На мінулым тыдні маладзёжны актыў Петрыкаўскага раёна на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Наталляй Ходзька наведаў урачыстую цырымонію адкрыцця рэспубліканскага свята “Гомель – Маладзёжная сталіца-2025” з удзелам старшыні аблвыканкама Івана Крупко і міністра адукацыі Андрэя Іванца.
Ураджанні ад удзелу ва ўрачыстасці ў дэлегацыі Петрыкаўскага раёна, вядома, даволі яркія. Яшчэ б! Гасцей рэспубліканскага свята чакала яркая канцэртная праграма.
З прывітальным словам да моладзі Рэспублікі Беларусь звярнуліся старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко і Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец.
– Маладосць – час пазітыўнага развіцця і самаўдасканалення, жаданняў і крэатыўных ідэй, пошуку і бязмежных магчымасцей, якія адкрывае вам наша любімая Беларусь. Мы ўважліва слухаем вашыя запыты і ідэі: толькі за мінулы год на Гомельшчыне правялі пяць маладзёжных форумаў. Мне падабаецца шырыня вашых поглядаў, цікавасць да таго, што адбываецца ў нашай вобласці, вашыя ініцыятывы і праекты – а іх вельмі шмат, – падкрэсліў губернатар.
Гомель гатовы прымаць, аб’ядноўваць і здзіўляць моладзь з усёй краіны на працягу ўсяго года. Што асабліва важна, статус маладзёжнай сталіцы горад над Сожам будзе з гонарам несці ў год 80-годдзя Вялікай Перамогі.
– Упэўнены, што на гэты год Гомель стане горадам магчымасцяў і рэалізацыі ўсіх задумак. Усё ў вашых руках!, – даў наказ удзельнікам форуму міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Напрыканцы мерапрыемства адбыўся яркі канцэрт, дзе маладыя таленты Гомельшчыны расказалі пра свой любімы горад і перспектывы яго развіцця. Гэта было сапраўднае свята творчасці і энергіі!
Сваім уражаннем ад мерапрыемства з карэспандэнтам газеты дзеляцца дэлегаты ад Петрыкаўскага раёна:
Анастасія Шабалтас, член маладзёжнага савета пры Петрыкаўскім раённым Савеце дэпутатаў, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Петрыкаўскага райвыканкама:
– Сёння адбылося ўрачыстае адкрыццё рэспубліканскага свята “Гомель – Маладзёжная сталіца-2025”. Статус маладзёжнай сталіцы – гэта вялікі гонар для горада Гомеля і Гомельскай вобласці. Гэты асаблівы статус забяспечыць правядзенне яскравых падзей у Гомелі на працягу ўсяго года.
Як адзначыў губернатар: “Моладзь Гомельшчыны ўносіць вялікі ўклад у развіццё і працвітанне Беларусі” і гэта сапраўды так!
Аляксандр Барэлка, метадыст дзяржаўнай установы адукацыі “Петрыкаўскі раённы вучэбна-метадычны кабінет”:
– Рэспубліканскае свята “Гомель – Маладзёжная сталіца-2025” – гэта сапраўднае свята адзінства, натхнення і яркіх магчымасцяў для моладзі з усёй Беларусі!
Для мяне гэта не проста падзея, а сімвал сілы і патэнцыялу нашай моладзі, гатовай ствараць будучыню краіны. Гомель – горад з багатай гісторыяй і культурай, стаў месцам, дзе сустракаюцца энергія, крэатыўнасць і патрыятызм. Няхай гэта свята стане крыніцай натхнення і надзеі, пакінуўшы ў сэрцах кожнага ўдзельніка светлыя ўспаміны і мары аб вялікай будучыні!
Марыя Тамко,
фота аўтара.
Оставить комментарий