Годна нясуць службу вартавыя нашых дарог

0
179

Сваё прафесійнае свята супрацоўнікі ДАІ адзначаюць у важны для ўсёй краіны дзень – Дзень Незалежнасці. Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з начальнікам аддзялення ДАІ Петрыкаўскага РАУС Сяргеем Міцурам.

– Сяргей Іванавіч, што сёння ўяўляе сабой калектыў аддзялення ДАІ раёна і як за апошнія гады змянілася ваша служба?
– Калектыў у нас невялікі і за апошнія гады ён істотным чынам амаладзіўся. У аддзяленні служаць адданыя сваёй справе, адказныя інспектары. Як сапраўдныя вартавыя нашых дарог сем дзён у тыдзень і дваццаць чатыры гадзіны ў суткі яны годна нясуць службу, засцерагаючы ўдзельнікаў дарожнага руху ад непрыемнасцяў.
З кожным годам колькасць транспарту на дарогах нашага раёна павялічваецца, рух становіцца больш інтэнсіўным. Сёння акрамя аўтатранспарту петрыкаўчане часта выбіраюць сродкі персанальнай мабільнасці, веласіпеды. А гэта значыць, што работы ў нашай службы прыбаўляецца. Нагадаю, што ў кола нашых абавязкаў уваходзіць не толькі кантроль за бяспекай і законапаслухмянасцю людзей на дарогах. Інспектары таксама спыняюць парушэнні ПДР, выяўляюць розныя злачынствы, затрымліваюць згоншчыкаў чужых аўтамабіляў, праводзяць прафілактычную работу з насельніцтвам, кантралююць работу вадзіцеляў ва ўстановах і арганізацыях раёна. Працуюць сумленна, разумеючы, што ад гэтага залежыць бяспека, а часам і жыццё землякоў. За што ім вялікі дзякуй.
– А якія патрабаванні Вы, як кіраўнік, ставіце перад супрацоўнікамі?
– Перш за ўсё – няўхільна выконваць усе нарматыўна-прававыя акты, якія рэгламентуюць нашу дзейнасць, службовую дысцыпліну. Быць прынцыповымі і патрабавальнымі не толькі да ўдзельнікаў дарожнага руху, але і, у першую чаргу, да сябе.
– Якія парушэнні Правілаў дарожнага руху найбольш часта выяўляюцца на дарогах раёна?
– Няпройдзеныя тэхагляды, паркоўкі ў неналежных месцах, парушэнні хуткасных рэжымаў і правілаў абгону.
– Хто больш парушае на дарозе: пешаходы або кіроўцы?
– Гэта два бакі аднаго медаля: часта вадзіцелі незадаволены дзеяннямі пешаходаў, а тыя, у сваю чаргу, – дзеяннямі вадзіцеляў. Але парушэнні выяўляюцца як у адной, так і ў другой катэгорыі ўдзельнікаў дарожнага руху.
– Нецвярозыя кіроўцы: ці можна назваць гэта сезоннай тэндэнцыяй?
– Сапраўды, чым цяплей, тым больш нецвярозых кіроўцаў, людзі расслабляюцца, у тым ліку і на адпачынку. Таму ў спякотнае надвор’е мы праводзім прафілактычныя мерапрыемствы ў зонах адпачынку, каля вадаёмаў, звяртаем асаблівую ўвагу таксама на выкананне правілаў перавозкі дзяцей. Усё гэта робіцца з мэтай папярэджання дарожна-транспартных здарэнняў.
Карыстаючыся выпадкам, хацелася б звярнуцца да нашых чытачоў: не заставайцеся ўбаку ад праблемы, калі бачыце, што машынай кіруе нецвярозы кіроўца, які можа здзейсніць ДТЗ, або па праезнай частцы ідзе пешаход у стане ап’янення, які можа пацярпець – паведаміце пра факты па нумары тэлефона 102. Вы, без перабольшання, можаце выратаваць нечае жыццё!
– Якія метады асабіста Вы лічыце больш эфектыўнымі ў барацьбе з парушальнікамі: пакаранне або прафілактыку?
– Я лічу, што трэба выхоўваць у грамадзян адказныя, свядомыя адносіны да выканання правілаў, павагу да іншых удзельнікаў дарожнага руху. Мы надаем вялікую ўвагу прапагандзе, праводзім прафілактычныя акцыі, выступленні ў працоўных калектывах. Безумоўна, трэба працаваць на прафілактыку, але ёсць катэгорыя ўдзельнікаў дарожнага руху, на якую размовамі паўплываць немагчыма.
– Як Вы ахарактарызуеце аператыўную абстаноўку на дарогах раёна?
– З пачатку бягучага года на дарогах нашага раёна было выяўлена 1170 парушэнняў. Інспектарам удалося выявіць і затрымаць 53 бяспраўных кіроўцаў і 27 кіроўцаў, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Акрамя таго, застаецца ў нашым раёне актуальнай праблема перавозкі дзяцей. Больш за 100 разоў гэта рабілася не па правілах дарожнага руху – непаўналетніх перавозілі без спецыяльных крэслаў і ўтрымліваючых прылад. Амаль 480 парушэнняў ПДР здзейснены пешаходамі.
Вялікую ролю ў рабоце аддзялення адыгрывае прафілактыка. На пастаяннай аснове інспектары праводзяць розныя рэйдавыя, маніторынгавыя мерапрыемствы, акцыі, адзіныя дні бяспекі. Гэтымі днямі супрацоўнікі АДАІ сумесна з прадстаўнікамі РАУС вядуць кантроль за ўборачнай кампаніяй, а таксама адпрацоўваюць прафілактычнае мерапрыемства “Бацькоўскі кантроль”.
– Вашы пажаданні калегам?
– У святочны дзень віншую супрацоўнікаў і ветэранаў АДАІ з прафесійным святам. Выказваю словы шчырай удзячнасці за службу і жадаю дысцыплінаваных вадзіцеляў і пешаходаў, безаварыйных дарог, моцнага здароўя, пазітыўнай энергіі і надзейнага сямейнага тылу. Няхай кожны новы дзень прыносіць вам, шаноўныя, толькі радасныя падзеі і прыемныя навіны.
Калектыў рэдакцыі далучаецца да пажаданняў і зычыць стражам дарог, каб на іх жыццёвых дарогах ніколі не было ні пробак, ні аварый, ні цяжкіх умоў надвор’я. Няхай дарожнае палатно заўсёды будзе найвышэйшай якасці, а пункт прызначэння – родны дом поўны шчасця і кахання. Моцнага ўсім здароўя, добрага настрою і пазітыўнага стаўлення да жыцця.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о