Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Святлана Сянько на мінулым тыдні працавала на Петрыкаўшчыне.
Парламентарый правяла прамую тэлефонную лінію і прыём грамадзян, шэраг рабочых сустрэч з кіраўніцтвам раёна,у працоўных калектывах, з навучэнцамі ўстаноў адукацыі і працуючай моладдзю.
Пра тое, як Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя паўплывала на сусветную супальнасць і станаўленне сучаснай Беларусі, ішла размова на дыялогавых пляцоўках з удзелам навучэнцаў у другой гарадской школе і працуючай моладзі на базе раённай сеткі публічных бібліятэк.
Навучэнцы ўстановы адукацыі падрыхтавалі гістарычную даведку аб падзеях Вялікага Кастрычніка, відэафільм.
У форме дыялогу разгледзелі шэраг сацыяльных дасягненняў, якія мы маем дзякуючы Кастрычніцкай рэвалюцыі: з’яўленне беларускай дзяржаўнасці, раўнапраўе для ўсіх, увядзенне васьмігадзіннага працоўнага дня і шэраг іншых.
– Трактаваць рэвалюцыю можна па-рознаму, бо з аднаго боку – гэта крывавая падзея, якая каштавала шматлікіх ахвяр у ходзе наступнай грамадзянскай вайны, а з другога – зацвярджаліся новы светапарадак і іншыя формы адносін.Сёння наша краіна захоўвае прыхільнасць да заваяванняў Вялікага Кастрычніка, зберагаючы памяць пра тыя часы, – пазначыла Святлана Сянько.
У цэнтральнай раённай бібліятэцы да парламентарыя далучыліся старшыня Петрыкаўскага раённага Савета дэпутатаў Віталій Пілер і раённы лідар БРСМ Дар’я Туравец. Удзельнікі сустрэчы – прадстаўнікі працуючай моладзі розных сфер дзейнасці – актыўна ўключыліся ў дыялог па ўзнаўленні гістарычных фактаў, звязаныя з рэвалюцыйнымі падзеямі 1917 года, а таксама акрэслілі традыцыі свята, якія захаваліся па сённяшні дзень. Галоўная з іх – адкрыццё важных сацыяльных аб’ектаў, увод жылля, спартыўных і гандлёвых аб’ектаў, мастоў, участкаў дарог і іншыя. Маладыя людзі змаглі пачуць меркаванне старэйшага пакалення і абмяняцца сваімі ўражаннямі, змаглі задаць пытанні, якія іх цікавяць.
– У гісторыі чалавецтва ёсць нямала дат, якія змянілі становішча краін у свеце і жыццё мільёнаў людзей. Адна з іх – Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917 года, якая дала пачатак Савецкаму Саюзу – моцнай дзяржаве, якая выстаяла і перамагла ў гады Вялікай Айчыннай вайны, – звярнуўся да прысутных на сустрэчы Віталій Пілер. – Памятайце, менавіта гісторыя, падзеі і працэсы мінулых часоў даюць маладому пакаленню неабходны і карысны вопыт жыцця.
Сапраўды, нельга ствараць новы свет, ігнаруючы мінулае. Веданне гісторыі дапамагае зразумець сучаснасць, пазбегнуць памылак мінулага, знайсці адказ на надзённыя пытанні сучаснасці. Менавіта на ўроках гісторыі, як паказвае жыццё, мы і павінны вучыцца жыць, выхоўваць у моладзі інтарэс і павагу да гістарычнага мінулага краіны, да агульначалавечых каштоўнасцей: міру, дабрыні, справядлівасці, роўнасці, прыгажосці і свабоды.
Галіна КАЗАК.
Фота аўтара.
Оставить комментарий