Адбылася сустрэча старшыні Петрыкаўскага раёнага Савета дэпутатаў Віталія Пілера з насельніцтвам вёскі Галубіца.

Дыялог атрымаўся прадуктыўным і шчырым, бо, як правіла, жыхары населеных пунктаў заўсёды праяўляюць актыўнасць падчас сустрэч з прадстаўнікамі ўлады. Ёсць тлумачэнне цікавасці вяскоўцаў да такіх мерапрыемстваў: жаданне пачуць і абмеркаваць важныя навіны краіны, раёна.

Голас кожнага важны

На сустрэчы прысутнічалі дэпутаты раённага, мясцовых Саветаў дэпутатаў.

Галоўная тэма, вынесеная на абмеркаванне – Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Старшыня райсавета расказаў пра падрыхтоўку і правядзенне выбарчай кампаніі ў краіне, прывёў аргументы, чаму ўсе мы павінены прыйсці на выбары.

– Сёння з гонарам можна сказаць, што Беларусь з’яўляецца краінай, якая дынамічна развіваецца, – адзначыў Віталій Уладзіміравіч. – За апошнія трыццаць гадоў беларусы стварылі краіну, якой можна ганарыцца.

Толькі некаторыя факты з прыведзеных прыкладаў старшынёй райсавета: узровень беларускіх спецыялістаў у галіне IT тэхналогій і штучнага інтэлекту вядомы ва ўсім свеце і не мае патрэбы ў дадатковай рэкламе. Такія традыцыйныя для Беларусі галіны як мікраэлектроніка, прыборабудаванне, станкабудаванне ў апошнія гады развіваюцца паскоранымі тэмпамі. На долю Беларусі прыпадае каля 80% трактароў, што вырабляюцца ў СНД, амаль 50% хімічных валокнаў і ніцей, пятая частка халадзільнікаў і маразільнікаў. Па вытворчасці велікагрузных аўтамабіляў краіна займае адно з вядучых месцаў у свеце.

Прадстаўнік улады адзначыў, што пэўныя сілы хочуць уцягнуць Беларусь у чарговую поўнамаштабную гібрыдную вайну.  Так, як гэта было ў 2020 годзе, калі нашае грамадства прайшло, бадай, самую жорсткую праверку на трываласць. Таму сёння наша задача – прадэманстраваць згуртаванасць беларускага грамадства, вернасць нашым палітычным традыцыям.

– Мы абавязаны захаваць мір і спакой у нашай краіне. Усе павінны разумець, што народ у студзені 2025 будзе выбіраць не проста Кіраўніка дзяржавы, а мірнае развіццё Беларусі.

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о