19 жніўня ў Ельску прайшоў XII рэгіянальны фестываль гарманістаў “Грай, гармонік!”
Фестываль сабраў прафесійныя і аматарскія калектывы не толькі з Беларусі, але і з Маскоўскай і Пензенскай абласцей Расійскай Федэрацыі.
Урачыстае адкрыццё фестываля адбылося на адкрытай сцэнічнай пляцоўцы ў гарадскім скверы. Прывітальнай песняй распачаў мерапрыемства вядомы ельскі народны калектыў “Ялінка”.
Сярод удзельнікаў былі прадстаўнікі і Петрыкаўскага раёна. За высокае выканаўчае майстэрства і прапаганду традыцыйнай народнай музыкі дыпломам І ступені ўзнагароджаны інструментальны ансамбль Капаткевіцкага гарадскога Дома культуры.
Яго кіраўнік Анатоль Грынько адзначыў, што фестываль прайшоў на “ўра!” Нашы музыканты Віктар Гадун, Васілій Адаміч, Аляксандр Говар і Мікалай Кукса паказалі сябе на высокім узроўні.
У народнага мастацтва велізарная аб’яднаўчая сіла, якая трымаецца на славянскім братэрстве і ўзаемаразуменні.
Акрамя артыстаў, фестываль сабраў рамеснікаў з многіх раёнаў, Ельск ператварыўся ў сапраўднае рамеснае мястэчка. А колькі традыцыйных паўднёвапалескіх страў, народных промыслаў і традыцый было прадстаўлена і прадэманстравана на падворках!
Капаткевіцкія артысты дзякуюць арганізатарам за атрыманае духоўнае і эстэтычнае задавальненне і развіццё народнай культуры.
Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Оставить комментарий