Газетны радок валодае дзіўнай уласцівасцю – ён умее спыняць час. Сёння мы прапануем вам здзейсніць невялікае падарожжа ў мінулае. Перад вамі – рэтраспектыва галоўных падзей 2025 года, якія знайшлі сваё адлюстраванне на старонках газеты, і гэта не проста хроніка падзей, а жывая гісторыя нашага раёна, напісаная поспехамі нашых землякоў, шумам новых будоўляў і цяплом сельскіх свят. Давайце разам перагорнем старонкі памяці і ўспомнім знакавыя моманты 2025 года, якія зрабілі нас мацнейшымі, а наш агульны дом – больш утульным.

СТУДЗЕНЬ
На базе гадавальніка Петры-каўскага лясгаса пачалася рэалізацыя пілотнага праекта па вырошчванні цюльпанаў.
У мэжах рэспубліканскай акцыі “Нашы дзеці” аўтапарк Цэнтра па абслугоўванні бюджэтных арганізацый Петрыкаўскага раёна папоўніўся новым мікрааўтобусам на 16 месцаў вытворчасці “Брэстмаш”.
Дэлегацыя маладзёжнага савета пры Петрыкаўскім раённым Савеце дэпутатаў прыняла ўдзел у І злёце Маладзёжных саветаў Гомельскай вобласці.
Турыстычны аб’ект “Музей прыроды” ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” па выніках ХХІІ Рэспубліканскага турыстычнага конкурсу “Пазнай Беларусь” узнагароджаны дыпломам у намінацыі “Музей года”.
У раённым Доме культуры прайшоў раённы этап абласной патрыятычнай акцыі “Я за цябе сэрцам, Беларусь”.
На базе Петрыкаўскай сеткі публічных бібліятэк прайшла прэзентацыя зборнікаў паэтаў Петрыкаўшчыны “Па жыццёвых сцежках” Антаніны Рыбалка і “Думкі на паперы” Любові Арловай.
Навучэнцы Брынёўскай, Конкавіцкай, Мышанскай і Пціцкай сярэдніх школ з Рэспубліканскай канферэнцыі навучэнцаў “Першы крок у навуку” вярнуліся з дыпломамі.
Выязная пашыраная нарада па развіцці Прыпяцкага Палесся прайшла ў аграгарадку Ляскавічы пад старшынствам кіраўніка спраў Прэзідэнта, упаўнаважанага прадстаўніка Кіраўніка дзяржавы ў Гомельскай вобласці Юрыя Назарава. Удзел у нарадзе прынялі старшыня аблвыканкама Іван Крупко, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гомельскай вобласці Юрый Горлаў.
У краіне прайшлі выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. За Аляксандра Лукашэнку свае галасы аддалі 95,89% землякоў, што прынялі ўдзел у галасаванні.
На ІІІ этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах 5 вучняў устаноў адукацыі Петрыкаўшчыны прынеслі ў скарбонку раёна запаветныя ўзнагароды: Аляксандра Булава, Маргарыта Жукавец і Глеб Бурміч з гімназіі, Васіліса Слабадзянюк з першай гарадской і Мікалай Рабчанка з Курыціцкай сярэдняй школы.
Кіраўнік справамі Прэзідэнта Юрый Назараў, прымаючы ўдзел у выніковым студзеньскім пасяджэнні выканкама, уручыў Прэмію Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі выпускніцы гімназіі, студэнтцы факультэта міжнародных адносін БДУ Ганне Ганчар.

ЛЮТЫ
10-гадовы юбілей адзначыла аддзяленне комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і забеспячэння дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту пры Петрыкаўскім ТЦСАН.
На ХVІІ абласной канферэнцыі ТВВод у намінацыі “Лепшая раённая арганізацыя з колькасцю насельніцтва менш за 60 тысяч чалавек” петрыкаўскія выратавальнікі былі адзначаны дыпломам ІІ ступені.
На І Адкрытым абласным конкурсе выканаўцаў на баяне, акардэоне і гармоніку “ГАРМОNІХ” ансамбль “Прыпяцкія музыкі” ў складзе Данііла Шпігановіча і Міхаіла Шпака стаў лаўрэатам ІІІ ступені.
Старшынёй маладзёжнага савета пры раённым Савеце дэпутатаў абрана карэспандэнт установы “Рэдакцыя газеты “Петрыкаўскія навіны” Марыя Тамко.
Па выніках работы за 2024 год Петрыкаўскі раённы аддзел прымусовага выканання ў сваёй катэгорыі прызнаны лепшым у краіне.
Па выніках паказчыкаў службовай дзейнасці за мінулы год Петрыкаўскае аддзяленне Дэпартамента аховы ў сваёй катэгорыі прызнана лепшым у вобласці.

САКАВІК
Кіраўнік справамі Прэзідэнта Беларусі Юрый Назараў Ордэн Маці ўручыў матулі пецярых дзяцей Анжаліцы Пятровай.
Сярод лепшых школьнікаў краіны, якім у Дзень Канстытуцыі ўручыла пашпарт старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава – вучаніца гімназіі Паліна Ашарчук.
На Петрыкаўшчыне ўрачыста адкрыты станцыі абезжалезвання пітной вады ў населеных пунктах Муляраўка і Курыцічы.
На базе раённай бібліятэкі прайшла прэзентацыя зборніка вершаў Святланы Тарасевіч “Под куполом небесного зонта”.
У дзень памяці ахвяр Хатынскай трагедыі Петрыкаўшчына далучылася да абласной акцыі “Рака памяці”.

КРАСАВІК
Гімназістка Аляксандра Булава чарговы раз паспяхова выступіла на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах руская мова і літаратура – у скарбонцы навучэнкі дыплом І ступені.
На злёце перадавікоў званнем “Кіраўнік года” ганараваны дырэктар ЭЛПГ “Ляскавічы” ДПУ “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” Віталій Жогаль.
Петрыкаўскі раённы камітэт ГА “БРСМ” стаў пераможцам конкурсу на лепшы тэрытарыяльны камітэт абласной арганізацыі БРСМ сярод раёнаў з колькасцю моладзі да 5 тысяч чалавек.
На Петрыкаўшчыне прайшоў трохдзённы рэспубліканскі семінар па правядзенні пошукава-выратавальных работ у прыродных экасістэмах, на якім адпрацоўвалі алгарытм пошуку людзей.
Петрыкаўшчына далучылася да патрыятычнай акцыі “Алея Перамогі”, прымеркаванай да 80-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Актывісты палітычных партый і грамадскіх арганізацый высадзілі алеі на схіле каля РДК.
На пасаду дырэктара ААТ “Петрыкаўскі аграсэрвіс” назначаны Юрый Дзмітрыевіч Кастыронак.
На Петрыкаўшчыне прайшла добраахвотная рэспубліканская акцыя “Аднавім лясы разам”.

МАЙ
5-гадовы юбілей адзначыла ДУ “Цэнтр па абслугоўванні бюджэтных арганізацый Петрыкаўскага раёна”.
ДУА “Сярэдняя школа №1 г.Петрыкава” прысвоены ганаровы статус “Школа Міру”.
У межах народнага праекту “Салдацкая зорачка”, у райцэнтры, каля ўваходу на грамадзянскія могілкі, урачыста адкрыты інфармацыйна-памятны стэнд.
Раённая пярвічка БГА “Ветэраны фізічнай культуры і спорту” стала пераможцай VІІ абласной спартакіяды сярод ветэранаў і кіраўнікоў раённых ветэранскіх арганізацый ФКІС, прысвечанай 80-годдзю Вялікай Перамогі.
У Петрыкаўскай раённай арганізацыі Беларускага Чырвонага Крыжа новы лідар – Алена Трухановіч.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочым візітам наведаў аграгарадок Ляскавічы. Камандзіроўка Кіраўніка дзяржавы была прысвечана перспектыўнаму накірунку – вытворчасці драўняных паліўных гранул, пелет і сельскай гаспадарцы.
Пераможцам раённага этапу абласнога конкурсу “Лепшы работнік па штучным асемяненні буйной рагатай жывёлы” стаў Іван Брынявец з ААТ “Агра-Ляскавічы”.

ЧЭРВЕНЬ
Пераможцамі раённага этапу рэспубліканскага конкурсу “Уладар сяла-2025” стала шматдзетная сям’я Аляксея і Тамары Ёрш з Курыцічаў.
Чатырнаццаць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія дасягнулі высокіх вынікаў ў алімпіядным руху, сталі галоўнымі героямі раённага свята “Зорны Алімп-2025” і былі ўзнагароджаны падзякамі і грашовымі прэміямі райвыканкама.
Для 197 выпускнікоў устаноў адукацыі раёна празвінеў апошні званок. Сярод іх – 6 медалістаў.
У раённага аддзялення партыі “Белая Русь” новы лідар – Наталля Ходзька.
120 рабят з Магадана прайшлі курс санаторна-курортнага лячэння ў ДРАЦ “Пціч”.
Удзельнікаў абласнога праекта “Школа маладога кіраўніка” прымала аддзяленне “Петрыкаў” СУП “Палессе-Аграінвест”.
На базе ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Петрыкава” адкрыта памятная дошка ў гонар Героя Савецкага Саюза Аляксандра Ліпунова.
У памятны дзень вызвалення Петрыкаўшчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у Капаткевіцкай сярэдняй школе ўрачыста адкрыты школьны музей “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гадоў”.
У гарадскім пасёлку Капаткевічы ўрачыста адкрыты гарадскі стадыён.

ЛІПЕНЬ
На будынку Камаровіцкай сярэдняй школы па ініцыятыве раённага аддзялення партыі “Белая Русь” і пры фінансавай падтрымцы Петрыкаўскага ПМС, СУП “Палессе-Аграінвест”, ААТ “Чалюшчавічы” адкрыта памятная дошка ў гонар Герояў Савецкага Саюза Фёдара Малышава і Антона Даніліцкага.
У аграгарадках Лучыцы і Чалюшчавічы, вёсцы Вялікія Сялюцічы прайшлі Дні вёсак.
На ячменным палетку БК-АГРА ААТ “Чалюшчавічы” прайшоў абрад “Зажынкі” і дадзены старт уборачнай кампаніі.
Па ініцыятыве кіраўніцтва лясгаса ў райцэнтры на шматпавярховым жылым доме па вуліцы Камуністычнай з’явіўся мурал прыродаахоўнай тэматыкі.
ЖНІВЕНЬ
Экіпаж камбайна “КЗС-1218” з СУП “Палессе-Аграінвест” у складзе Віктара Сугрэя і Юрыя Махнаткіна першымі ў раёне намалацілі тысячу тон зерня.
У аграгарадках Навасёлкі і Конкавічы, гарадскім пасёлку Капаткевічы, вёсцы Капцэвічы прайшлі Дні вёсак.

ВЕРАСЕНЬ
Сёлета для 2825 школьнікаў і 712 выхаванцаў, у тым ліку 216 першакласнікаў, празвінеў першы званок 2025/2026 навучальнага года.
Раённае свята завяршэння жніва “Дажынкі-2025” прайшло ў аграгарадку Чалюшчавічы.
Напярэдадні прафесійнага свята аўтапарк Петрыкаўскага лясгаса папоўніўся новай тэхнікай: фарвардэрам “Амкадор 2662-01” і двума новымі МАЗамі сартыментавозамі.
На базе Петрыкаўскага лясгаса адкрылі новую экалагічную сцежку “Палескія далі”.
Дзень вёскі адсвяткавалі жыхары аграгарадкоў Курыцічы, Колкі, Камаровічы, Пціч, Бабунічы і вёсак Брынёў, Галубіца, Мышанка.
У моладзі Петрыкаўшчыны новы лідар – Дар’я Герасіменка.
Напярэдадні Дня народнага адзінства раённы Дом культуры стаў месцам правядзення адкрытай дыялогавай пляцоўкі ў межах грамадска-палітычнага марафону, ініцыіраванага кіраўніцтвам “Белай Русі”, “17 граняў адзінства”.
У сусветны Дзень без аўтамабіля на Петрыкаўшчыне ўрачыста адкрылі веласіпедную дарожку, якая злучыла райцэнтр і вёску Макарычы.
На пасаду дырэктара філіяла Петрыкаўскага ДРБУ-112 камунальнага праектна-рамонтнага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельаблдарбуд” назначаны Іван Хамец.
На пасаду начальніка Петрыкаў-скага раённага аддзела Гомельскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніц-тва назначана Алеся Ганчар.
На пасаду начальніка Муля-раўскага цэха вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельдругчармет” назначаны Мікалай Галеня.
У гасцінічным комплексе “Прыпяць” аграгарадка Ляскавічы пачаў працаваць саляны пакой і масажны кабінет.

КАСТРЫЧНІК
Узнагародай “За адданасць прафесіі-2024” на раённай урачыстасці з нагоды Дня настаўніка ганаравана загадчык Петрыкаўскага РВМК Марына Кульба.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка з рабочым візітам наведаў аграгарадок Ляскавічы.
Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з ходам мадэрнізацыі МТК “Ляскавічы” ААТ “Агра-Ляскавічы”.
На пасаду начальніка Петры-каўскай раённай энергагазінс-пекцыі назначаны Уладзіслаў Хамчук.
Дзень вёскі прайшоў у Макарычах.
Лепшай маладой сям’ёй Петрыкаў-шчыны стала шматдзетная сям’я Мікалая і Зінаіды Беламутавых.
У дзень Пакрова Прасвятой Багародзіцы на могілках у райцэнтры адбылося адкрыццё капліцы-помніка ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы.
У межах Тыдня бацькоўскай любові па вуліцы Прыпяцкай у райцэнтры быў закладзены Сквер сямейных дрэў.
Урачыста адкрыта новая крама “Капеечка” ЗАТ “Дабраном”.

ЛІСТАПАД
15-годдзе адзначыў дом сямейнага тыпу Тамары і Івана Якубенак.
У дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі ў райцэнтры ўрачыста адкрылі абноўлены будынак Дэпартамента аховы.
У Муляраўцы на пастаяннай аснове пачала працаваць станцыя тэхагляду.
На пасаду галоўнага санітарнага ўрача Петрыкаўскага раёна назначаны Віталій Рубіс.
ДУА “Сярэдняя школа №2 г.Петрыкава” адзначыла 60-гадовы юбілей.

СНЕЖАНЬ
На пасаду галоўнага ветэрынарнага ўрача Петрыкаўскага раёна назначаны Максім Мазуркевіч.
Дэлегацыя раёна прыняла ўдзел у другім пасяджэнні VІІ УНС.
Уведзены ў эксплуатацыю сучасныя жывёлагадоўчыя аб’екты на МТК “Ляскавічы” ААТ “Агра-Ляскавічы”.
Завершана будаўніцтва 24-кватэрнага жылога дома ў аграгарадку Ляскавічы.
Ключы ад арэнднага жылля па вуліцы Макаранка ўручаны супрацоўнікам РАНС.

Галіна КАЗАК.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о