5-6 чэрвеня Гомельшчына прымала V Форум медыйнай супольнасці Беларусі “Медыя сёння: фокус на праўду”.
Мерапрыемства стала цудоўнай нагодай амаль для тысячы прафесіяналаў медыяіндустрыі з усёй краіны аб’яднацца ў барацьбе за праўду, захаванне гістарычнай памяці, аб’ектыўнасць інфармацыі і стварэнне будучай медыяпрасторы разам.
На працягу двух дзён кіраўнікі СМІ, журналісты, блогеры і прэс-сакратары абменьваліся вопытам, абмяркоўвалі актуальныя тэндэнцыі ў медыясферы, блогінгу і PR-камунікацыях у межах панэльных дыскусій і пленарнага пасяджэння. Да ўсяго іншага ўдзельнікам была прапанавана насычаная культурная праграма: экскурсіі, візіты на вядучыя прадпрыемствы Гомельшчыны і іншыя мерапрыемствы.
Прывітанне ўдзельнікам V Форума медыйнай супольнасці Беларусі і ХХI Нацыянальнага конкурсу “Залатая Літара” накіраваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
– У эпоху постпраўды ваш форум з’яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для абмену вопытам, абмеркавання тэндэнцый і стратэгіі развіцця нацыянальнай інфармацыйнай прасторы, дае магчымасць па заслугах адзначыць уменні майстроў друкаванага слова.
Насычаная праграма і ўзнагароды “Залатой Літары” – выдатная магчымасць пашырыць прафесійныя гарызонты і ўкараніць перадавыя практыкі ў журналістыку Беларусі, – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Галоўнай падзеяй форуму стала ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў XXI Нацыянальнага конкурсу “Залатая літара”, які праводзіцца Міністэрствам інфармацыі ўжо больш за 20 гадоў.
У гэтым годзе на конкурс падалі рэкордную колькасць заявак у 25 намінацыях – больш за 440. Сярод пераможцаў і намінантаў і Гомельскія СМІ – рэдакцыя газеты “Гомельская праўда”, жлобінская раёнка “Новы дзень”, карпаратыўная газета Мазырскага нафтаперапрацоўчага зовода “Нафтавік”, рэдакцыя газеты “Гомельскія ведамасці», мазырская раённая газета “Жыццё Палесся” і кармянская “Зара над Сожам”. Віншуем калег з узнагародамі!
Уладзімір Пярцоў, першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта:
– Я бачу пэўны прагрэс у рабоце рэгіянальных рэдакцый, гэты прагрэс бачыць і ацэньвае Кіраўнік нашай дзяржавы. У вашых публікацыях няма фэйкаў, але ёсць тая вастрыня і праблематыка, якімі вы перахапілі ініцыятыву ў апазіцыйных, а па сутнасці, варожых інфармрэсурсаў, якія як вялі, так і вядуць сваю працу супраць нашай краіны.
Галіна КАЗАК, фота аўтара.
Оставить комментарий