Бывае, што чалавек з першых хвілін знаёмства ўнушае да сябе давер, у яго словах адчуваецца адкрытасць і шчырасць. Так было і пры размове з трактарыстам-машыністам ААТ “Чалюшчавічы” Мікалаем Саурыным, які за  добрасумленную працу  ўзнагароджаны  Ганаровай граматай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Годна жыць і працаваць на сваёй зямлі

– Работа на зямлі мне добра вядомая, бо нарадзіўся ў вёсцы, з дзяцінства ведаў усе складанасці сялянскага жыцця. Працы ніколі не цураўся, стараўся дапамагчы бацькам па гаспадарцы, – дзеліцца Мікалай Мікалаевіч. – Пасля заканчэння роднай Церабаўскай васьмігодкі падаўся ў суседнія Калінкавічы,  дзе атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста. На першае працоўнае месца прыйшоў трактарыстам у Капаткевічы і адразу адчуў: гэта маё, не памыліўся ў выбары прафесіі.

Пасля службы ў войску юнак не спакусіўся на прапановы новага працаўладкавання і “доўгага рубля”, а працягнуў працаваць на сельгастэхніцы. З тых часоў прайшло каля сарака гадоў, а зямляк не змяніў механізатарскай справе. Прызнаецца: працы ў гаспадарцы заўсёды было шмат у любы сезон. Унясенне ўгнаенняў, пасяўная, уборачная, нарыхтоўка зялёнай масы, дастаўка кармоў для жывёлы на аб’екты. Сакрэт поспеху ў працы, па яго словах, просты: падчас любой справы не губляць ні хвіліны, глядзець за станам даручанай тэхнікі, каб у адказны момант не было збояў. Як прыклад, на сваім “Беларусе 2022.3” ён шчыруе пятнаццаць гадоў.

– Калі адказна падыходзіць да выканання сваіх абавязкаў, перажываць за справу, – вынік не заставіць сябе чакаць, ды і заробак парадуе. А калі чакаць, што нехта прыйдзе і зробіць неабходнае за цябе, ці кіравацца логікай: “дараблю заўтра” – то пра які вынік гаварыць?, – дзеліцца механізатар. – За сваю працу маю павагу, заахвочванні. У мінулым годзе быў ганараваны ад абласнога прафсаюза пуцёўкаю на аздараўленне ў адзін з санаторыяў Гомельшчыны, сёлетнія мае старанні таксама заўважаны.

Жыццё Мікалая Іванавіча насычанае. Мужчына стараецца і на працы, і дома, дзе мае немалы прысядзібны ўчастак, трымае з жонкаю хатнюю жывёліну,  птушку. Ён добры сем’янін, клапатлівы муж, бацька і дзядуля.

– Годна жыць і працаваць на сваёй зямлі – галоўная ўзнагарода для чалавека, – упэўнены Мікалай Іванавіч. – Я шчаслівы, што застаўся на Петрыкаўшчыне, дзе нарадзіўся і вырас. Лічу, што ўсе мы павінны працаваць так, каб малая радзіма ўладкоўвалася, квітнела.

Святлана СОБАЛЕВА, фота Арцёма ГУСЕВА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о