Чырвоны дыплом выпускніцы Маскоўскага СПТВ №171 адчыняў перад ёй шматлікія дзверы, але Алена Кратэнка абрала тую, што вяла дадому, і вось ужо 42 гады жанчына застаецца вернай не толькі абранай прафесіі, але і сваім землякам. Яна – нязменны касір-кантралёр Навасёлкаўскага аддзялення банка.

Прафесійнае жыццё нашай гераіні ахоплівае адразу некалькі эпох: ад савецкіх ашчадных кас з драўлянымі рахункамі да сучасных лічбавых сістэм.
Алена Міхайлаўна і сёння добра памятае свой першы працоўны дзень у далёкім 1983 годзе:
– Замест камп’ютараў былі падліковыя машынкі і папяровыя картатэкі. Мы ўсё лічылі на рахунках і запісвалі ўручную ў ашчадныя кніжкі. Рабочы дзень часта заканчваўся далёка па-за раскладам работы: пакуль унясем усё ў картатэкі – ужо і позні вечар за акном. Але галоўнае адрозненне не ў тэхніцы, а ў рытме – тады ўсё было павольна, а сёння банк – гэта велізарная хуткасць.
42 гады ў адной сферы – гэта рэдкая адданасць. Па словах нашай гераіні, дапамагае ёй не “выгарэць” і кожную раніцу з задавальненнем ісці на працу любоў да абранай прафесіі і да людзей:
– У аграгарадку ты не проста супрацоўнік ці работнік нейкай галіны, ты – сусед. За гэтыя гады маімі кліентамі былі некалькі пакаленняў сем’яў. Спачатку паслугамі карысталіся дзядулі, потым іх дзеці, а зараз абслугоўваю ўжо і ўнукаў, якія прыходзяць афармляць свае першыя карткі. Гэты давер і трымае ў тонусе.
Увогуле, у працы ў аграгарадку ёсць свае асаблівасці ў параўнанні з гарадскімі офісамі, дзе кліент часта ананімны, а ў нас стаўка робіцца на асабісты падыход. Вяскоўцам часам трэба не проста правесці аперацыю, а і растлумачыць усё простымі словамі, “па-чалавечы”. Нашы стасункі працягваюцца і па-за аддзяленнем банка: бывае, і пра ўраджай па дарозе спытаюць, і пра здароўе. Мы тут крыху і псіхолагі, і кансультанты па розных жыццёвых тэмах.
На пытанне ці змяніліся запыты жыхароў вёскі за гэтыя дзесяцігоддзі, наша гераіня адказала наступнае:
– Калі раней у асноўным адкрывалі ўклады “на кніжку”, то сёння нашы вяскоўцы даволі дасведачныя. Падключаем мабільны банкінг, афармляем страхоўкі, прымаем уклады. Жыццё ў аграгарадку зараз мала чым адрозніваецца ад гарадскога ў плане фінансаў.
Што да тэхнічнай навіны, якая за час работы ўразіла нашу гераіню больш за ўсё, то гэта з’яўленне банкаўскіх карт і магчымасць плаціць тэлефонам.
– Калісьці мы і ўявіць не маглі, што велізарны пачак грошай заменіць маленькі кавалачак пластыка або зусім “карцінка” ў мабільным дадатку. Пераход на лічбу быў няпростым, але вельмі цікавым этапам.
Нязменным пры гэтым застаецца адно – задаволены кліент, які сыходзіць ад акенца з усмешкай і словамі: “Дзякуй, выручылі!”, – дадала наша суразмоўца.
І гэта сапраўды так: тэхналогіі мяняюцца кожны год, але чалавечае стаўленне да кліента павінна заставацца нязменным “залатым стандартам”.
Працаваць “для сваіх” – гэта асаблівая адказнасць, якую Алена Кратэнка нясе з годнасцю, даказваючы кожны дзень: сапраўдная кар’ера будуецца на любові да сваёй справы і да людзей, якія жывуць побач.

Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о