У рабочым графіку старшыні райвыканкама – штотыднёвыя сустрэчы з працоўнымі калектывамі і насельніцтвам Петрыкаўшчыны. На гэтым тыдні кіраўнік раёна наведаў зарэчную зону і сустрэўся з жыхарамі вёскі Снядзін.
Пачалася сустрэча з інфармацыі старшыні Галубіцкага сельскага Савета Уладзіміра Аляксандрава пра стан спраў у зарэчнай зоне Савета. Як паведаміў старшыня, на тэрыторыі Савета зарэгістравана 122 чалавека, у той час, як фактычна пражывае 58: 41 чалавек у Снядзіне, 15 у Мардвіне і 2 у Беліне. Пераважная большасць жыхароў зарэчнай зоны – пенсіянеры, аднак ёсць і занятыя ў эканоміцы раёна снядзінцы, якія працуюць на мясцовым ФАПе, пошце, у магазіне, лясніцтве, на паромнай пераправе і сацыяльнымі работнікамі.
Што да арганізацыі жыцця-дзейнасці жыхароў зарэчнай зоны, то, па словах прысутных на сустрэчы, заўваг і асаблівых пытанняў няма: перасоўны пункт прыязджае па графіку і насычанасць таварамі ў мясцовай краме добрая. Пэўныя цяжкасці ў вяскоўцаў узнікаюць з завяршэннем навігацыйнага сезону, аднак яны не адчуваюць сябе пакінутымі і забытымі: зарэчная зона ў гэты перыяд абслугоўваецца суседнім Жыткавіцкім раёнам.
Сярод хвалюючых насельніцтва тэм – немагчымасць у часовых межах арганізаванага аўтобуснага рэйсу трапіць на прыём да вузкіх спецыялістаў УАЗ “Петрыкаўская ЦРБ”. Прысутны на сустрэчы галоўны ўрач райбальніцы Яўген Логвінец патлумачыў дзеючую сістэму заказу талонаў і параіў вяскоўцам пра плануемыя візіты ў ЦРБ загадзя папярэджваць свайго фельчара, тады можна будзе пакінуць для снядзінцаў талон у зручны час з улікам раскладу руху аўтобуса. Галоўная ўмова – загадзя. Што да звароту па вострым зубным болі, то нават пры адсутнасці талонаў, стаматолаг прымае.
Не абышлі вяскоўцы і “дарожнае” пытанне. Здаецца, дарогу ад Вышалава да паромнай пераправы абслугоўваюць рэгулярна на працягу года, аднак з улікам штогадовай паводкі гэтага недастаткова. Добра разумеючы шкодны ўплыў прыроднай стыхіі, жыхары вёскі Снядзін усё ж разлічваюць на правядзенне рамонтных работ на пазначаным участку дарогі.
Тлумачэнне землякам па ўзнятым пытанні даў старшыня сельвыканкама:
– У бліжэйшы час, як запэўніла кіраўніцтва дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка № 111, што знаходзіцца ў Тураве і ў чыім ведамстве ўсе дарогі зарэчнай зоны Галубіцкага сельвыканкама, пачнецца адгрузка шчэбеню і адсеву для правядзення капітальнага рамонту дарогі. Пры спрыяльных умовах надвор’я мерапрыемствы пачнуцца яшчэ ў бягучым годзе.
Такім чынам, канструктыўны дыялог у час сустрэчы дазволіў не толькі абмеркаваць, але і акрэсліць шляхі вырашэння хвалюючых пытанняў.
Як пазначыў у час размовы нашаму карэспандэнту старшыня райвыканкама Аляксандр Верамееў, карысць і важнасць сустрэч з насельніцтвам можна пазначыць адным толькі фактам: пераважная большасць узнятых пытанняў вырашаецца на месцы, таму падобны фармат узаемадзеяння будзе працягнуты.
Галіна КАЗАК. Фота аўтара.
Оставить комментарий