Гуманітарнае супрацоўніцтва стварае трывалы падмурак у адносінах паміж краінамі. На сённяшні дзень больш за пяцьдзесят краін свету падтрымліваюць гуманітарную сувязь з нашай краінай і ўзаемныя: беларусы бяруць удзел у вырашэнні сацыяльных праблем краін-партнёраў. Не застаецца ў баку тэмы і Петрыкаўшчына: у арганізацыях з году ў год рэалізуюцца праекты ў рамках партнёрства з дабрачыннымі замежнымі фондамі, накіраваныя на падтрымку і сацыялізацыю жыхароў раёна.
Капцэвіцкі сацыяльны пансіянат “Палескія сосны” – асобная старонка ў жыцці нашага раёна, якая па праве заслугоўвае ўвагі. Добраўпарадкаванне тэрыторыі, укараненне інавацыйных праектаў, стварэнне камфортнага, спрыяльнага і якаснага жыцця для пражываючых – дзейнасць працоўнага калектыву не раз адзначалася на розных узроўнях і заслугоўвае падзякі землякоў. Безумоўна, рашэнню многіх пастаўленых задач садзейнічае, у тым ліку, матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы, якая штогод удасканальваецца, папаўняецца новымі неабходнымі для жыцця рэчамі. Як прыклад, нядаўна ў майстэрні з’явіліся тры новыя швейныя машынкі, два прасы і адпарвальнік. Гэтыя матэрыяльныя каштоўнасці перададзены ў дар пансіянату ірландскай дабрачыннай арганізацыяй “Барэнскі Чарнобыльскі праект”.
– “Барэнскі Чарнобыльскі праект” быў заснаваны ў 1993 годзе для аказання дапамогі дзецям, якія сталі ахвярамі ў выніку выбуху Чарнобыльскага рэактара. Арганізацыяй было рэалізавана мноства добрых спраў па аказанні дапамогі беларускім сем’ям, якія змагаліся з наступствамі ўздзеяння радыяцыі. З часам фонд пашырыў спектр у вырашэнні сацыяльных праблем і ў гэтым годзе нам пашчасціла пасупрацоўнічаць з яго арганізатарамі, – падзяліўся дырэктар пансіяната Мікалай Жыткавец.
– Безумоўна, мы ўдзячныя нашым замежным сябрам за такі клопат. Для нас асабліва важна тое, што падараваны тавар з першых дзён прыбыцця служыць непасрэдна для сацыялізацыі нашых пражываючых і запатрабаваны імі. У паўсядзённай дзейнасці жыхароў пансіяната асобае месца займае працоўная тэрапія, якая з’яўляецца важнай часткай іх жыцця, дапамагае не толькі цікава і з карысцю правесці вольны час, але і пагутарыць з іншымі людзьмі, знайсці справу па душы, праявіць сябе ў нечым новым (ва ўстанове нават праводзіўся летні “Паказ мод” – заўвага аўтара).
Пераканацца ва ўсім гэтым я змагла, наведаўшы швейную майстэрню, дзе праходзіў занятак “Нітачка і іголачка” ў рамках працоўнай рэабілітацыі. У прасторным светлым памяшканні пад кіраўніцтвам інструктара па працоўнай тэрапіі Наталлі Корбут пражываючыя займаліся швейнай справай. Адзначыла для сябе, што ўсе члены аб’яднання валодалі навыкамі шыцця і працавалі з цікавасцю і энтузіязмам.
– Новае швейнае абсталяванне нам вельмі і дарэчы. У плане пашыву мы за апошнія гады зрабілі вялікія крокі. Акрамя таго, што шыем пасцельную бялізну, начныя сарочкі, неабходныя кухонныя вырабы, ручнікі – усё толькі з якаснага айчыннага матэрыялу, мы пачалі вырабляць адзенне для пражываючых. Другімі словамі, мы абшываем сябя самі, – падзялілася Наталля Аляксееўна, прадэманстраваўшы арыгінальную вопратку, прадстаўленную на стэлажы.
Педагог адзначыла, што да прыезду “гуманітаркі” былі закуплены новыя сталы ў швейную майстэрню і ў любы час да яе закрыцця прыходзяць не толькі члены аб’яднання, але і ўсе жадаючыя. Мужчыны і жанчыны тут спрабуюць сябе не толькі за швейнай машынкай, але ў розных відах творчай дзейнасці, пра што сведчаць выставы з іх работамі.
– Фарміраванню і развіццю працоўных навыкаў, у тым ліку праз уцягванне ў заняткі па інтарэсах, у пансіянаце адводзіцца асаблівая роля, – працягнула суразмоўца.
– У час заняткаў адбываецца развіццё асобаснага, творчага і працоўнага патэнцыялу чалавека.
Акрамя ўсяго сказанага, практычна ўсе пастаяльцы ў калектыўнай працы знаходзяць заспакаенне для душы і ўпэўненасць у сабе. У дасягненні жадаемага выніку, абсталяванне, перададзенае установе у рамках гуманітарнага праекту, безумоўна, дапамагае. Яшчэ хацелася б адзначыць, што з прыходам новага швейнага абсталявання, дадзеным відам дзейнасці могуць займацца адначасова да дзесяці чалавек. Як бачыце, нашыя старыя швейныя машынкі, усталяваныя ў асобным кабінеце майстэрні, гэтак жа выкарыстоўваюцца.
Не засталіся абыякавымі да нашай размовы і пастаяльцы пансіяната. Вось меркаванне некаторых з іх. “Жыццё ў пансіянаце – гэта не нейкі “прысуд” чалавеку, як некаторыя лічаць. Гэта наш новы быт, новыя знаёмства і заняткі. Я для сябе знайшоў цікавую справу – працаваць на швейнай машынцы. Тое, што шыццё – жаночая справа, мусіць, прыдумалі самі жанчыны. Цікавасць да дадзенага занятку ў мяне з юнацтва. А ў пансіянаце мне надарылася магчымасць яго асвойваць” (суразмоўца прыйшоў першы раз у майстэрню у дзень прац аўладкавання Наталлі Аляксееўны ў 2008 годзе і з таго часу наведвае яе практычна кожны дзень, – заўвага аўтара). “Пра новыя швейныя машынкі мы пачулі ад работнікаў пансіяната. Чакалі. Жацелі хутчэй сесці за іх. Я асабіста крыху баялася, што не атрымаецца. Але ўсё атрымалася”.
На доўгія размовы ў пражываючых і кіраўніка “Нітачкі і іголачкі” часу не было.
Запрацавалі машынкі, робячы першыя крокі да нараджэння новай рэчы.
Святлана СОБАЛЕВА,
фота аўтара.
Оставить комментарий