У першую нядзелю ліпеня ў Беларусі адзначаюць Дзень работнікаў воднага транспарту. Сваім прафесійным святам гэты дзень лічаць усе, хто задзейнічаны ў гэтай галіне. Нягледзячы на тое, што яна нешматлікая па колькасці работнікаў, рачны транспарт мае стратэгічнае значэнне для эканомікі Беларусі.
Свой уклад у развіццё галіны ўносяць і петрыкаўскія рачнікі. Напярэдадні свята мы наведалі Петрыкаўскі рамонтна-эксплуатацыйны ўчастак Рэспубліканскага ўнітарнага эксплуатацыйна-будаўнічага прадпрыемства “Дняпра-Бугскі водны шлях”і пацікавіліся, чым жыве калектыў і хто складае яго гонар. Падрабязней – у нашым матэрыяле.
Па інфармацыі начальніка ўчастка Ігара Пархоменкі, мінулы год быў пазначаны шэрагам буйных заказаў: два рудавозы, добра вядомы многім рэстаран, што прымае наведвальнікаў у гарадскім парку Мазыра, снядзінская паромная пераправа і іншыя. З унушальным аб’ёмам работ паспяхова спраўляецца калектыў з 23-х работнікаў. У ліку асноўных заказчыкаў суднарамонтнага ўчастка – ДРБУ-112, Нацыянальны парк “Прыпяцкі” і непасрэдна само галаўное прадпрыемства.
Па словах кіраўніка, за паспяхова працуючым прадпрыемствам стаяць яго работнікі, прафесіяналы, адданыя абранай справе людзі. Адзін з іх – майстар участа Віктар Касьяновіч.
На Петрыкаўскім рамонтна-эксплуатацыйным участку Віктар Міхайлавіч працуе 16 гадоў. Да гэтага 12 гадоў адпрацаваў майстрам у ДРБУ-112, а па адукацыі мужчына – аграном. Сваю прафесійную дзейнасць пачынаў у Расійскай Федэрацыі, пасля адпрацоўкі вярнуўся на малую радзіму і яшчэ 5 гадоў працаваў у аграхімлабараторыі. Разважаючы пра дзіўныя перапетыі лёсу, Віктар Міхайлавіч адзначыў, што для яго вельмі важна бачыць вынікі сваёй працы. Кожная галіна, у якой давялося працаваць мужчыне, адпавядала яго чаканням і патрабаванням, аднак менавіта работа на рамонтна-эксплуатацыйным участку дае нашаму герою адчуванне значнасці і каштоўнасці сваёй прафесійнай дзейнасці.
А яна, як распавёў наш герой, заключаецца ў наступным: кожнае судна, што трапляе да іх на рамонт, праходзіць агляд, пасля якога складаецца дэфектны акт і вызначаецца аб’ём работ і тэрміны іх выканання.
Да навігацыйнага сезону сёлета рыхтавалі некалькі аб’ектаў, кожны з якіх быў важны і адказны. Даводзілася нават працаваць па суботах, каб не выбіцца з графіка, аднак з задачай справіліся паспяхова і своечасова.
Асноўныя віды рамонтных работ, якія выконвае калектыў, – гэта замена днішча судна, калі стары метал проста зразаецца на ўзроўні 40-50 сантыметраў яго падводнай часткі і прыварваецца новае палатно.
– Работа ў нас адказная, простай, а тым больш лёгкай, яе ніяк не назавеш. Асноўныя віды работ праводзяцца ўручную. Толькі ўявіце, колькі метраў швоў пракладваюць нашы зваршчыкі, калі маюць справу з 75-мятровым рудавозам. Дарэчы, менавіна над ім зараз працуе брыгада. Між іншым, ён з’яўляецца самым вялікім суднам, якое можна сустрэць на рэках Беларусі, і выкарыстоўваецца для перавозкі буйных партый адсеву, шчэбеня, пяску да месцаў, дзе ідуць маштабныя будаўнічыя работы. Па завяршэнні рамонту, а тэрмін здачы аб’екта заяўлены на 1 жніўня, да нас прыйдзе яшчэ адно аналагічнае судна, – падзяліўся Віктар Міхайлавіч.
Зваршчыкі, зборшчыкі карпусоў металічных судоў, слесары-мантажнікі, электрыкі і энергетык – каманда, якая зацікаўлена ў агульным добрым выніку, таму працаваць мужчыне цікава, нягледзячы на пэўныя цяжкасці і недахопы, якія маюцца ў любым калектыве.
Па меркаванні нашага героя, для кожнага работніка суднабудаўнічага завода вада – галоўная і чаруючая стыхія. Адны прыйшлі на прадпрыемства ўвасобіць сваю дзіцячую мару, другія – ахоплены рамантыкай стваральнай працы і ім прыемна быць датычнымі да пуску на ваду чарговага адрамантаванага судна.
Сапраўды, праца судна-рамонтнікаў патрабуе сур’ёзных навыкаў. Як шчыра прызнаўся наш герой, калі справа завершана і судна спускаецца на ваду, ён кожны раз з хваляваннем і захапленнем глядзіць на працэс – вока цешыць выява адрамантаванага судна, калі ад былых праблем не застаецца і следу.
Напярэдадні прафесійнага свята Віктар Міхайлавіч адрасуе віншаванні ўсім работнікам і ветэранам прадпрыемства і жадае сур’ёзных заказаў, высокіх заработкаў, міру, згоды і дабрабыту ў сем’ях.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий