Кожныя выходныя на кірмашовую плошчу спяшаюцца жыхары горада, аматары хатняй выпечкі. Ведаюць: сям’я з Капцэвічаў прывязе новую партыю здобы. Свежы, выпечаны па асабістым рэцэпце хлеб, булачкі з водарам садавіны і карыцы даўно “прыйшліся да стала” жыхарам і гасцям райцэнтра. Усё гэта – заслуга гераіні нашага матэрыялу Наталлі Валынец, зямлячкі, у якой ёсць уменне смачна гатаваць і жаданне зрабіць наша жыццё саладзейшым.
– Заўсёды хацелася, каб была, няхай і маленькая, але свая справа, – прызнаецца гераіня ў пачатку сустрэчы. ‒ Чаму гэтай справай стала выпечка? Для гэтага паслужылі многія складальнікі. Шчыра кажучы, штуршком усяму паслужыла бяда ў нашай сям’і.
Наталля Адамаўна не хавае, што ўсё жыццё з мужам шмат працавалі, заўжды шукалі магчымасць паспрабаваць нешта новае і іх дзейнасць прыносіла мужу з жонкай задавальненне. У свой час адкрылі фермерскую гаспадарку, вырошчвалі агародніну, садавіну, што патрабавала нямала як арганізатарскіх здольнасцей, так і старання, фізічнай сілы.
– З прычыны, што самі вырошчвалі прадукцыю і было жаданне развівацца, ісці наперад, прынялі рашэнне адкрыць у пасёлку кафэ. Выкупілі школьны інтэрнат, за ўласныя сродкі зрабілі ў памяшканні капітальны рамонт, закупілі абсталяванне. І практычна перад адкрыццём аб’екта, гэта быў 2020 год, у нас згарэў дом, – успамінае зямлячка.
Жанчына прызнаецца: цяжка перажывала бяду, апускаліся рукі – агонь забраў усё нажытае за гады. Сям’я перайшла жыць у памяшканне, якое было прызначанае для кафэ. Муж з жонкай разумелі: трэба адбудоўваць хату, гадаваць і вучыць траіх дзяцей. Упасці духам – значыць страціць веру ў свае сілы.
– Я разумела, што трэба шукаць нейкае рашэнне. Прыйшла думка паспрабаваць свае сілы ў выпечцы хлеба і булачак. Раней я займалася гэтай справай для сваёй сям’і, і родным падабалася маё “тварэнне”, – распавядае Наталля Адамаўна. – Схільнасці і любоў да кулінарыі ў мяне былі з дзяцінства. Маці працавала санітаркай у мясцовым доме-інтэрнаце, а падчас водпуску падпрацоўвала ў пякарні, якая была на той час у Капцэвічах. Дома яна выпякала для сям’і і ўсе пяць яе дачок удзельнічалі ў працэсе.
Пачынаць было не проста. Выручала тое, што частка абсталявання была закуплена раней для патрэб кафэ. Набылі печ, бляхі.
Са слоў жанчыны, цяжэй аказалася знайсці добры рэцэпт цеста для здобы, закваскі для хлебу – хацелася, каб хлеб быў “старадаўнім”, “бацькоўскім”. Наталля Адамаўна вывучыла шмат літаратуры, прагледзела масу майстар-класаў. У выніку спроб і памылак “вывела”, што хацела. Прызнаецца: усе свае “курсы” прайшла ў сябе на кухні. І праз гады не адыходзіць ад калісьці пастаўленых перад сабой правіл: маргарын у цеста не дадае, начынне: ягады, гародніна – толькі вырашчаныя і сабраныя сваімі рукамі, хлеб – на праверанай заквасцы.
– Пачала пячы ў невялікіх аб’ёмах – пяцьдзясят булачак. Прапаноўвала сёстрам, аднавяскоўцам, знаёмым. Бачу, бяруць з задавальненнем, просяць яшчэ. Спрацавала і “сарафаннае радыё” – для мяне гэта найлепшае прызнанне таго, што выпечка спадабалася, – прызнаецца пекар.
Гераіня пачала пячы па начах, каб павялічыць прадукцыю ў аб’ёмах. Праз час адважылася выехаць у Петрыкаў, дзе на кірмашовых радах прапаноўвала мучныя вырабы да чаю гандлярам. Яшчэ праз час – на кірмашовую плошчу.
Так крок за крокам наша працавітая зямлячка “ўздымала” сваю справу, напрацоўвала кліентаў. Аформілася ў падатковай інспекцыі ў якасці самазанятай. З’явіліся першыя сродкі ад выручкі, якія ўклала на развіццё сваёй справы. У бізнес-плане з’явіліся такія напрамкі як выпечка да свят, на заказ. Безумоўна, гэта цяжкая праца і заслугоўвае павагі. Яе працоўны графік патрабуе вытрымкі, цярпення і яго прыняць зможа далёка не кожны чалавек. Перад выездам на раён выпякаць даводзіцца ўсю ноч, каб падаць землякам, як кажуць – з пылу і жару. А гэта – каля васямсот булачак, па дзвесце батонаў белага і чорнага хлеба за месяц.
Зямлячка прызнаецца, што адчувае сябе на сваім месцы. З радасцю і любоўю яна займаецца хлебапячэннем і гэтым дорыць людзям добры настрой. Хочацца пажадаць гэтай жанчыне, якая ўмее пераадольваць цяжкасці і ўпэўнена ісці наперад, каб доўгія-доўгія гады яна атрымлівала ад сваіх пакупнікоў цёплую энергію і словы падзякі.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота з архіву сям’і Валынец.
Оставить комментарий