Голас пакалення

0
109

Вялікая Айчынная вайна… Больш за 80 гадоў таму здарылася сапраўды страшная трагедыя, якая пакінула след у жыцці мільёнаў людзей. Адной са сведак гэтага страшнага часу з’яўляецца Марыя Сцяпанаўна Марозька, жыхарка вёскі Макарычы, былы вязень нямецкіх канцлагераў.

Марыя Сцяпанаўна ў гэтым годзе адзначыць сваё 95-годдзе. Кожнае слова гэтай гераіні, якая перажыла жудасныя выпрабаванні, напоўнена глыбокім сэнсам.
– Той страшны дзень, калі ў родную вёску прыйшлі немцы, я не забуду ніколі, – пачала свой аповяд былы вязень.
Гераіня ўспамінае, што захопнікі павыганялі людзей з хат і павялі ў Петрыкаўскую царкву, куды былі ўжо сагнаныя людзі з другіх вёсак. Маці з дзяўчынкай думалі, што зараз іх бязлітасна спаляць як і сваякоў з вёскі Беразнякі, але немцы вырашылі інакш – адправілі людзей у германскія лагеры.
– Трапілі мы з маці ў нямецкі лагер у самым разгары вайны. Немцы трымалі нас пад пастаянным кантролем. Голад, холад, хваробы, смерць, непасільная праца – вельмі страшны час… Памятаю словы матулі: “Дачушка, няўжо мы больш не ўбачым сваю вёсачку, не пабываем на роднай зямельцы, няўжо памром у рабстве?”, – успамінае зямлячка.
Пасля лагера дачку і маці накіравалі ў якасці працоўнай сілы да гаспадароў. Яны выконвалі самую цяжкую працу ў полі, па гаспадарцы.
Дякуючы вялікай волі да жыцця і веры ў найлепшае, сямʼя дачакалася Перамогі, была вызвалена з рабства.
Марыя Сцяпанаўна памятае той дзень, калі аб’явілі: “Вайна скончана! Фашысцкая Германія цалкам разгромлена!” Колькі радасці было, колькі шчасця! Восенню 1945 года маці з дачкой дабраліся дадому.
– У нашай хаце арганізавалі школьныя заняткі, бо патрэбна было памяшканне, а ніхто не ведаў, жывыя мы ці не, – успамінае Марыя Сцяпанаўна. – Я таксама села за парту, трэба ж было вучыцца, каб атрымаць прафесію, станавіцца неяк на ногі, думаць пра будучыню.
Сваю будучыню Марыя Сцяпанаўна пабудавала з аднавяскоўцам Фёдарам Марозькам. Фёдар Іванавіч, як і жонка, вязень нямецкіх лагераў. Дзяўчынай чакала яго, пакуль той служыў у марфлоце ў Фінляндыі. Ён быў падтрымкай у жыцці, самым родным чалавекам і прафесію выбраў высакародную – настаўніка пачатковых класаў. На працягу сваёй педагагічнай дзейнасці ў мясцовай школе вучыў дзяцей галоўнаму – шанаваць і берагчы мір на роднай зямлі. Наша гераіня працавала ў вясковай бібліятэцы, 30 гадоў аддала прафесіі бібліятэкара. Вяла актыўную работу з моладдзю па патрыятычным выхаванні. Па словах суразмоўцы, яна ўсё жыццё нясе памяць пра подзвіг народа ў гады вайны, памятае аднагодак, якія не вярнуліся з палону.
Цяпер у Марыі Сцяпанаўны шасцёра ўнукаў і чацвёра праўнукаў, якія імкнуцца захаваць спадчыну, пераняць стойкасць духу бабулі. Яна дзеліцца сваімі ўспамінамі з імі, расказваючы пра важнасць свабоды, міру і ўзаемадапамогі.
– Не бачылі яны бяды, і дзякуй Богу. Маладому пакаленню жадаю аднаго: мірнага неба, жывіце, працуйце сумленна, беражыце, шануйце нашу прыгожую краіну.
Для ўсіх нас Марыя Сцяпанаўна – чалавек з вялікай літары. Яе жыццёвы шлях – гэта не толькі гісторыя пакут, але і натхнення, яна паказвае, што нават у самыя цяжкія часы можна знайсці сілы і імкнуцца да светлай будучыні.
Жадаем Марыі Сцяпанаўне моцнага здароўя, сіл і энергіі, каб працягваць атрымліваць асалоду ад жыцця і дзяліцца сваім мудрым вопытам з новымі пакаленнямі.

Марыя Тамко,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о