Галоўнае – любоў да прадмета

0
429

Па выніках трэцяга (абласнога) этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах гімназісты атрымалі восем дыпломаў. А зусім хутка Дар’я Зенчанка і Аляксандра Булава будуць прадстаўляць Гомельшчыну на рэспубліканскім узроўні. Давайце пазнаёмімся з лідарамі алімпіяданага руху Петрыкаўшчыны бліжэй.

Героі нашага артыкула пастаянна пашыраюць свой інтэлектуальны кругагляд, спрабуюць сябе ў розных навучальных сферах. Іх працаздольнасці можа пазайздросціць нават дарослы.

Галоўнае – любоў да прадмета

Навучэнка 11 “Б” класа Аляксандра Булава не першы раз трапляе на старонкі нашай газеты. Нагадаем: у мінулым годзе Аляксандра прывезла на малую радзіму перамогу рэспубліканскага ўзроўню.

Вось і на гэты раз дзяўчына атрымала трыумфальную перамогу на абласным этапе і была ўзнагароджана дыпломам I ступені па вучэбных прадметах “Руская мова і руская літаратура” трэцяга этапа рэспубліканскай алімпіяды, кіраўнік – Людміла Мчэдлава.
Аляксандра ў ліку лепшых знаўцаў рускай мовы і літаратуры з году ў год дэманструесвае веды па гэтых навучальных прадметах. Рыхтаваць Аляксандру да алімпіяд Людміла Арсеньеўна пачала з 5 класа, як толькі стала выкладаць у яе гэты прадмет і заўважыла схільнасць дзяўчынкі да мовы і літаратуры. Практычна адразу вучаніца стала займаць прызавыя месцы на раённых і абласных этапах алімпіяд.

Цікавасць да ўсіх таямніц рускай мовы ў дзяўчынкі ўзрастала з кожным годам.
Людміла Арсеньеўна прызнаецца, такіх дзяцей, як Аляксандра, вельмі мала, дзяўчынка нават на перапынку заўсёды з кнігамі. Сустрэць такога стараннага вучня, гатовага ахвяраваць сваім вольным часам, – вялікі поспех для настаўніка. Поспех дзіцяці – гонар для педагога, стымул працаваць, павышаць сваю кваліфікацыю.

– Толькі гледзячы на вынікі сваіх навучэнцаў, я разумею, што мая праца не марная. Перамога – гэта ўзнагарода за старанні. У нашай гімназіі створаны ўсе ўмовы для развіцця інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу дзяцей. Ва ўстанове шануюць дасягненні кожнага навучэнца і педагога і ўсяляк заахвочваюць імкненне да перамогі, – дзеліцца Людміла Арсеньеўна.

Галоўнае – любоў да прадмета
Тандэм педагога і вучаніцы прывёў да творчых поспехаў

На Рэспубліканскім узроўні Гомельшчыну будзе прадстаўляць і Дар’я Зенчанка, навучэнка 8 “Б” класа гарадской гімназіі. З пятага класа Дар’я прасякнулася глыбокай любоўю да прадмета працоўнае навучанне, які стаў для яе не проста школьнай дысцыплінай, а і сапраўдным пакліканнем. Яе стараннасць і мэтанакіраванасць дзівяць. Як расказвае сама Дар’я, рэспубліканскі этап алімпіяды патрабаваў не толькі ведаў, але і карпатлівай працы. Адно з заданняў, напрыклад, заключалася ў стварэнні падстаўкі пад кубак – здавалася б, простая задача, але патрабуе высокай дакладнасці і цярпення.

Таццяна Філатава, педагог Дар’і, з гонарам адзначае ўнікальныя якасці сваёй вучаніцы:

– Дар’я валодае неверагоднай здольнасцю ўвасабляць ідэі ў жыццё. Можна сказаць, што мае вочы – гэта яе рукі, а мае думкі – яе дзеянні, – дзеліцца Таццяна Мікалаеўна. Вось яна, зладжаная праца і сапраўдны тандэм “настаўнік-вучань”, які прывёў да такіх значных поспехаў. Дар’я Зенчанка ўжо трэці год запар з’яўляецца актыўным удзельнікам і пераможцам алімпіяд рознага ўзроўню – ад раённых да абласных. У гэтым годзе яе талент і майстэрства былі адзначаны ў старэйшай групе, што сведчыць пра яе пастаянны рост і ўдасканаленне.

Поспех нашых гімназістаў – гэта яркае пацвярджэнне таго, што ўпартая праца, адданасць сваёй справе і падтрымка настаўніка здольныя тварыць сапраўдныя цуды. Віншуем адораных гімназістак і іх педагогаў і жадаем Дар’і і Аляксандры далейшых поспехаў на рэспубліканскім узроўні. Няхай іх талент працягвае ззяць, а імкненне да ведаў вядзе да новых вяршыняў!

Марыя ТАМКО, фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о