Сёлетняя зіма з яе багатымі снегападамі многіх прымусіла змяніць звыклы рытм жыцця. Ёсць катэгорыя людзей, чыя прафесійная нагрузка ў час снежнай стыхіі павялічылася ў разы, а знаходжанне на рабоце па-за межамі звычайнага працоўнага графіка стала не выключэннем, а хутчэй правілам.

Сярод такіх – Валянціна Якубовіч, сацыяльны работнік з аграгарадка Пціч. Валянціна Аляксандраўна працуе ў дадзенай сферы больш за 27 гадоў. З яе слоў, за гэты час яна бачыла розныя зімы, але сёлетні студзеньскі снегапад, безумоўна, павялічыў аб’ём работы для работнікаў галіны.

Героі снежных дзён
– Але, ведаеце, гэта не стала для мяне, упэўнена, і маіх калег вялікай перашкодай у выкананні сваіх абавязкаў, ці невырашальнай задачай у барацьбе са стыхіяй. Наша праца – гэта не проста паслугі, а падтрымка і клопат пра людзей у розных сітуацыях. А дрэннае надвор’е, несумненна, узмацняе трывожнасць сталых і адзінокіх землякоў, – дзеліцца Валянціна Аляксандраўна.
Пад апекай жанчыны 11 жыхароў аграгарадка Пціч. У час інтэнсіўных снегападаў сваіх падапечных сацыяльны работнік наведвала па некалькі разоў на дзень. Кожны яе прыход пачынаўся з расчысткі снегу каля хаты, пасля ўжо ішла праца па распальванні грубак, дастаўцы неабходнага.
– У час дрэнных умоў надвор’я, са сваімі падапечнымі звязваюся па тэлефоне раніцаю і ўвечары, каб пераканацца, што ўсё ў парадку. І абавязкова – наведаць землякоў, – адзначае суразмоўца. – Для нас, сацыяльных работнікаў, няма дрэннага надвор’я ці нязручнага часу. Наш абавязак – быць побач з тымі, хто мае патрэбу ў дапамозе, падтрымцы і клопаце.

Героі снежных дзён
Вольга Лявонава – працуе больш за два гады ў аддзяленні паштовай сувязі № 1 горада Петрыкава. Яна, як і яе калегі, у час нядаўняй снежнай стыхіі праяўляла асаблівую адказнасць.
– У першы дзень цыклону “Улі” нашаму брату прыйшлося складана. Калі цэнтральныя вуліцы былі з раніцы расчышчаны ад снегу, то маленькія вулачкі чакалі свайго часу. Але падпісчыкі, дзе б не жылі, чакаюць часопісы і газеты, можа, яшчэ больш, чым у добрае надвор’е, – дзеліцца Вольга Леанідаўна. – Людзі старэйшага ўзросту менавіта з прэсы чэрпаюць актуальную інфармацыю. Заўважана, што ў дрэннае надвор’е цікавасць да друкаваных выданняў не змяншаецца, а ўзрастае.
Вольга Леанідаўна лічыць: хоць шлях паштальёна ў дні стыхіі становіцца значна цяжэйшым, у гэтым ёсць і свае прыемныя моманты.
– Затое як прыемна, калі людзі атрымоўваюць карэспандэнцыю з радасцю, бо, напэўна, думалі, што мы да іх не дабяромся, – усміхаецца паштальён. – Такія моманты шчырай удзячнасці – найлепшая ўзнагарода за нашу працу.
Гутарыла

Святлана СОБАЛЕВА, фота аўтара, з сацыяльных сетак ТЦСАН.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о