Дзень духоўнага ачышчэння

0
1393

Вадохрышча – адно з самых вялікіх і любімых праваслаўнымі вернікамі святаў, галоўнай традыцыяй якога на працягу многіх стагоддзяў застаецца чын вадасвяцця.

На гарадскім пляжы № 1 у Петрыкаве абсталявалі купель з драўлянымі сходнямі і спецыяльнымі агароджамі ў вадзе. Пляцоўку вакол купеляў расчысцілі ад снегу, а па крузе аздобілі яе яловымі галінкамі. Недалёка ад месца купання абсталявалі палатку з гарачай гарбатай і піражкамі. Хоць ныраць у ледзяную ваду зусім не абавязкова, паводле хрысціянскіх канонаў, уся вада ў гэты дзень лічыцца святой, для многіх вернікаў гэта традыцыя.

Старт акунанням даў настаяцель храма Ушэсця Гасподняга айцец Дзмітрый. Ён правёў абрад асвячэння вады і павіншаваў усіх прысутных са святам Вадохрышча Гасподняга.

Гараджане дзяліліся, што яны прымаюць удзел у купанні, бо гэта такая традыцыя. Некаторыя маюць звычку гартавацца, іншыя адчуваюць прыліў сіл пасля акунання ў ваду. Былі і тыя, хто прыйшоў на набярэжную ўсёй сям’ёй. Цяперашняй зімой тэмпература далёкая ад чаканых 20-градусных маразоў, што дабаўляе настрою і рашучасці.

Так, былы супрацоўнік РАУС, пенсіянер Леанід Перапеча больш за 20 гадоў акунаецца ў купель. Па яго словах, стала ўжо абавязковым наведваць Прыпяць на Вадохрышча. Жонка і дачка, на жаль, не моцна падтрымліваюць, а вось сын акунаецца.
“Мы рыхтуемся да вадохрышча на працягу года, наведваем лазню, а пасля загартоўваемся ў халоднай вадзе ці ў снезе. Але сутнасць свята зусім не ў ледзяных абрадах, а ў духоўным ачышчэнні”.

“Для кожнага верніка – гэта святы дзень, а таксама гэта нагода аздаравіцца. Акунуцца ў купель – гэта магчымасць умацаваць свой дух, свой імунітэт, вытрымаць цяжкае выпрабаванне холадам. Мне дапамагае, я не пакутую ад прастудных захворванняў, радзей звяртаюся да ўрача. Дзяўчына мая ўжо другі год акунаецца і таксама не скардзіцца на здароўе”, – распавёў Дзмітрый Кавальскі, змацавальнік пад’ёмнага ўчастка на Петрыкаўскім рудаўпраўленні.

Наталля ПЕТРУШЭНКА.
Фота аўтара.

 

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о