцей ваджу з сабой мэтанакіравана. У свеце інтэрнэту і вонкавых спакус важна з маленства вучыцца сапраўдным каштоўнасцям”.

Храм Свяціцеля Мікалая – сімвал Неба і Зямлі.

Міхаіл: “Не скажу, што прыходжу сюды часта – прыкладна раз у месяц. Наведванні даюць магчымасць асэнсаваць падзеі, свае ўчынкі, прыняць рашэнні. Гэты храм для нашай сям’і важнае месца: тут калісьці вянчаліся з жонкай, а не так даўно хрысцілі ўнука”.

Ніна: “Калі прыязджаю ў горад, імкнуся прыйсці сюды. Мне больш камфортна наведваць святое месца, калі тут нешматлюдна. Кожны раз з цікавасцю і радасцю разглядаю абразы. Памяшканне ўражвае сваёй вытанчанасцю і ў той жа час прастатой. Набываю царкоўную літаратуру, маю зносіны са служыцелямі царквы, якія заўсёды з радасцю адказваюць на пытанні. Тут мне лёгка і спакойна”.

Званы Мікалаеўскага храма на працягу стагоддзяў запрашаюць вернікаў на набажэнствы, суправаджаюць сваім гучаннем жыццё петрыкаўчан, стаўшы часткай нашай культурнай спадчыны. Жыхары раёна ўдзячныя ўсім, хто мае дачыненне да святыні, за  той трывалы духоўны падмурак, што закладваецца ў душах людзей.

Дзякуй усім вернікам за вашыя вялікія любячыя сэрцы і вернасць Госпаду.

Са святам!

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара, Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о