2 красавіка ў раённым Доме культуры адбыўся святочны канцэрт.
Беларусаў і расіян звязвае шматвяковае сяброўства, духоўныя каштоўнасці, а часта і проста сямейнае сваяцтва. Нас аб’ядноўвае супольная гісторыя. А сімвалам нашага моцнага сяброўства заўсёды будзе Дзень яднання народаў. Гэтая яркая падзея аб’яднала ганаровых гасцей і жыхароў горада, падкрэсліўшы моцныя брацкія сувязі паміж дзвюма краінамі. Дзяржаўныя Гімны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі далі старт святочнай праграме. Яркія і запальныя песні падарылі гледачам артысты вакальна-інструментальнага ансамбля. Саліст гурта – Максім Корбут, гітарыст і віртуоз сваёй справы – Аляксандр Пашук, сэрца каманды, барабаншчык – Вячаслаў Будзюхін, меладычны голас гэтага чалавека ведае кожны ў нашым раёне, вакаліст – Валянцін Буднік.
Заваяванне космасу, адзіная аграрная палітыка, развіццё ядзерных тэхналогій, агульная духоўна-маральная і культурная аснова, развіццё спорту, адзінства народа, абарона і бяспека дзяржавы – усё гэта аб’ядноўвае нашы краіны і пра ўсё гэта пастараліся расказаць у песнях артысты.
Выступленні музыкаў склаліся ў яркую цікавую праграму, якая падарыла выдатны настрой гасцям святочнага канцэрта. Усёй залай гледачы спявалі песню “Поверь в мечту” і ўсім вядомую кампазіцыю Юрыя Антонава “Трава у дома”. Скончыўся канцэрт на выдатнай ноце патрыятычнай песні “Родина-мать”, хочацца адзначыць, што на працягу ўсяго канцэрта музыкі ігралі ў жывую. Землякі пасля кожнага творчага нумара не скупіліся на апладысменты і воклічы “Брава”, выказваючы сваю ўдзячнасць і падзяку за выдатнае выкананне песень і музыкі.
Засталіся задаволеныя ўсе: і гледачы, і артысты.
Дзякуй за ваш талент, харызму і запал!
Марыя ТАМКО, фота аўтара.
Оставить комментарий