Формула ідэальнага лета

0
67

Днямі карэспандэнты “ПН” наведалі палатачны спартыўна-аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем установы “Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа Петрыкаўскага раёна”. Як карысна сучасныя дзеці праводзяць дні без гаджэтаў і чаму вучацца ва ўмовах дзікай прыроды – у нашым матэрыяле.

Летнія канікулы – час не толькі для адпачынку, але і для ўмацавання здароўя, развіцця навыкаў і сапраўдных прыгод. Сёлета 25 выхаванцаў ДЮСШ адправіліся ва ўнікальны палатачны лагер кругласутачнага знаходжання, дзе сумяшчаюць спартыўныя трэніроўкі, турыстычныя паходы і заняткі на свежым паветры. Пагадзіцеся, што можа быць лепш у такія спякотныя, летнія дзянькі?
Рабяты размясціліся на трох стаянках. Тут яны могуць не толькі адпачыць на прыродзе, але і навучыцца быць самастойнымі, праверыць сваю сілу і цягавітасць у спартыўных спаборніцтвах. Кожны дзень у лагеры напоўнены актыўнымі відамі дзейнасці. Галоўны акцэнт – на спорт і здаровы лад жыцця.

Рабяты прымаюць удзел у эстафетах, гуляюць у футбол, валейбол, дартс, скачуць на скакалках, ёсць у дзяцей і настольныя гульні.
Асаблівая ўвага надаецца жыццю ў палявых умовах: устаноўка палатак, падрыхтоўка ежы на вогнішчы, захаванне чысціні і парадку ў лагеры.

– У асноўным у лагер залічаны выхаванцы ДЮСШ і дзеці, якія апынуліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі. Першы пункт у іх штодзённым распарадку – ранішняя зарадка. Затым яны ідуць на сняданак. Далей – спартыўныя заняткі, абед, спартыўныя спаборніцтвы, прагулкі на прыродзе.Таксама ў жніўні плануецца спартыўна-аздараўленчы лагер з дзённым знаходжаннем для спартсменаў – навучэнцаў установы, хто яшчэ не паспеў аздаравіцца гэтым летам, ёсць шанец запісацца, – распавёў Юрый Грэнка, начальнік палатачнага спартыўна-аздараўленчага лагера.


Арганізацыя палатачнага лагера – справа няпростая: патрабуецца ўладкаваць насцілы для палатак, душавыя, сталовую і медыцынскі пункт, а таксама забяспечыць штодзённую дастаўку пітной вады. Але менавіта такія ўмовы вучаць іх самастойнасці: рабяты дапамагаюць падтрымліваць парадак, удзельнічаюць у гаспадарчых справах і нават рыхтуюць простыя стравы на вогнішчы. Як адзначаюць трэнеры, гэта выхоўвае адказнасць і гуртуе дзяцей.


А яшчэ кожны вечар дзеці і дарослыя збіраюцца ля вогнішча, дзе спяваюць песні і расказваюць вясёлыя гісторыі. Пагутарыўшы з дзецьмі, зазірнуўшы ў іх шчаслівыя вочы, я зрабіла выснову: у лагеры ім вельмі падабаецца. Яшчэ б! Столькі сяброў, гульняў, побач заўсёды клапатлівыя трэнеры, смачная ежа, прыгатаваная на вогнішчы. Вось яно, сапраўднае лета!

Марыя ТАМКО,
фота аўтара.

Оставить комментарий

avatar
  Подписаться  
Уведомление о