У суботу ў аграгарадку Ляскавічы пройдзе значная культурная падзея гэтага лета – міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”, які ў VІІІ раз збярэ удзельнікаў і гасцей этнафэсту, знаўцаў і прыхільнікаў народных звычаяў, традыцый і промыслаў з усёй краіны і блізкага замежжа.
Напярэдадні свята мы сустрэліся са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Аляксандрам Верамеевым, каб пагаварыць пра значэнне фестывалю для Петрыкаўшчыны, сёлетнюю канцэпцыю яго правядзення і далейшыя перспектывы.
– Не сакрэт, што фестываль “Кліч Палесся” за час свайго існавання стаў прызнаным брэндам Прыпяцкага Палесся. Ведаюць яго і за мяжой.
Сваю гісторыю фестываль адлічвае з 2010 года, калі па ініцыятыве Прэзідэнта аграгарадок Ляскавічы стаў пляцоўкай правядзення этнафэсту палешукоў. Геаграфія ўдзельнікаў – гэта 8 раёнаў Гомельскай вобласці і 4 Брэсцкай. Што да гасцей, то колькасці іх штораз расце і гэта не можа не радаваць. Ды і сам аграгарадок за гэтыя гады стаў сімвалам добрасуседства, гасціннасці і шчырага сяброўства, – адзначыў у час размовы кіраўнік раёна.
Тое, што пляцоўкай правядзення фестывалю сталі Ляскавічы – невыпадкова, упэўнены Аляксандр Верамееў.
– Палеская зямля – даволі ўнікальны край: па сённяшні дзень яна застаецца скарбніцай старажытных абрадаў, рамёстваў і фальклору, а людзі, якія жывуць на гэтай зямлі, вызначаюцца сваёй працавітасцю, шчырасцю, асаблівай жыццёвай філасофіяй і мудрасцю, – падкрэсліў старшыня райвыканкама. –
Для нас, палешукоў, фестываль “Кліч Палесся” – гэта свайго роду пляцоўка для дэманстрацыі і папулярызацыі гістарычнай спадчыны продкаў. Менавіта тут ад захавальнікаў і носьбітаў традыцый можна даведацца пра абрады і рамёствы нашых продкаў, паўдзельнічаць у майстар-класах.
Не сакрэт, што арганізатары традыцыйна будуць радаваць гасцей маштабам і арыгінальнымі ідэямі. Тэма VІІІ фестывалю: “Беларускі год – святаў карагод”. У аснове канцэпцыі этнафэсту – традыцыі палешукоў: старажытныя святы і абрады, песні і танцы, легенды і паданні. Скарыстаўшыся такім рэжысёрскім фарматам, арганізатары абяцаюць гасцям сапраўдныя чароўныя пераўвасабленні: пераносячыся ў часе і прасторы, можна будзе “наведаць” разнастайныя каляндарна-абрадавыя святы ў розных кутках Палесся ў розны час года. Галоўная ідэя – падкрэсліць аўтэнтычнасць, самабытнасць, прыгажосць спрадвечных беларускіх традыцый.
– На кожным падворку, па задумцы рэжысёраў, госцям прадставяць абрад канкрэтнага рэгіёна. Упэўнены, што гэта будзе ярка, прыгожа, незабыўна.
Увогуле, за час існавання фестывалю змянілася многае: істотна пашыраны спіс конкурсаў і выстаў, традыцыйная фестывальная пляцоўка ператварылася ў гісторыка-этнаграфічны музей пад адкрытым небам з мноствам новых лакацый. Нязменнай застаецца галоўная ідэя свята – падтрымка і прапаганда жывых народных традыцый, – падзяліўся кіраўнік раёна.
Беларускія народныя традыцыі, упэўнены Аляксандр Аляксандравіч, не павінны знікнуць і памерці – гэта аснова нашай нацыянальнай ідэнтычнасці, мы павінны памятаць і падтрымліваць іх, перадаваць сучаснаму пакаленню.
– Фестываль абавязкова прыцягне ўвагу маладзі сваімі разнастайнымі інтэрактыўнымі лакацыямі. “Кліч Палесся” – гэта адзінства мінулага, сучаснага і будучыні.
Упэўнены, што і надалей наш фестываль будзе расці і развівацца: у беларусаў ёсць разуменне, што гэта ўсё надзвычай патрэбна нам. І гэта добра, бо калі ў чалавека няма цеснай сувязі з продкамі і разумення сваёй нацыянальнай прыналежнасці – у яго няма ні грамадзянскай свядомасці, ні ўласнай пазіцыі.
Што да перспектыў, то іх бачу ў пашырэнні турыстычнай прываблівасці раёна. Хацелася б, каб наш фестываль для гасцей стаў адпраўной кропкай пазнання Петрыкаўшчыны, каб людзі вярталіся да нас зноў і зноў. Турыстычны патэнцыял Петрыкаўшчыны даволі шырокі – нам ёсць што прапанаваць круглы год. Аднак, як вядома, лепш адзін раз пабачыць і паспрабаваць, чым сто разоў пра гэта пачуць, таму да сустрэчы на VІІІ Міжнародным фестывалі этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”!
Галіна КАЗАК. Фота Арцёма ГУСЕВА і з архіва «ПН».
Оставить комментарий