На гэтым тыдні Прэзідэнт сустрэўся з губернатарам Тульскай вобласці Дзмітрыем Міляевым. Апошні раз Аляксандр Лукашэнка сустракаўся з дэлегацыяй Тульскай вобласці ў Мінску больш за дзесяць гадоў таму. За гэты час, па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь і гэты расійскі рэгіён сур’ёзна крочылі наперад у плане супрацоўніцтва.

Гатовы да пашырэння супрацоўніцтва

“Двухбаковы тавараабарот за мінулыя два гады, нягледзячы ні на якія цяжкасці, а, можа, дзякуючы гэтым цяжкасцям, дасягнуў паказчыка ў паўмільярда долараў. Гэта  даволі вялікія аб’ёмы, улічваючы тое, што за 9 месяцаў бягучага года мы дадалі 37 % – каласальны рост. Таму мільярд долараў – планка не такая ўжо і высокая сёння для нас”, – задаў тон сустрэчы Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка засяродзіў увагу на шэрагу кірункаў, па якіх Беларусь і Тульская вобласць могуць паглыбіць супрацоўніцтва.

Вытворчая кааперацыя

“Акрамя чыстага прыбытку, трансферу тэхналогій, укаранення інавацый і забеспячэння тэхналагічнага суверэнітэту, яна вядзе да стварэння новых працоўных месцаў як у нашай краіне, так і ў вашым рэгіёне”, – адзначыў Прэзідэнт. Пры гэтым ён заўважыў, што новыя працоўныя месцы будуць са знакам якасці.

Адпаведны вопыт, як нагадаў беларускі лідар, ужо ёсць: у частцы вытворчасці спецтэхнікі рэалізуецца праект паміж Мінскім аўтамабільным заводам і аб’яднаннем “СПЛАВ”.

Пастаўкі беларускай тэхнікі

Прэзідэнт  праінфармаваны, што тульскай дэлегацыяй запланавана наведванне Мінскага аўтамабільнага завода. “Упэўнены, тэхніка МАЗ у вас знойдзе шырокае прымяненне, вы яе ведаеце”, – заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт пацвердзіў гатоўнасць удзельнічаць у праектах па мадэрнізацыі парка пасажырскай тэхнікі ў гэтым расійскім рэгіёне.

Навуковае  супрацоўніцтва

Яно, па словах Прэзідэнта, можа стаць вельмі перспектыўнай тэмай узаемных інтарэсаў. “У частцы распрацоўкі і вытворчасці хімічных кампанентаў, кампазітных матэрыялаў можам прапанаваць як узаемадзеянне з Інстытутам хіміі новых матэрыялаў Акадэміі навук Беларусі, так і кааперацыйныя адносіны з прадпрыемствам “Пеленг”, – канкрэтызаваў Аляксандр Лукашэнка. – Акажам пры неабходнасці садзейнічанне ў падрыхтоўцы прафесійных кадраў для гэтай галіны, калі ў вас да гэтага будзе цікавасць”.

Сельская гаспадарка

Прэзідэнт прапанаваў нарошчваць аб’ёмы паставак у Тульскую вобласць беларускіх прадуктаў харчавання, сельскагаспадарчай сыравіны. “Наша найноўшая тэхналагічная вытворчасць – “Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя”– прапануе высакаякасныя камбікармы, прэміксы і амінакіслоты, – дадаў ён. – Прадпрыемства “Белнасенне” валодае  неабходнымі рэсурсамі элітнага насення беларускай селекцыі”.

Айчынныя прадпрыемствы, як звярнуў увагу беларускі лідар, гатовы ўдзельнічаць і ў праектаванні і будаўніцтве жывёлагадоўчых комплексаў, прытым пад ключ.

Будаўніцтва

Прэзідэнт праінфармаваў, што нашы спецыялісты будуюць шматкватэрныя жылыя дамы ў Калузе, Варонежы, іншых рэгіёнах Расійскай Федэрацыі. У гэтым плане Беларусь гатова супрацоўнічаць і з Тульскай вобласцю.

Сфера жыллёва-камунальнай гаспадаркі

Вопытам работы ў гэтай сферы Беларусь таксама гатова падзяліцца, уключаючы пытанні водаачысткі, водаадвядзення.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ён агучыў толькі невялікае кола перспектыўных кірункаў супрацоўніцтва з Тульскай вобласцю, якое, па яго словах, не абмяжоўваецца абазначанымі тэмамі. Ён заўважыў, што падчас перагавораў ва ўрадзе з’явяцца новыя кірункі супрацоўніцтва і пытанні, якія зацікавяць абодва бакі.

У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка гарантаваў: тое, аб чым з Беларуссю дамовіцца Тульская вобласць, будзе выканана. “Мы людзі абавязковыя, – падкрэсліў Прэзідэнт. – І калі дамаўляемся, свае абавязацельствы выконваем”.

Пасля сустрэчы з беларускім лідарам дэлегацыя Тульскай вобласці наведала Мінскі аўтамабільны завод. Таксама на парадку дня – перагаворы з намеснікам прэм’ер-міністра Віктарам Каранкевічам, валейбольны матч паміж камандамі “Мінчанка” і “Туліца”. Запланавана, што ў рамках візіту тульская дэлегацыя пабывае і ў Кітайска-Беларускім індустрыяльным парку “Вялікі камень”.

Галіна КАЗАК. Фота БелТА.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о