Галоўная якасць кожнага нашага працаўніка – павага і любоў да прыроды

0
697

Галоўная якасць кожнага нашага працаўніка –  павага і любоў да прыродыУ апошні дзень красавіка былі агучаны імёны лепшых людзей працы і працоўныя калектывы Петрыкаўшчыны, якія сабраліся ў раённым Доме культуры з нагоды традыцыйнага Злёту перадавікоў. Пачэснае месца на раённай Дошцы гонару заўсёды адводзілася асобе, якая ганаравана званнем Кіраўніка года. Па леташніх выніках такім чалавекам быў прызнаны генеральны дырэктар дзяржаўнай прыродаахоўнай установы “Нацыянальны парк “Прыпяцкі” Юрый Апановіч.

Часу для размовы з Юрыем Аляксандравічам было не так і багата. Яно і не дзіва, бо прыродаахоўная ўстановы ажыццяўляе выкананне задач розных напрамкаў, тым больш, што зараз для спецыялістаў нацыянальнага парку “Прыпяцкі” распачаўся найбольш актыўны перыяд.

– Большасць грамадзян Беларусі атаясамлівае “Прыпяцкі” з турыстычнай галіной і мы сапраўды прыкладаем шмат намаганняў, каб нашыя наведвальнікі мелі магчымасць дакрануцца да прыроды Палесся, атрымаць самыя лепшыя ўражанні ад баўлення часу ў натуральных умовах навакольнага асяроддзя і ацаніць камфортныя ўмовы пражывання і абслугоўвання. Разам з тым, не варта забывацца, што экалагічны турызм магчымы толькі пры належным узроўні лесагаспадарчай дзейнасці, бездакорным выкананні прыродаахоўных мер, а таксама пры якасных навуковых даследаваннях, накіраваных на вывучэнне экасістэмы. Яшчэ адзін з істотных напрамкаў нашай дзейнасці – дрэваапрацоўка, – пачаў размову Юрый Апановіч.

У гэтых галінах дзейнасці нацыянальнага парку працуюць звыш 1100-та чалавек, большасць з якіх занятыя ў справе лясной гаспадаркі – каля 400-т чалавек і дрэваапрацоўчай галіне – каля 450-ці працаўнікоў. Калі распавядаць пра Нацыянальны парк моваю лічбаў, паказчыкі за мінулы год выглядаюць сапраўды ўнушальнымі.

– Напрыканцы 2023 года мы зацвердзілі план кіравання Нацыянальным паркам. Гэты дакумент з’яўляецца, так бы мовіць, нашай канстытуцыяй, што вызначае праграму дзейнасці на бліжэйшыя 5 гадоў, для захавання, у першую чаргу, каштоўных біяцэнозаў – супольнасць розных формаў жыцця ва ўсёй сваёй разнастайнасці, што складаліся, фарміраваліся на нашай роднай зямлі працягам многіх стагоддзяў, – адзначыў Юрый Аляксандравіч.

Так, летась было створана каля 70 гектараў новай плошчы поймавых дубраў. Гэты ўнікальны ландшафт колісь быў дастаткова распаўсюджаны на тэрыторыі Еўропы, але з цягам часу з-за развіцця гаспадарчай дзейнасці чалавека падобных дубраў захавалася няшмат, асноўны масіў якіх зараз знаходзіцца менавіта на Палессі.

У будучыні плануецца, што тэрыторыя гэтага ўнікальнага краявіду будзе пашырацца як мінімум на 50 гектараў на год. Трэба адзначыць, што падобныя дубравы ствараюць асабісты анклаў для шэрагу відаў флоры і фаўны, а ў адносінах да басейну ракі Прыпяць сітуацыя становіцца яшчэ больш унікальнай, бо менавіта тут праходзіць своеасаблівае памежжа, дзе можна сустрэць яе паўночныя, так і паўднёвыя віды раслін і прадстаўнікоў жывёльнага свету. Таму, калі гаворка ідзе пра гэты біяцэноз, трэба разумець, што гэтая прыродная спадчына захоўваецца не толькі для будучых пакаленняў беларусаў, але, па вялікім рахунку, і для ўсяго сусветнага грамадства.

Немалая работа была зроблена і на адкрытых поймавых участках – працаўнікі нацпарку ў 2023 годзе выкасілі каля 1,5 тысяч гектараў плошчы, дзякуючы чаму гэтыя мясціны застаюцца прыдатнымі для гнездавання шэрагу відаў птушак. У адваротным выпадку тэрыторыя б парасла ракітаю і лазою, а відавая разнастайнасць значна б абяднела. Сянаж, якога кожны год нарыхтоўваецца “Прыпяцкім” ад 450-ці да 500-та тон, а таксама каля 350 тон зерневых культур ідуць на падкормку дзікай жывёлы ў самыя суровыя часы зімовага перыяду.

Адсюль і высокі інтарэс ды шчыльнае супрацоўніцтва з Нацыянальным паркам з боку навуковых устаноў, такіх як Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, у прыватнасці – Інстытутам эксперыментальнай батанікі НАН і іншымі. “Без абмену вопытам, без удзелу ў міжнародных праграмах зараз немагчыма працаваць у навуковым полі. У кастрычніку мы праводзілі VI-ю Міжнародную канферэнцыю “Маніторынг і ацэнка стану расліннага свету”, дзе ўзялі ўдзел больш 80-ці навукоўцаў з розных краін ад Беларусі і Расіі да Турцыі і Сербіі. Усе даследчыкі засталіся задаволены ўзроўнем навуковага форуму, таму і сёлета Нацыянальны парк “Прыпяцкі” стане пляцоўкай для работы XIII-га Міжнароднага навукова-практычнага і навучальнага семінару “Дынаміка, стан і маніторынг на асабліва ахоўваемых прыродных тэрыторыях”, які адбудзецца ўжо 21-24 мая.

Але большасць грамадзян ведае “Прыпяцкі” як установу, што адкрытая для турыстаў розных краін, якія жадаюць правесці час на ўлонні некранутай прыроды. Пасля пандэмійных часоў экспарт турыстычных паслуг, асабліва для рыбаловаў і паляўнічых з Расійскай Федэрацыі, пачаў прыносіць больш прыбытак.

– Каб прыцягнуць рыбакоў і паляўнічых мы ўдзельнічаем у дзвюх буйнейшых выставах “Паляванне і рабылка на Русі”, што дазволіла нам не толькі зацікавіць грамадзян з суседняй краіны, але і выканаць даведзены леташні план па экспарце паслуг на 234,9 %, адпаведна паказчыку 2022 года. Удзел у выставах у гэтым годзе таксама дае свой плён: многія паляўнічыя вяртаюцца да нас па 3-4 разы працягам года. Кожны з іх дзеліцца ўражаннямі і ўрэшце мы маем яшчэ большы попыт на свае паслугі. Мяркую, што гэта і ёсць самая лепшая рэклама і самая змястоўная адзнака нашай работы ў гэтым напрамку – людзям падабаюцца ўмовы, гасціннасць, камфорт, даступнасць. Таму і сёлета мы даволі годна плюсуем. Што тычыцца 2023 года, мы зарабілі на экспарце паслуг 232 тысячы долараў ЗША.

Пэўна, чытачоў цікавіць падрыхтоўка да міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый “Кліч Палесся”. Работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі і памяшканняў пачаліся са студзеня гэтага года. Зараз распачынаецца непасрэднае планаванне праграмы і ў жніўні мы будзем чакаць гасцей з усёй Беларусі і замежжа. Папрацаваць, вядома, трэба будзе добра, бо за ўтульнасцю і камфортам, прыгажосцю і дабрабытам заўсёды стаіць тытанічная праца нашых супрацоўнікаў, арганізатараў і артыстаў.

Зразумела, мы запыталіся і пра вопыт кіраўніцтва такой буйной установай, якая вырашае адразу некалькі істотных задач рознай накіраванасці. Захоўваць прыроду, арганізоўваць адпачынак, наладжваць доўгія лесагаспадарчыя гаспадарчыя ланцужкі – гэта толькі сціплы пералік штодзённых акалічнасцяў, якія пастаянна трэба трымаць на ўвазе.

– Я прыйшоў у Нацыянальны парк з лесагаспадарчай галіны і гэта была вельмі сур’ёзная, моцная школа. Папярэдняя праца мне вельмі дапамагла. Але ў “Прыпяцкім”, як вы разумееце, і маштабы буйнейшыя, і накіраванасць дзейнасці больш разнастайная. Падкрэслю, што галоўнае ў рабоце, па маім перакананні – любіць прыроду і ведаць асноўныя законы жыцця навакольнага асяроддзя. Без гэтага, як на пасадзе генеральнага дырэктара, так і іншых спецыялістаў у прыродаахоўнай установе рабіць, шчыра кажучы, няма чаго. Ну а ўвогуле, вельмі дапамагла зла-джаная каманда спецыялістаў, што тут працуюць і добра ведаюць сваю справу.

З першых дзён я пачаў грунтоўна вывучаць турыстычную справу. Ведаеце, тут таксама не ўсё проста, бо вельмі важная частка любой экскурсіі – выхаваўчая складаючая. Мы імкнемся паказваць не толькі прыгажосць прыроды, але і важнасць яе захавання, паважлівых адносін да навакольнага асяроддзя, – падзяліўся думкай Юрый Апановіч.

Зараз нацпарк рыхтуецца да адкрыцця рыбалоўнага і паляўнічага сезону, які надыходзіць пасля сканчэння забарон на лоўлю рыбы. Землякі чакаюць і будуць гасцінна вітаць гасцей з усёй краіны і бліжэйшага замежжа. Увогуле ж, за пазамінулы год “Прыпяцкі” наведала 134 тысячы чалавек, каля 40 тысяч з якіх завіталі на фестываль “Кліч Палесся”. У 2023 годзе атрымаць асалоду ад прыроды Нацыянальнага парку сюды накіравалася 131 тысяча наведвальнікаў.

Пажадаем калектыву прырода-ахоўнай установы моцнага здароўя і невычарпальнай энергіі, бо мы традыцыйна карыстаемся іх паслугамі, не заўважаючы, часам, якія велізарны комплекс работы штодня выконваюць спецыялісты для захавання нашага галоўнага скарбу – прыроды.

Арцём ГУСЕЎ, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о